Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлін жадае, каб Беларусь наблізілася да дэмакратычнай Эўропы


Радыё Свабода “Нямеччына жадае набліжэньня Беларусі да дэмакратычнай Эўропай і разам з партнэрамі з Эўразьвязу гатовая падтрымаць Беларусь на гэтым шляху”, — заявіў міністар замежных справаў ФРН доктар Франк-Вальтэр Штайнмаер падчас сустрэчы зь лідэрам беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам ўчора ў Бэрліне. Сёньня нямецкае замежнапалітычнае ведамства распаўсюдзіла з гэтай нагоды адмысловы прэсавы рэліз.

Паведамляецца, што ў часе размовы зь Мілінкевічам міністар Штайнмаер падкрэсьліў “нямецкі і эўрапейскі інтарэс да вольных і празрыстых выбараў у Беларусі, якія б давалі аднолькавыя шанцы ўсім кандыдатам на пасаду прэзыдэнта”. Фэдэральны міністар таксама вітаў рашэньне беларускага ўраду запрасіць на выбары міжнародных назіральнікаў. Паводле ягоных словаў, “Нямеччына таксама будзе браць удзел у гэтай місіі назіраньня”.

У часе сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам Франк-Вальтэр Штайнмаер пацікавіўся актуальнай сытуацыяй у Беларусі, пры гэтым асаблівая ўвага была нададзена пытаньням СМІ і грамадзянскай супольнасьці.

Кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Нямеччыны падкрэсьліў далейшую “зацікаўленасьць Бэрліна ў разьвіцьці добрых і шырокіх дачыненьняў зь Беларусьсю”. Таксама была зьвернута ўвага і на значэньне “добрых стасункаў паміж Беларусьсю і Расеяй”, важнасьць якіх разумее і Мілінкевіч.

Тым часам вядучыя нямецкія экспэрты ў беларускім пытаньні адзначаюць новыя акцэнты ў нямецка-беларускіх дачыненьнях. Паводле палітоляга Райнэра Лінднэра, цяпер “можна гаварыць ня толькі пра зьмену тону, але і дачыненьняў з усходнімі суседзямі”.

Пра гэтыя зьмены піша сёньня амэрыканская “International Herald Tribune” у артыкуле “Мэркель выконвае абяцаньні і паварочваецца на Ўсход”. Як вынікае з публікацыі, літаральна праз дванаццаць тыдняў пасьля прыходу Ангелы Мэркель на пасаду бундэсканцлера, усходняя нямецкая палітыка была пераарыентаваная на краіны былога савецкага блёку.

Камэнтуючы ўчорашнюю бэрлінскую сустрэчу Ангелы Мэркель і дэлегацыі беларускай апазыцыі на чале з Аляксандрам Мілінкевічам,“International Herald Tribune” прыводзіць меркаваньне аднаго зь яе удзельнікаў Анатоля Лябедзькі: нарэшце Бэрлін заняў акрэсьленую пазыцыю адносна Беларусі. Паводле Лябедзькі, Нямеччына “як найбуйнейшая і самая важная краіна Эўропы можа ўплываць на палітыку Эўразьвязу і будаваць свае дачыненьні з Расеяй больш збалянсавана. Мэркель зь вялікай гатовасьцю будзе выступаць у абарону нашых інтарэсаў. Адрозна ад Шродэра, яна не называе Пуціна “маім сябрам Валодзем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG