Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як А.Казулін ацэньвае візыт А.Мілінкевіча ў Эўропу?


Радыё Свабода Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнцкіх выбарах лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін сёньня станоўча ацаніў вынікі эўрапейскага турнэ свайго магчымага суперніка Аляксандра Мілінкевіча, плён ягоных сустрэчаў на найвышэйшым узроўні ў Брусэлі і Бэрліне. Аляксандар Казулін таксама выказаўся наконт перамоваў з Аляксандрам Мілінкевічам.

Лідэр БСДП “Грамада” Аляксандар Казулін заявіў, што цяпер у ягоную каманду інтэгруюцца перадвыбарчыя штабы Сяргея Скрабца і Валерыя Фралова, і ён мяркуе, што будзе сфармаваная “сур’ёзная кааліцыя левага цэнтру”. Пры гэтым спадар Казулін прызнаў, што гатовы на любыя перамовы і кампрамісы з камандай кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, але “не віртуальныя”:

(Казулін: ) “Жыцьцё ўсё ставіць на месцы. Мы сёньня даказалі, што мы раўназначныя і роўнавялікія сілы, і з гэтым трэба проста лічыцца. Ня можа тут быць нейкіх амбіцыяў, што ты некаму абавязаны. Ты можаш быць абавязаны толькі свайму ўласнаму народу і тым паплечнікам, якія цябе атачаюць”.

Пры гэтым спадар Казулін станоўча ацаніў вынікі візыту Аляксандра Мілінкевіча ў краіны Эўразьвязу:

(Казулін: ) “Я вельмі рады за Аляксандра Ўладзімеравіча, прычым шчыра, што ёсьць такі ўзровень кантактаў. Гэта ўзбагачае і яго самога, і беларускі народ”.

Спадар Казулін прызнаў, што лёс Беларусі вызначаецца не ў Брусэлі, а ў самой краіне, аднак сам факт такіх сустрэчаў у Эўропе сьведчыць, што гэта ўвага не да Мілінкевіча, а да Беларусі: як толькі зьявіўся новы чалавек на высокім палітычным узроўні ў Беларусі, усе эўрапейскія дзьверы перад ім адчыніліся, зазначыў спадар Казулін.

(Казулін: ) “Гэта вельмі паказальна, і гэта вельмі прыемна, што Эўропа, эўрапейцы так паважліва, з такой цеплынёй ставяцца да народу Беларусі”.

Аляксандар Казулін заявіў, што той узровень кантактаў, які спадар Мілінкевіч меў у Эўропе, “Лукашэнку і ня сьніўся” за ўсе дванаццаць гадоў ягонага кіраваньня, паколькі ў яго была толькі адна сустрэча з прэзыдэнтам Францыі на самым пачатку ягонай прэзыдэнцкай кар’еры. Зь візыту Мілінкевіча ў Эўропу беларусам трэба зрабіць высновы, перакананы спадар Казулін:

(Казулін: ) “Праблема не ў краіне і народзе, бо і краіну, і народ гатовыя вітаць і падтрымліваць усе, на самым высокім узроўні. Праблема проста ў адной асобна ўзятай асобе, якая сёньня робіць зь Беларусі ізгоя, шукае сабе ворагаў — прычым, шукае іх сьвядома”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG