Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Эўропа ня бачыць нас па-за эўрапейскай супольнасьцю”


Уладзімер Глод, Менск На мінулым тыдні патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся з высокапастаўленымі эўрапейскімі палітыкамі ў Страсбуры, Брусэлі й Бэрліне. Сваімі ўражаньнямі ад гэтых паездак беларускі палітык падзяліўся з карэспандэнтам “Свабоды”.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што вынікі перамоваў у Эўропе пераўзышлі ўсе ягоныя спадзяваньні. Паводле назіраньняў палітыка, Эўразьвяз расчараваны тым, што спробы наладзіць дачыненьні з афіцыйнымі беларускімі ўладамі аказаліся безвыніковымі:

(Мілінкевіч: ) “Ён ставіць адназначна на аб’яднаную дэмакратычную кааліцыю. Яны ўжо расчараваліся цалкам і канчаткова з магчымасьцяў кантактаваць з уладаю. Яны ня бачаць сэнсу далей. І таму бачаць пэрспэктыву толькі ў дэмакратычных сілах”.

(Карэспандэнт: ) “Старшыня Эўракамісіі Мануэл Барозу казаў вам, што Эўропе трэба выпрацаваць спэцыяльны падыход да Беларусі. Пра гэта эўрапейцаў неаднаразова прасілі раней лідэры палітычнай апазыцыі. Ці ёсьць спадзяваньні, што эўрапейская супольнасьць прыслухаецца да гэтых заклікаў?”

(Мілінкевіч: ) “Увесь час на ўсіх сустрэчах мы казалі пра тое, што падыход да Беларусі мусіць быць гнуткім. Таму што мы ўсё ж дыктатура, а не дэмакратыі, зь якімі яны выдатна працуюць. І мы казалі пра тое, якімі павінны быць прыярытэты, пра тое, як яны могуць нам дапамагчы на выбарах. Гэта цэлы комплекс задачаў — кароткатэрміновых і на доўгі тэрмін. Іх не спыніць дата 19 сакавіка, чым бы выбары ні скончыліся”.

Я спытаў спадара Мілінкевіча, ці можна, на ягоную думку, спадзявацца, што з часам Беларусь далучыцца да аб’яднанай Эўропы? Пасьля сваіх перамоваў у эўрапейскіх краінах Аляксандар Мілінкевіч у гэтым упэўнены. А асабліва яго цешыць, што такой думкі прытрымліваюцца і эўрапейскія ўплывовыя палітыкі:

(Мілінкевіч: ) “Усе разумеюць, што мы — эўрапейцы з выдатнай эўрапейскай гісторыяй. І што для нас інтэграцыя ў Эўропу — вельмі важная задача на ўсе стагодзьдзі, назаўжды. Хаця гэта і не такі лёгкі шлях. Яны ўвесь час падкрэсьлівалі, што ня бачаць нас па-за эўрапейскай супольнасьцю”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Мілінкевіч, наступны ваш візыт — у Маскву. Атрымліваецца, пасьля Захаду — адразу на Ўсход?”

(Мілінкевіч: ) “Мы працуем на тое, каб атрымаць падтрымку ў Маскве. Яшчэ раз скажу, што мы хочам гэта зрабіць і будзем рабіць. Але не адразу Масква мяняецца. Як яна не адразу і будавалася”.
XS
SM
MD
LG