Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія пляны што да эканомікі ў патэнцыйных кандыдатаў?


Радыё Свабода Аляксандар Лукашэнка актыўна рэклямуе сваю так званую “новую пяцігодку”. Ён абяцае небывалы рост унутранага валавага прадукта, стабільнасьць, а таксама высокія заробкі. Праз пяць гадоў спадар Лукашэнка абяцае падняць сярэдні заробак да 500 даляраў у месяц.

Фактычна, гэта штогадовы рост прыкладна на 50 даляраў. Аляксандар Лукашэнка хваліцца, маўляў, Беларусь першай з былых савецкіх рэспублік дасягнула ўзроўню разьвіцьця савецкага пэрыяду. Але і сам прызнаецца, што “вырабляем значна болей, чым за савецкім часам, а жывем небагата”. Прычынай таму - стратная эканоміка. Да прыкладу, адным з прыярытэтаў мінулай перадвыбарчай праграмы было жыльлё. І спадар Лукашэнка робіць выснову, што больш за 400 тысяч стаяць у чэргах на атрыманьне і паляпшэньне жыльля. А што абяцаюць людзям у сфэры эканомікі прэтэндэнты ў кандыдаты?

Сяргей Гайдукевіч адмовіўся ад усялякіх інтэрвію да рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Але раней заявіў, што ягоная праграма будзе адрозьнівацца ад праграмы спадара Лукашэнкі. Стабільнасьці ў грамадзтве спадар Гайдукевіч мяркуе дамагацца іншымі мэтадамі. Асноўныя прыярытэты – рынак, прыватная ўласнасьць на зямлю. Спадар Гайдукевіч пра сваю эканамічную плятформу.

(Гайдукевіч: ) “Спадзяюся, пахвалімся. Там і прафэсар Дадалка, вельмі знакаміты чалавек. Мы з ім узгаднялі сустрэчу яшчэ з двума кандыдатамі навук. У нас ішла вялікая палеміка ў аграрным пытаньні з Дадалка, які прыехаў з Масквы. У яго ж кніга выпушачна “Эканоміка Беларусі”.

Паводле спадара Гайдукевіча, цягам месяца ягоную плятформу распрацоўваў эканамічны аддзел на падставе праграмы партыі. Адзін з заснавальнікаў лібэральна-дэмакратычнага руху Аляксандар Рабатай вельмі скептычна глядзіць на магчымасьці спадара Гайдукевіча.

(Рабатай: ) “Я буду вельмі зьдзіўлены, калі там будзе нейкая праграма. Яна ў прынцыпе ня можа быць. Таму што там няма сацыяльнай базы. Там няма ідэй, там няма нічога. Сяргей Гайдукевіч сёньня выконвае ролю Жырыноўскага, толькі зь беларускай спэцыфікай. Чалавек, які імкнецца рэалізаваць свае нейкія інтарэсы”.

Аляксандар Казулін кажа, што ён вучоны і ведае аб’ектыўныя законы, якімі будзе кіравацца.

(Казулін: ) “ Трэба зрабіць эканоміку цывілізаванай. Яна ў нас сёньня калгасна-савецкая. І калі мы радуемся посьпехам, то мы радуемся посьпехам мінулага, то есьць посьпехам разьвітога сацыялізму. А зараз трэба рэйкі эканомікі разьвярнуць у бок цывілізаванага шляху”.

Першае, што абяцае зрабіць спадар Казулін – гэта аддаць ва ўласнасьць грамадзянам іх зямельныя ўчасткі на лецішчах і сядзібах.

(Казулін: ) “Я лічу, што ў краіне павінны з’явіцца ўласьнікі. Зь зямлёй гэта пытаньне больш сур’ёзнае, але і на зямлі павінен з’явіцца гаспадар. Дыктат дзяржавы адносна суб’ектаў гаспадараньня мусіць быць зьнішчаны. Нашаму беларусу трэба толькі даць ініцыятыву і не перашкаджаць яму. Ён сам усяго даб’ецца”.

Спадар Казулін кажа, што мае ўчастак у Астрашыцкім гарадку, але там нічога няма. А як ён ставіцца да абяцаных спадаром Лукашэнкам заробкаў?

(Казулін: ) “Як ён можа даць большыя заробкі, калі ён ужо ўсё праеў. Ён праеў усё, што было ў былой БССР”.

Аляксандар Мілінкевіч называе чыстым піярам абяцаны спадаром Лукашэнкам заробак. Сябра каманды кандыдата аб’яднанай апазыцыі былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч зрабіў просты арытмэтычны падлік.

(Багданкевіч: ) “Цяперашнія заробкі ў 250 даляраў, калі пералічыць на рост цэн за апошнія пяць гадоў, то гэты заробак у эквіваленце, роўны 100 далярам 2001 году. На самай справе - гэтая балбатня, што мы выйшлі на нейкі высокі заробак, нічога ня вартая. Ён недзе спыніўся ўжо даўно”.

Паводле спадара Багданкевіча, праграма кандыдата аб’яднанай апазыцыі па іншым расстаўляе акцэнты. Да прыкладу, мяркуецца скарачэньне выдаткаў на ўтрыманьне бюракратыі, павелічэньне дапамогі пры нараджэньні дзіцяці і павелічэньне пэнсіі да 60 працэнтаў да сярэдняга ўзроўню заробкаў. Таксама плянуецца ажыцьцявіць агульнанацыянальную праграму забесьпячэньня жыльлём. На гэтыя мэты пойдуць грошы ад прыватызацыі. Акцэнт зроблены ня столькі на прыватызацыю, але на падтрымку малога і сярэдняга бізнэсу.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Самы галоўны блёк – гэта здаровая сям’я, гэта вырашэньне дэмаграфічнай праблемы. Таму што, калі будзе чалавечы рэсурс, чалавечы патэнцыял, то можна вырашаць і астатнія пытаньні, як падымаць эканоміку, як прыцягваць інвэстыцыі”.
XS
SM
MD
LG