Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Воршы шле каву ў капэртах работнікам ЖКС


Радыё Свабода Агляд незалежнага друку 3 лютага

"Витебский курьер" паведамляе кур’ёзную гісторыю. У Воршы супрацоўніцы пошты навобмацак выявілі ў некалькіх капэртах парашок. Усе лісты са зваротным адрасам былі адрасаваныя кіраўнікам жыльлёва-камунальных службаў, намесьнікам старшыні гарвыканкаму. Паштавікі ўстрывожыліся, і да іх хуценька прыехалі міліцыя, МНС, КГБ, хуткая дапамога... Людзей эвакуіравалі, а парашок даставілі на экспэртызу. Аказалася, гэта былі ня споры сібірскай язвы і не атрута, а звычайная распушчальная кава. Такім нестандартным спосабам грамадзянін спрабаваў прыцягнуць увагу чыноўнікаў да праблемаў жыхароў мікрараёну, і нават запрашаў іх на кубачак кавы.

“Брестская газета” піша, што летась у гаспадарчым судзе Берасьцейскай вобласьці былі заведзены 122 справы пра эканамічную няздатнасьць суб’ектаў гаспадараньня. Гэта амаль у 6 разоў больш, чым у 2004 годзе. Летась 68 прадпрыемстваў Берасьцейшчыны прайшлі працэдуру банкруцтва.

Пінскія вэртыкальнікі будуць кантраляваць усю рэкляму ў горадзе, паведамляе “Местное время”. Нагляд даручаны гарадзкой тэлерадыёкампаніі якая належыць гарвыканкаму. Усе носьбіты рэклямнай інфармацыі павінны мець адмысловы пашпарт. Распавядае журналіст Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) “Пашпарт будзе каштаваць 25 эўра. Акрамя гэтага, рэклямадаўцы павінны заплаціць да 40 эўра за кожную адзінку рэклямнай прадукцыі. Як адзначыў адзін зь пінскіх прадпрымальнікаў, на шляху бізнэсу ўзьнікае чарговая фінансава-бюракратычная сьцяна, за якую трэба плаціць грошы”.

Менскія выратавальнікі зьнялі з крыгі бяздомную аўчарку. Прычым, цягам двух дзён сабаку спрабавалі вызваліць з лядовага палону дзеці, рызыкуючы праваліцца пад лёд. Потым аўчарку намагаўся выратаваць супрацоўнік камунальнай службы, але сам трапіў у ваду. Маёру МНС Рыгору Шаплыку давялося выратоўваць і мужчыну, і сабаку. Але пра “хэпі-энд” казаць рана: зараз аўчарка знаходзіцца ў часовым пункце ўтрыманьня жывёлінаў. Калі да панядзелка ня знойдзецца гаспадар, яе ўсыпяць, піша “Камсамолка”.
XS
SM
MD
LG