Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дапамогаю Інтэрнэту ўжо замуж ня выйдзеш?


Радыё Свабода Трэці месяц у Беларусі дзейнічае новы дэкрэт аб прадухіленьні гандлю людзьмі. Як вядома, пасьля падпісаньня гэтага нарматыўнага акту ўскладніліся ўмовы працы для шлюбных агенцыяў дый проста сайтаў знаёмстваў. Што цяпер рабіць беларусам, якія хочуць наладзіць сваё асабістае жыцьцё?

Дэкрэт “Пра некаторыя захады пра прадухіленьне гандлю людзьмі”, як вядома, абавязвае ўладальнікаў звычайных сайтаў знаёмстваў мець ліцэнзію шлюбнай агенцыі з даволі жорсткімі патрабаваньнямі. Як з гэтай сытуацыі выходзяць шматлікія сайты, кшталту mara.by?

Патрабаваньне мець ліцэнзію тычыцца толькі кампаніяў, што трымаюць свае сайты. Звычайны энтузіяст такі дазвол атрымліваць не абавязаны, тлумачыць адзін са стваральнікаў сайту mara.by Фёдар Караленка.

(Караленка: ) “Якая можа быць ліцэнзія ў простага чалавека, які ўвечары ў вольны час займаецца гэтымі сайтамі? Нічога ня зьменіцца. Ніхто гэтую ліцэнзію ня будзе атрымліваць, бо гэта абсурд – гэта не ягоны бізнэс, гэта ягонае хобі – вось і ўсё!”

Дырэктар кампаніі “Надзейныя сыстэмы” Юры Зісер, якому належыць партал tut.by, аднак цьвердзіць: неўзабаве дзяржава дабярэцца й да такіх “інтэрнэт-энтузіястаў”. На tut.by ужо трэці месяц не працуе сэрвіс love.tut.by. Са словаў спадара Зісера, пасьля закрыцьця сэрвісу ў офіс кампаніі тэлефанавалі абураныя карыстальнікі й рэклямадаўцы. Аднак аднаўляць сэрвіс на tut.by не зьбіраюцца: хоць кампанія “Надзейныя сыстэмы” ліцэнзію шлюбнай агенцыі набыць можа, аднак выканаць ліцэнзійныя патрабаваньні ня здолее, перакананы Юры Зісер.

(Зісер: ) “Там ёсьць пункты, якія ў інтэрнэце папросту невыканальныя. Напрыклад, там напісана, што мы павінныя залучыць дамову з кожнай краінай сьвету, зь якой могуць зьвяртацца прэтэндэнты. Але мы ня можам залучыць дамовы са шлюбнымі агенцыямі 200 краінаў сьвету!”

Маладая настаўніца Жанна лічыць для сябе інтэрнэт асноўным сродкам знаёмства. Пасьля таго, як пачаў дзейнічаць дэкрэт пра прадухіленьне гандлю людзьмі, разьмяшчаць звычайныя абвесткі пра знаёмства стала цяжэй, кажа яна. Love.tut.by зачыніўся, flirt.by перастаў даваць у анкетах электронныя адрасы, нават зарэгістраваным карыстальнікам.

Такія захады Жанна лічыць абмежаваньнем сваёй грамадзянскай свабоды.

(Жанна: ) “Я мяркую, з пункту гледжаньня прадухіленьня гандлю людзьмі гэта абсалютна неэфэктыўны і нават бязглузды захад. Бо на беларускіх сайтах людзі сапраўды хочуць пазнаёміцца й неяк наладзіць сваё асабістае жыцьцё. А праваахоўным органам, калі яны сапраўды хочуць змагацца з гандлем людзьмі, трэба больш старанна кантраляваць і правяраць тыя абвесткі, якія прапануюць працу за мяжой у якасьці танцорак, афіцыянтак, нянек, мэдсясьцёр ды іншых”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG