Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны ЗША: "Вайна з тэрарыстамі будзе доўгай"


Радыё Свабода Злучаныя Штаты дамагліся пэўных посьпехаў у барацьбе з тэрарызмам, - заявіў у часе сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд. Аднак ён прызнаў, што цяпер пагроза тэрарызму можа быць яшчэ страшнейшай, паколькі ў тэрарыстаў ёсьць значна больш небясьпечная зброя.

Дональд Рамсфэльд канстатаваў, што пасьля 11 верасьня 2001 году не было ніякіх тэрарыстычных нападаў у ЗША. І гэта дзякуючы высілкам амэрыканскага міністэрства абароны і выведных службаў. Аднак, - падкрэсьліў кіраўнік Пэнтагону, - нельга заспакойвацца, бо “Аль-Кайда” і іншыя экстрэмісцкія групоўкі сёньня небясьпечныя, як ніколі раней. І ня столькі ў Іраку ці Аўганістане, колькі ў ЗША і сталіцах заходніх краінаў.

(Рамсфэльд: ) “Яны нелегальна працуюць у інтэрнэце, у школах і мэдрэсэ, дзейнічаюць праз падстаўныя дабрачынныя ўстановы і неіснуючыя кампаніі, з падробленымі пашпартамі і фальшывымі пасьведчаньнямі. Вось таму, што яны застаюцца ў цені, у доўгім чаканьні зручнага моманту дзеля нападу, і існуе недаацэнка пагрозы зь іхнага боку”.

Рамсфэльд сказаў, што галоўная задача цяпер – не дапусьціць іх да нетрадыцыйнай зброяй. Бо новыя віды зброі даюць магчымасьць забіваць адразу вялікую колькасьць людзей, ажыцьцяўляць тэракты ў глябальным маштабе.

На думку амэрыканскага міністар абароны, вайна з ісламскімі экстрэмістамі будзе доўгай, бо новы вораг ня носіць уніформы, расьсейваецца сярод звычайнага насельніцтва, мае сваіх агентаў па ўсім сьвеце. Няма бачнага поля бітвы, дзе з ворагам сутыкаесься тварам у твар. Таму вайну з тэрарызмам Рамсфэльд параўнаў з доўгай Халоднай вайной. Дзеля параўнаньня міністар выкарыстаў радок з Томаса Эліёта - брытанскага паэта амэрыканскага паходжаньня.

(Рамсфэльд:) “Я думаю, гэтаму будзе канец. Халодная вайна скончылася. Ніхто ня ведаў, калі гэта будзе, калі яно ўвогуле магло быць. Гэта заняло 45 гадоў. Але канец прыйшоў. І гэта (вайна супраць тэрарыстаў) скончыцца. Я думаю, яна скончыцца ня стрэлам, яна скончыцца румзаньнем. І гэты пэрыяд будзе паступова зьмяншацца адпаведна таму, як усё больш і больш краінаў у сьвеце будуць мець у барацьбе з тэрарыстамі посьпех.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG