Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Радыё Рацыя" вернецца ў эфір 15 лютага


Радыё Свабода Дарадца прэм''ер-міністра Польшчы ў справах палякаў за мяжой Міхал Дворчык заявіў Радыё Свабода, што зь літоўскім бокам дасягнутая дамоўленасьць аб рэтрансьляцыі на ўльтракароткіх хвалях перадачаў новага радыё для Беларусі, якое, на базе "Радыё Рацыя", пачне вяшчаньне 15 лютага.

У інтэрвію "Gazeсie Wyborczej" Алег Латышонак, зь якім па незалежных ад нас прычынах цягам некалькіх дзён немагчыма зьвязацца, заявіў, што вяшчаньне пачнецца зь перадачаў, якія будуць выходзіць у эфір цягам адной–дзьвюх гадзінаў у суткі на сярэдніх хвалях – іх можна будзе слухаць у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі, і ўльтракароткіх – часткова на Гарадзеншчыне і часткова на Берасьцейшчыне.

Міхал Дворчык – дарадца канцылярыі прэм’ера ў справах палякаў за мяжой пацьвердзіў нашаму радыё, што ўрад таксама спадзяецца, што радыё выйдзе ў эфір 15 лютага:

(Дворчык: ) “Мы робім усё, каб радыё пачало перадаваць 15 лютага, але я не хацеў бы казаць наперад. З упэўненасьцю можна будзе канстатаваць гэты факт, калі вяшчаньне пачнецца. Я гладжу на гэты тэрмін аптымістычна”.

Спадар Дворчык у часе нашай размовы вяртаўся зь Літвы, дзе вёў перамовы аб рэтрансьляцыі перадачаў "Радыё Рацыя" літоўскім бокам.

(Дворчык: ) “Я вяртаюся зь Літвы, дзе дасягнутая дамоўленасьць, каб тыя самыя праграмы перадаваліся на Беларусь на ўльтракароткіх хвалях”.

Новае радыё будзе фінансаванае з польскага бюджэту.
XS
SM
MD
LG