Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура не вяртае канфіскаваную літаратуру камуністам ПКБ


Паводле БелаПАН Пракуратура Цэнтральнага раёна Менску не знайшла падстаў вяртаць друкаваную прадукцыю, канфіскаваную ў Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) 25 студзеня. Пра гэта паведамляецца ў пракурорскім адказе, што дасланы ў Цэнтральны камітэт ПКБ 2 лютага.

У адказе гаворыцца, што ПКБ не дала дакумэнтальнага пацьверджаньня, што друкаваная прадукцыя зьяўляецца ўласнасьцю партыі.

Нагадаем, што 25 студзеня супрацоўнікамі праваахоўных органаў было канфіскавана 2.500 асобнікаў брашуры "Назіраньне на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2006 годзе".

Гэтыя матэрыялы меркавалася выкарыстаць, як навучальную літаратуру для назіральнікаў ад ПКБ.

Член бюро ЦК ПКБ Сяргей Вазьняк у інтэрвію агенцтву БелаПАН сказаў, што гэтыя брашуры былі выдадзены за кошт уласных сродкаў грамадзян і зьяўляюцца падарункам партыі. Спадар Вазьняк зазначыў, што пракуратура нават не пыталася пра дакумэнтальныя пацьвярджэньні таго, што згаданыя брашуры ёсьць ўласнасьцю ПКБ.

(Вазьняк: ) "Мы будзем дамагацца вяртаньня незаконна канфіскаванай літаратуры і пакараньня супрацоўнікаў міліцыі, якія, як мы лічым, дапусьцілі самаўпраўства. Мы гатовы прадставіць у пракуратуру дакумэнтальныя пацьверджаньні таго, што канфіскаваныя брашуры – ўласнасьць партыі".
XS
SM
MD
LG