Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Эўропа нас прыемна зьдзівіла"


Уладзімер Глод, Менск Размовай зь міністрам замежных справаў Нямеччыны завяршыўся 2 лютага візыт у Бэрлін дэлегацыі беларускай апазыцыі. Перамовам са спадаром Франкам – Вальтэрам Штайнмаерам папярэднічала сустрэча Аляксандра Мілінкевіча з кіраўніцай нямецкай ўраду Ангелай Мэркель. Бундэсканцлер Нямеччыны выказала спадзяваньне, што неўзабаве Беларусь стане свабоднай краінай.

Фэдэральны канцлер шчыра вітала патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Мілінкевіча, а таксама Вінцука Вячорку, Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзьку, якія суправаджалі яго.

Спадарыня Мэркель адзначыла, што ў іх асобах, якія прадстаўляюць розныя палітычныя партыі, яна бачыць рэальнае аб’яднаньне дэмакратычных сілаў Беларусі.

Перамовы з канцлерам ў паўтара разы перавысілі папярэдне заплянаваную на гэта гадзіну. Спадар Вячорка назваў іх "вельмі прыхільнымі":

(Вячорка: ) "Спадарыню Мэркель найперш цікавіла сытуацыя з выбарамі, з магчымымі фальсыфікацыямі. І са сродкамі масавай інфармацыі. Як чалавек, які ведае становішча ў таталітарных краінах (яна ж жыла ў ГДР), яна выдатна арыентуецца ў сытуацыі. У гэтым сэнсе яна выказала нам салідарнасьць і разуменьне нашых дэмакратычных мэтаў".

Іншы сябар дэлегацыі Анатоль Лябедзька не хавае свайго захапленьня:

(Лябедзька: ) "Проста зьдзіўляе Эўропа мяне, чалавека, які ўжо многа паезьдзіў, меў сустрэчы. Вельмі канкрэтныя размовы!"

(Карэспандэнт: ) "А раней такога не было?"

(Лябедзька: ) "Не было. Былі сустрэчы, былі размовы. Але вось такой энэргетыкі, канкрэтыкі раней не было. Гэта – абсалютна новая якасьць. І ўсе гавораць пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Усе добра разумеюць, што выбараў у сапраўдным сэнсе у нас, у Беларусі, ня будзе. Ва ўсіх, пачынаючы ад клеркаў і заканчваючы міністрам і канцлерам, ёсьць разуменьне, што тут будзе фальсыфікацыя. Разуменьне вельмі добрае, што такое беларускі рэжым і што рыхтуецца. Таму размова ішла як у кантэксьце, што патрэбна людзям Беларусі сёньня, так і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве".

Сёньня ж Аляксандар Мілінкевіч выступіў на буйной міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай барацьбе з тэрарызмам. У ёй удзельнічаюць дзейныя палітыкі, праваабаронцы, спэцыялісты ў галіне супрацьдзеяньня тэрарызму. Беларускае пытаньне, паводле Анатоля Лябедзькі, разглядалася ў кантэксьце парушэньняў правоў чалавека ў краіне.

3 лютага беларуская дэлегацыя вяртаецца ў Менск.

Гл. таксама • Фэдэральны канцлер Нямеччыны сустрэлася зь Мілінкевічам • А.Мілінкевіч правёў сустрэчы з кіраўнікамі Эўразьвязу • Мілінкевіч правёў перамовы зь міністрам замежных справаў Францыі • Эўразьвяз – за санкцыі супраць афіцыйнага Менску • А.Мілінкевіч запрасіў эўрапейскіх дэпутатаў у Менск • А.Мілінкевіч: Эўропа павінна ўдзельнічаць у дэмакратызацыі Беларусі • А.Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Польшчы, выступіў у Сэйме • Якія вынікі візыту А.Мілінкевіча ў Варшаву? (фотарэпартаж) • Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам Літвы
XS
SM
MD
LG