Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для чаго ў Беларусі створаны аддзел па барацьбе з тэрарызмам?


Радыё Свабода У беларускай міліцыі створанае падразьдзяленьне па барацьбе з тэрарызмам. Неабходнасьць яшчэ адной антытэрарыстычнай структуры тлумачыцца прафэсійнымі прычынамі, між тым незалежныя назіральнікі не выключаюць палітычных матываў гэтага рашэньня.

Аб стварэньні ў міліцыі адмысловай структуры, якая будзе змагацца з тэрарызмам і экстрэмізмам, заявіў 2 лютага прэсавы сакратар міністра ўнутраных спраў Генадзь Клепча. Ён патлумачыў, што гэта зроблена ў сувязі з тым, што па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу злачынствы з выкарыстаньнем зброі сьледзтва можа весьці міліцыя. Генадзь Клепча, аднак, адмовіўся даць падрабязныя зьвесткі пра новае падразьдзяленьне.

(Клепча: ) “Пакуль без камэнтарыяў. Што мы хацелі сказаць, тое сказалі ў паведамленьні. Пракамэнтуем крыху пазьней”.

Паводле паведамленьня Генадзя Клепчы, міністар Уладзімер Навумаў ужо падпісаў загад аб стварэньні адпаведнага аддзелу ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Супрацоўнікі антытэрарыстычнага аддзелу будуць змагацца з тэрарызмам у тым ліку праз збор і аналіз адпаведнай інфармацыі.

Між тым у сілавых структурах Беларусі ўжо існуюць падразьдзяленьні, якія спэцыялізуюцца на антытэрарыстычнай дзейнасьці. Прыкладам, у КГБ гэтым займаецца адпаведная ўправа, а ў міліцыі створана спэцгрупа “Алмаз”. Аналітычнай антытэрарыстычнай працай займаюцца таксама ў Савеце бясьпекі. Навошта тады спатрэбілася ствараць яшчэ адну антытэрарыстычную структуру?

Былы супрацоўнік КГБ Валер Костка мяркуе, што дакладны адказ на гэтае пытаньне грамадзтва атрымае ня хутка.

(Костка: ) “Што зброю крадуць, то кралі і будуць красьці, пакуль зброя ёсьць, бо бандыты ня могуць бяз зброі. Таму хутчэй за ўсё тут схавана нейкая іншая мэта. Відаць, уплывае, што ў нас выбарчая кампанія ідзе, таму ў гэтым ёсьць фактар нейкага запалохваньня.

А з другога боку гэтае падразьдзяленьне можа і ствараецца дзеля таго, каб ня столькі з тэрарызмам, колькі з вулічнымі пратэстамі змагацца. Дадаткова. Дарэчы, любыя таталітарныя і аўтакратычныя рэжымы заўсёды ствараюць шмат такіх структураў”.

Між тым ў Беларусі за апошнія гады не было зарэгістравана фактаў тэрарыстычнай дзейнасьці, што прызнаецца і афіцыйна.

У тым ліку міліцыя ня лічыць тэрактам выбух самаробнай бомбы ў Віцебску ў 2005 годзе, калі пацярпелі дзесяткі грамадзянаў. Сьледчыя прыйшлі да высновы, што гэта было вулічнае хуліганства.

Валер Костка лічыць, што цяпер можа ўзьнікнуць спаборніцтва розных антытэрарыстычных структураў за тое, каб апраўдаць сваё існаваньне і гэта небясьпечна для грамадзтва.

(Костка: ) “ Створанае падразьдзяленьне, і вось яно выканала свае задачы. Вось тэрарызм, вось экстрэмізм. А іх няма. Таму я бачу небясьпеку, каб не падышлі да 37-га ці 53-га гадоў, калі пачнуць выдумваць справы лекараў ці ваенных кіраўнікоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG