Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераход на адзіную з Расеяй валюту зноў адкладаецца – гэтым разам да 2008


Радыё Свабода Перайсьці на адзіную валюту з Расеяй да 2008 году тэхнічна немагчыма – пра гэта сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў старшыня Нацбанку Пётра Пракаповіч.

Пераход спачатку на расейскі рубель (ад 1 студзеня 2005 году), а потым і на адзіную грашовую адзінку з Расеяй (ад 1 студзеня 2008 году) прадугледжаны дамовай пра стварэньне гэтак званай саюзнай дзяржавы. Тэрміны пераходу на расейскі рубель, як вядома, ня выкананыя. Аднак, цьвердзіць старшыня Нацбанку Пётра Пракаповіч, яшчэ магчыма ўкласьціся ў тэрміны пераходу на адзіную грашовую адзінку (новы саюзны рубель):

(Пракаповіч: ) “Сёньня ёсьць адзін нарматыўны акт – ад 1 студзеня 2008 году ўводзіцца адзіная валюта на тэрыторыю дзьвюх дзяржаваў. Вось гэта той дакумэнт, які дзейнічае й тое, да чаго мы павінны імкнуцца. І тое, што рэальна магчыма ў сёньняшніх умовах выканаць”.

Пётра Пракаповіч таксама нагадаў пра тое, што існуе праграма мерапрыемстваў, неабходных для пераходу на адзіную валюту. Гэта шэраг захадаў, скіраваных на стварэньне роўных эканамічных умоваў у дзьвюх краінах. Выканаць гэтую праграму трэба не пазьней за першы квартал 2007 году. А пасьля гэтага спатрэбіцца яшчэ месяцаў дзевяць на тое, каб зьдзейсьніць уласна пераход на адзіную валюту, кажа спадар Пракаповіч.

Апрача таго Пётра Пракаповіч абвясьціў, што сёлета ў Беларусі не плянуецца істотна зьніжаць інфляцыю. Ня будзе й штучнай дэвальвацыі рубля з мэтай падтрымаць экспартэраў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў скептычна ставіцца да новых заяваў старшыні Нацбанку наконт тэрмінаў пераходу на адзіную валюту.

Калі б урады Беларусі й Расеі хацелі стварыць валютны саюз, то яго б даўно стварылі, лічыць экспэрт.

(Злотнікаў: ) “Адсунулі – і ўсё. Яны і самі ня ведаюць, што будзе, гэта ж вырашаецца на палітычным узроўні, гэта ня справа эканомікі. Што будзе ў той Расеі пасьля выбараў 2008 году, што будзе ў гэтай Беларусі… Гэтулькі шмат вады ўцячэ й гэтулькі шмат можа зьмяніцца, што цяпер папросту й сэнсу няма абмяркоўваць, што будзе потым”.
XS
SM
MD
LG