Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захад усё больш крытыкуе Расею – інтэрвію з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту


Радыё Свабода Захад штораз мацней крытыкуе Расею за абмежаваньні дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў (НДА). Некаторыя аглядальнікі прагназуюць, што нядаўна прыняты ў Расеі закон аб недзяржаўных арганізацыях ставіць пад сумнеў яе цяперашняе старшынства ў “вялікай васьмёрцы”. На гэтую тэму памочнік сакратара Аддзелу ў справе дэмакратыі, правоў чалавека і працы Дзярждэпартамэнту ЗША Бары Лаўэнкрон даў інтэрвію Радыё Свабода. З найбольш цікавымі фрагмэнтамі інтэрвію вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

І дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль публічна выказвалі сваю занепакоенасьць з нагоды прыняцьця ў Расеі закону аб недзяржаўных арганізацыях.

Сытуацыю ўскладніў і нядаўні расейска-брытанскі шпіёнскі скандал, праз які была кінутая цень на дзьве паважаныя недзяржаўныя арганізацыі – Маскоўскую Хэльсынскую групу і фонд "Эўразія".

Вашынгтонская карэспандэнтка Свабоды Джулі Корвін запыталася з гэтай нагоды ў Бары Лаўэнкрона, ці ёсьць нейкі сэнс у заявах Дзярждэпартамэнту ЗША аб занепакоенасьці сытуацыяй з расейскімі НДА, калі ў Маскве іх фактычна ня чуюць?

(Лаўэнкрон: ) “На маю думку, ў Расеі ёсьць прынцыповае непаразуменьне што да таго, чым займаюцца недзяржаўныя арганізацыі. Ім падаецца, што ЗША альбо амэрыканскі ўрад альбо Захад накіроўваюць недзяржаўныя арганізацыі на паслабленьне Расеі, ці вядуць, як кажуць расейцы, “свае геапалітычныя гульні ў нашым суседзтве”. Гэта абсалютная няпраўда.

Пытаньне палягае ў тым, каб дзейнасьць недзяржаўных арганізацый была абсалютна адкрытай і празрыстай. Я гаварыў расейскім чыноўнікам у Маскве, што дзейнасьць недзяржаўных арганізацый стала неад''емнай часткай міжнароднай палітыкі. НДА могуць падтрымліваць свае ўрады, могуць крытыкаваць іх, аднак іх ніколі нельга разглядаць як ворагаў ўлады”.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, як разбурыць стэрэатыпы адносна таго, што амэрыканскія падаткаплатнікі нібыта прафінансавалі “каляровыя рэвалюцыі” празь дзейнасьць мясцовых недзяржаўных арганізацый, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Бары Лаўэнкрон адзначыў наступнае:

(Лаўэнкрон: ) “Я сказаў бы, што ёсьць ціск на няўрадавыя арганізацыі ў Расеі, Сярэдняй Азіі, Кітаі і ва ўсім сьвеце. Гэтая тэндэнцыя пашыраецца. Як сказала Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс, дэмакратыя па сваім вызначэньні, ня можа быць навязаная.

Калі НДА зьвяртаюцца па дапамогу ў арганізацыі выбараў альбо назіраньні за імі – тады я мяркую, што амэрыканскія, нямецкія ці любыя іншыя падаткаплатнікі з задавальненьнем аказваюць такую дапамогу. І гэта ўсё сумленна. Ніхто не садзіцца ў самалёт зь мяхом грошай і не ляціць у Кіеў альбо іншую сталіцу, і кажа: “Давай, скідай законны лад”. Гэта абсалютны нонсэнс”.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Бары Лаўэнкрон наступным чынам адказвае на пытаньне Радыё Свабода пра магчымасьць пазбаўленьня Расеі старшынёўства ў “вялікай васьмёрцы” у сувязі з уціскам Крамля на няўрадавыя арганізацыі:

(Лаўэнкрон: ) “Я ня думаю, што гэта праблема лягістыкі і я не разглядаю гэта гіпатэтычна. Усё, што я магу сказаць, што ў нашай павестцы дня шмат пытаньняў з Расеяй. І пытаньне недзяржаўных арганізацый, якія зьяўляюцца неад''емнай часткай дэмакратычных тэндэнцый у Расеі. Я лічу, што трэба працаваць ва ўсіх кірунках. Мы працуем з Расеяй ў пытаньні Ірану, гэтак жа, як мы працуем з расейцамі і ў пытаньні НДА і кажам ім, што будзем весьці маніторынг таго, як рэалізуецца іхні закон аб недзяржаўных арганізацыях”.

***

Што да дзейнасьці беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, што ў гадавых справаздачах такіх уплывовых міжнародных праваабарончых арганізацый як "Human Rights Watch", “Міжнародная амністыя” ды іншых штогод адзначаецца пагаршэньне сытуацыі зь беларускімі НДА, многія зь іх за апошнія гады былі ліквідаваныя, іншыя не прайшлі перарэгістрацыю, другія, такія напрыклад як Беларускі Хэльсынскі камітэт, спазналі судовы перасьлед і вялікія штрафы.
XS
SM
MD
LG