Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя цісьне на віцебскага кіраўніка ініцыятыўнай групы Мілінкевіча


Радыё Свабода, Віцебск Віцебскага кіраўніка ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча вінавацяць у незаконным пашырэньні друкаваных матэрыялаў. Хрыстафор Жаляпаў быў выкліканы ў кастрычніцкі райаддзел міліцыі, дзе яму паведамілі, што інфармацыйныя друкаваныя матэрыялы, забраныя ў яго у часе затрыманьня 30-га сьнежня мінулага году, сталі падставай для ўзбуджэньня судовае справы.

Нагадаем, што ўначы з 30-га на 31-га сьнежня машыну віцебскага кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча затрымалі супрацоўнікі ДАІ. Спадара Жаляпава завезьлі ў міліцэйскі пастарункак, дзе ён напісаў тлумачэньне пра тое, чаму ў ягонай машыне знаходзяцца друкаваныя матэрыялы, прысьвечаныя прэтэндэнту на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах – каляндарыкі і плякаты з партрэтам Аляксандра Мілінкевіча, а таксама калядныя віншаваньні ад ягонага імя.

Па два паасобнікі гэтых матэрыялаў міліцыянты пакінулі сабе – як яны патлумачылі, для вывучэньня і справаздачы начальству.

Цяпер, амаль праз месяц пасьля здарэньня, супрацоўнік аддзела па прафіляктыцы правапарушэньняў капітан Юрчанкоў выклікаў Хрыстафора Жаляпава ў Кастрычніцкі райаддзел і паведаміў пра вынікі вывучэньня друкаванай прадукцыі. Паводле меркаваньня міліцыянтаў, кіраўнік ініцыятыўнай групы займаўся датэрміновай агітацыяй, прычым выкарыстоўваў друкаваныя матэрыялы без выходных дадзеных, і таму супраць яго ўзбуджаная адміністрацыйная справа.

З гэтым абвінавачаньнем спадар Жаляпаў катэгарычна ня згодны:

(Жаляпаў: ) “ Гэта не агітацыя! Нават сама Ярмошына казала, што, калі ў матэрыяле не напісана “Галасуй за...” або “Падтрымай такога...”, то гэта проста інфармацыя пра чалавека.

А нейкі капітан Юрчанкоў убачыў у гэтым крымінал і падае ў суд на Жаляпава за тое, што ён проста перавозіў матэрыялы, нават не распаўсюджваў нічога!

У пастарунку там вісеў партрэт Лукашэнкі, дык я запытаўся: “Гэта ў вас таксама агітацыя?” Адказваюць: “Не, гэта наш знак павагі да пэўнае асобы.” Кажу ім: “А гэта мае знакі павагі да іншае асобы. Вы так мяркуеце, а я гэтак мяркую”.

Уласныя меркаваньні Хрыстафор Жаляпаў будзе адстойваць у судзе, які мусіць адбыцца ў гэтым месяцы, бо, паводле адміністрацыйнага заканадаўства, з моманту правапарушэньня да пачатку судовага працэсу ня мусіць прайсьці больш як два месяцы.

Адзін месяц ужо прайшоў, і на думку спадара Жаляпава, нечаканая для яго актыўнасьць міліцыянтаў выкліканая ўдалай кампаніяй па зборы подпісаў за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча: паводле колькасьці сабраных подпісаў Віцебшчына апярэдзіла ўсе іншыя вобласьці, апрача Гарадзенскай.

(Жаляпаў: ) “Я думаю, гэтыя хлопцы ўбачылі, што, нягледзячы на ціск і рэпрэсіі супраць сябраў нашай ініцыятыўнай групы, мы тут добра працавалі. І каб нас папалохаць, каб мы былі не такія актыўныя на наступным этапе выбарчай кампаніі, зьявілася такая вось ініцыятыва палітычнага ціску ў Віцебску.”
XS
SM
MD
LG