Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У вэтэрынарнай акадэміі ўціскаюць актывістку “Зубра”


Радыё Свабода, Віцебск Як распавяла другакурсьніца зь Віцебска Любоў Кучынская, з тае пары, як у ВНУ даведаліся пра ейную апазыцыйную дзейнасьць у арганізацыі "Зубр", ёй наўмысна заніжаюць адзнакі і не дазваляюць пераздаваць іспыты.

Адзін з іспытаў, паводле спадарыні Кучынскай, яна прапусьціла з прычыны хваробы. Другі іспыт яна меркавала пераздаць з-за таго, што выкладчык зьбіраўся паставіць ёй недастаткова высокую адзнаку. На трэцім іспыце яна атрымала “адзінку”, бо экзамэнацыйная камісія палічыла, што студэнтка сьпісвала.

(Кучынская: ) “Пачалося ўсё з таго, што я не здала іспыт па анатоміі: мне зрабілася дрэнна, і я сышла. Потым я была нязгодная з адзнакай па генэтыцы. А сёньня я не здала філязофію. Калі я выцягнула білет і ўзяла “мэтадычку”, то ўбачыла там шпаргалку. Я паказала яе, а мне сказалі: “Гэта твая, ты сьпісвала!”. На 8 балаў я здала ўсю мінулую сэсію, нават стыпэндыю падвышаную атрымлівала. Цяпер ужо нічога атрымліваць ня буду, калі ўвогуле яшчэ застануся вучыцца”.

Пераздаць гэтыя тры іспыты ў часе сэсіі Любові Кучынскай не дазволілі, і дзяўчына мяркуе, што гэта можа стаць падставаю для ейнага адлічэньня з акадэміі. Паводле ейных словаў, яшчэ ў сьнежні мінулага году рэктар пагражаў ёй выключэньнем за апазыцыйную дзейнасьць, бо прадстаўнікі адміністрацыі знайшлі ў ейным інтэрнацкім пакоі налепкі з лічбай “16” ды іншыя друкаваныя матэрыялы да Дзён салідарнасьці.

У дэканаце факультэта вэтэрынарнае мэдыцыны не пацьвердзілі, што адміністрацыя ВНУ мае да студэнткі Кучынскай прэтэнзіі палітычнага характару. Але актывістка “Зубру” гаворыць, што адчувае звышпільную ўвагу з боку кіраўніцтва акадэміі, асабліва з тае пары, як у студэнцкім гарадку пачалі штомесяц праходзіць акцыі з запаленымі на знак салідарнасьці сьвечкамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG