Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэральны канцлер Нямеччыны сустрэлася зь Мілінкевічам


Уладзімер Глод, Менск 2 лютага кіраўніца ўраду Нямеччыны Ангела Мэркель прыняла ў Бэрліне патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Падчас размовы яна выказала спадзяваньне, што неўзабаве Беларусь стане свабоднай краінай.

Федэральны канцлер шчыра павітала Аляксандра Мілінкевіча, а таксама Вінцука Вячорку, Сяргея Калякіна і Анатоля Лябедзьку, якія суправаджалі яго. Спадарыня Мэркель адзначыла, што ў іх асобах, якія прадстаўляюць розныя палітычныя партыі, яна бачыць рэальнае аб’яднаньне дэмакратычных сілаў Беларусі.

У Бэрлін беларуская дэлегацыя прыбыла з Брусэлю. На пытаньне, навошта пасьля перамоваў з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту і Эўракамісіі спатрэбілася яшчэ і сустрэча з кіраўніцтвам Нямеччыны, Вінцук Вячорка адказаў:

(Вячорка: ) “Эўропа складаецца зь дзяржаваў, гэта ж не фэдэрацыя. Наведаць адну з важнейшых, ключавых краінаў Эўропы і сустрэцца зь яе новаабраным палітычным лідэрам — гэта надзвычай важна. Я думаю, што гэтая размова — лягічны працяг сустрэчаў адзінага кандыдата, якія раней адбыліся ў Парыжы, Варшаве, Вільні, Страсбуры, Брусэлі”.

Сёньня ж Аляксандар Мілінкевіч выступіў на буйной міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай барацьбе з тэрарызмам. У ёй удзельнічаюць дзейныя палітыкі, праваабаронцы, спэцыялісты ў галіне супрацьдзеяньня тэрарызму, разам каля ста асобаў. Беларускае пытаньне, паводле Анатоля Лябедзькі, разглядалася ў кантэксьце парушэньняў правоў чалавека ў краіне.

3 лютага беларуская дэлегацыя вяртаецца ў Менск.
XS
SM
MD
LG