Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі ліквідатар не знайшоў падтрымкі ў судзе


Радыё Свабода Сёньня калегія Гомельскага абласнога суду пад старшынёўствам Элеаноры Буянковай адхіліла скаргу чарнобыльскага ліквідатара Васіля Сіліверста з Калінкавічаў. Спадар Сіліверст абскарджваў адмову Калінкавіцкага раённага суду прызнаць, што ягоныя захворваньні пачаліся адразу па ўдзеле ў ліквідацыі наступстваў Чарнобылю.

Калегія абласнога суду, адхіліўшы касацыйную скаргу чарнобыльскага ліквідатара Васіля Сіліверста, раіла яму зьвярнуцца ў Навабеліцкі раённы суд. Там знаходзіцца абласны міжведамасны экспэртны савет, які першы адмовіўся зьвязаць захворваньні ды інваліднасьць спадара Сіліверста з вайсковымі зборамі ды працай у Чарнобылі.

Меркаваньне Васіля Сіліверста:

(Сіліверст: ) “Абласны суд фактычна адфутболіў справу ў суд Навабеліцкага раёну, дзе месьціцца абласны экспэртны савет. Суды ніяк ня хочуць прыняць рашэньня, што я захварэў у Чарнобылі. Зьвязваць гэтыя захворваньні з Чарнобылем — гэта іншая справа. Але ўстанавіць факт, што я пачаў хварэць адразу пасьля Чарнобылю, мусяць у судзе Калінкавіцкага раёну. Там мае сьведкі, якіх вельмі шмат, там мэдычныя заключэньні, усе мае паперы”.

Васіль Сіліверст ужо даўно дамагаецца прызнаньня прычыннай сувязі сваіх захворваньняў ды інваліднасьці з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. З гэтай прычыны ён неаднаразова зьвяртаўся ў Міністэрства аховы здароўя, іншыя высокія інстанцыі. Але і абласны, і рэспубліканскі экспэртныя саветы адмаўляюць сувязь інваліднасьці спадара Сіліверста са службай і працай у Чарнобылі.

У сьнежні-студзені Васіль Сіліверст 35 дзён другі раз трымаў галадоўку. Спыніў яе пасьля таго, як зь Міністэрства аховы здароўя паведамілі, што ў навукова-практычным цэнтры “Кардыялёгія” будзе зроблена незалежная экспэртыза на падставе мэдычных даведак.

Нядаўна намесьнік міністра Віктар Калбанаў у лісьце паведаміў спадару Сіліверсту, што навукоўцы экспэртнага савету цэнтру “Кардыялёгія” таксама вырашылі, што няма прычыннай сувязі інваліднасьці з удзелам у ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы — на той падставе, што інфаркт міякарда ды іншыя хваробы разьвіліся праз 7—15 гадоў пасьля катастрофы.

Праз суды Васіль Сіліверст імкнуўся ўстанавіць факт сваіх захворваньняў адразу пасьля ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобылю. Аднак гэта яму пакуль не ўдалося.

Аднаслужбовец Васіля Сіліверста з Калінкавічаў, таксама афіцэр запасу, спадар Аляксей, якога прызывалі ў Чарнобыль расам з Васілём, сьведчыць:

(Аляксей: ) “Пасьля збораў дзеля ліквідацыі аварыі стан майго здароўя пагоршыўся. З тых салдатаў, зь якімі я праходзіў зборы, трох, я ведаю, ужо няма на сьвеце. Памерлі! Іншыя сталі інвалідамі. Усе скардзяцца на дрэнны стан здароўя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG