Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвяшчаюць “За Беларусь!”, а маюць на ўвазе “За Лукашэнку!”


Радыё Свабода Учора ў Горадні канцэртам расейскіх і беларускіх артыстаў тэлеканал ОНТ распачаў акцыю “За Беларусь!” у падтрымку дзейнага кіраўніцтва краіны. Выступ эстрадных зорак быў бясплатны: усе гледачы прыйшлі ў Лядовы палац па запрашальніках. Як апавядаюць прысутныя на канцэрце, расейскія выканаўцы і кіраўнікі гарадзенскай вэртыкалі, выступаючы перад прысутнымі, хвалілі палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Канцэртную эстафэту неўзабаве падхопяць іншыя гарады Беларусі. Акцыя разьлічана на паўтара месяца і завершыцца за тыдзень да выбараў гала-канцэртам у Менску.

Тэлевэрсіі канцэртаў будзе трансьляваць канал ОНТ. Як расказалі ў офісе ОНТ, кожны раз склад удзельнікаў будзе зьмяняцца. Прыкладам, учора ў Горадню прыехалі Паліна Смолава, Галіна Шышкова, Іскуі Абалян, гурты “Топлес” і “Атлянтыка”, а таксама госьці з Расеі — Валерыя, Стас П’еха, Ілона Бранявіцкая, “Поющие гитары” і “Отпетые мошенники”. У іншых гарадох да перасоўнага канцэрту далучацца Валеры Меладзэ, Надзея Бабкіна, Крысьціна Арбакайтэ, Аляксандар Малінін, Валеры Лявонцеў, Алег Газманаў ды іншыя. Якія ганарары атрымаюць за ўдзел у акцыі расейскія выканаўцы, бальшыня якіх складае “абойму” самых высокааплатных, не ўдакладняецца. Аднак вядома, што ўсе заплянаваныя ў Беларусі канцэрты некамэрцыйныя — гэта значыць, квіткі не прадаюцца, а распаўсюджваюцца ў адпаведных дзяржаўных інстанцыях. Адна з глядачак учорашняга канцэрту расказала, чым была ўражаная больш за ўсё:

(Глядачка: ) “Адкрываў канцэрт наш губэрнатар Саўчанка, па паперцы. Заявіў, што прэзыдэнт зрабіў усё дзеля таго, каб жыцьцё была вартым, расказаў пра ўнёсак гарадзенцаў у разьвіцьцё сельскай гаспадаркі, пра прыгожыя вуліцы нашага гораду. Амаль з аналягічнай прамовай выступілі дырэктар камбінату будаўнічых матэрыялаў (ён жа старшыня абласной выбарчай камісіі) і кіраўнік гарадзкога БРСМ. Сярод артыстаў самы адметны выступ быў у Бранявіцкай. Можа, ёй больш заплацілі? Яна доўга расказвала, як была на “Славянскім базары”, як раптам выйшаў на сцэну Лукашэнка і пацалаваў яе ў шчаку. Потым гэты здымак абышоў усе газэты Беларусі, і яна стала тут супэрпапулярнай. А закончыла тым, што сказала: у вас вельмі сымпатычны прэзыдэнт, калі на яго глядзець зблізу”.

Гэта ўжо ня першая падобная акцыя, ініцыяваная беларускімі тэлеканаламі. У кастрычніку 2004 году, напярэдадні рэфэрэндуму, у менскім Палацы спорту таксама адбыўся канцэрт для абраных. Гледачоў зьбіралі па запрашальніках, а рэй, як і цяпер, вялі расейскія эстрадныя зоркі. Кампазытар Эдуард Ханок кажа, што акцэнт на расейцаў не выпадковы — на адных беларускіх артыстах нават бясплатна цяжка сабраць поўную залю.

(Ханок: ) “Беларускага шоў-бізнэсу як такога няма, не існуе яго — разумееце? Ёсьць беларуская эстрада, а гэта зусім розныя рэчы. Каб мець беларускі шоў-бізнэс, трэба мець грошы. А грошай няма. Бяз грошай можна пабудаваць эстраду, а шоў-бізнэс — нельга. Таму і карыстаюцца расейскім шоў-бізнэсам. Бо інакш публіка не зьбярэцца”.

За паўтара месяца здымачная група ОНТ зьбіраецца аб’ехаць амаль усе буйныя гарады Беларусі. 10 сакавіка — крыху больш як за тыдзень да прэзыдэнцкіх выбараў, у Менску адбудзецца выніковы канцэрт.

Паводле расейскіх крыніцаў, звычайна за адзін канцэрт Валерыя і Крысьціна Арбакайтэ просяць ад 8 да 10 тысяч даляраў. Алег Газманаў і Валеры Меладзэ — да 15 тысяч. Аляксандар Малінін і Валеры Лявонцеў — да 20 тысяч. Бальшыня беларускіх поп-выканаўцаў здавольваецца некалькімі сотнямі даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG