Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сакратар камітэту БРСМ дапамагаў зьбіраць подпісы за Мілінкевіча


Радыё Свабода Студэнт чацьвертага курсу аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Венядзікт Кляўзэ заявіў журналістам, што адміністрацыя ўнівэрсытэту перасьледуе студэнтаў за іншадумства. Паводле яго словаў, студэнтам, якія зьбіралі подпісы за Аляксандра Мілінкевіча і выказваліся за дэмакратычныя каштоўнасьці, пагражае адлічэньне.

Венядзікт Кляўзэ паведаміў, што непакоіцца за лёс студэнтаў, якія ня згодныя выконваць ідэалягічныя ўстаноўкі адміністрацыі ўнівэрсытэту. Венядзікт зьяўляецца сакратаром камітэту БРСМ на факультэце прадпрымальніцтва і кіраваньня.

Ён прызнаўся, што дапамагаў зьбіраць подпісы за Аляксандра Мілінкевіча.

Венядзікт заклікаў сваіх аднакурсьнікаў галасаваць самастойна, а не як загадаюць. На сходзе сакратар камітэту БРСМ унівэрсытэту прапанавала зьняць Венядзікта з пасады сакратара. Частка студэнтаў абурылася і пакінула сход. Такім чынам, не хапіла кворуму для галасаваньня.

(Кляўзэ: ) “У статуце БРСМ нічога не сказана пра тое, што гэта палітычная арганізацыя. Не напісана, што яна мусіць падтрымліваць Аляксандра Рыгоравіча, удзельнічаць у мерапрыемствах зь яго ўдзелам, хадзіць на хакей разам зь ім і пляскаць у далоні. Тое, што адбылося з БРСМ, ня так страшна, як тое, што студэнтаў папросту пачалі “завальваць” на экзамэнацыйнай сэсіі, ставіць ім двойкі”.

Венядзікт Кляўзэ мяркуе, што дэкан факультэту склаў “чорны сьпіс”, у які трапілі студэнты, што пакінулі сход.

(Кляўзэ: ) “Выкладчык задаў мне дваццаць пяць пытаньняў, а астатнім студэнтам ён прапанаваў цягнуць білет. Ён патлумачыў: “Сёньня для цябе такая форма здачы гэтага экзамэну”. Гэта быў бліц: пытаньне — адказ. Выкладчык Леанід Казакевіч. Усе здаюць добра, а толькі да яго даходзяць, то ён з гэтага сьпісу, з дваццаці чалавек, усім ставіць два балы. Прычым, многія пяцікурсьнікі атрымалі ў гэтую сэсію тры двойкі. Гэта значыць, што іх могуць аўтаматычна выключыць з унівэрсытэту. Дэкан прымаў адзін з экзамэнаў. Першае пытаньне ў яго: “Ці былі вы на сходзе?”

Дэкан факультэту Леанід Догіль паведаміў Радыё Свабода, што сам удзельнічаў у сходзе. Ён абвяргае наяўнасьць “чорнага сьпісу”.

(Догіль: ) “Ёсьць у мяне сьпіс студэнтаў, якія не пасьпяваюць. Сход не адбыўся чаму — таму што справаздачы не было. Я прысутнічаў на ім. Не было параўнаньня з плянам, бо і пляну не было… Я ў камсамоле два гады быў сакратаром факультэту. Я ж ведаю, як трэба плян скласьці, справаздачу зрабіць. А ў яго нічога не было. Нейкія сумбурныя заклікі. А працы ніякай няма”.

Дэкан паведаміў, што менавіта на ягоным факультэце вучыцца найбольш менчукоў, якія не жывуць у інтэрнатах. Паводле яго, гэта стварае пэўныя цяжкасьці ў ідэалягічнай і выхаваўчай працы.

Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў лічыць практыку перасьледу студэнтаў за іх палітычныя погляды ганебнай.

(Паўлаў: ) “Гэта амаральна. Ніякіх адносінаў да адукацыі і навукі гэта ня мае. Палітыканства. Вось жа, калі ім не пачнуць падаваць руку іх калегі, іх аднакурсьнікі, аднаклясьнікі, то, можа, нешта пачне спрацоўваць… Для нармальнага інтэлігентнага чалавека гонар і годнасьць мусяць быць вышэй за страх. У сярэднявеччы страху было больш. На вогнішчах палілі людзей. Але ўнівэрсытэты заўсёды былі крыніцай перадавой думкі й крыніцай вальнадумства”.

Венядзікт Кляўзэ заявіў, што будзе змагацца за сваё права атрымаць адукацыю — нават калі давядзецца зьвяртацца ў судовыя інстанцыі.
XS
SM
MD
LG