Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца прэтэндэнты на прэзыдэнта да праблемы зьніклых?


Радыё Свабода, Менск Нагадаем, у 2003 годзе Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прызначыла дакладчыка у гэтым пытаньні Хрыстаса Пургурыдэса. Пасьля наведваньня Беларусі ён падрыхтаваў даклад “Зьніклыя асобы ў Беларусі”.

У дакладзе спадара Пургурыдэса падазраванымі дачынна зьнікненьняў Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага названы высокапастаўленыя чыноўнікі. Гэта Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка. У 2004 годзе ім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу і ЗША.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён і ведаць ня хоча пра даклад спадара Пургурыдэса, які, маўляў, “плюнуў у душу краіне”. На паседжаньні Савета бясьпекі спадар Лукашэнка сказаў, што “галовы генэралаў зьнятыя ня будуць, ні Шэймана, ні Сівакова, ні Паўлічэнкі яны не атрымаюць”. Падазраваныя генэралы названы ім “самымі сумленнымі, надзейнымі і адданымі людзьмі”. З роднымі зьніклых спадар Лукашэнка сустракацца ня стаў, а вось акцыі памяці разганяюцца міліцыяй.

Прэтэндэнт у кандыдаты Аляксандар Казулін ня ўдзельнічаў у “ланцугах неабыякавых людзей”, аднак мае кантакты са сваякамі зьніклых. А Зінаіда Ганчар з’яўляецца сябрам ягонай ініцыятыўнай групы.

(Казулін: ) “Я лічу, што калі сэрца гаворыць, то да гэтага трэба заўсёды прыслухацца. І калі боль сэрца выліваецца на вуліцы гарадоў, то гэты боль трэба слухаць”.

Паводле спадара Казуліна, зацягваньне расьследаваньня спраў зьніклых ня мае ніякіх падстаў.

(Казулін: ) “Прэзыдэнтам я буду, але ў тых абставінах, у якіх зараз Лукашэнка, я ніколі ня буду. Таму, калі прыйдзе час, гэта ўсё стане на свае месцы. Але ў спакойнай абстаноўцы, калі будуць займацца прафэсіяналы і будзе вырашаць незалежны суд. Стануць працаваць сумленныя прафэсіяналы, якія прафэсійна зробяць сваю працу”.

Спадар Казулін таксама нагадаў словы спадара Лукашэнкі.

(Казулін: ) “Трэба цытаваць Лукашэнку, што ён кажа. Ён сказаў, што за ўсё ён нясе адказнасьць. І толькі ён, і ніхто іншы”.

Паводле Аляксандра Казуліна, якім будзе працяг дакладу спадара Пургурыдэса, павінен вызначыць Эўразьвяз.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што расьсьледаваньне кожнага зьнікненьня павінна стаць маральным абавязкам дэмакратычнай улады перад грамадзтвам. Ён сустракаўся са сваякамі Юрыя Захаранкі і быў абураны зьбіцьцём Сьвятланы Завадзкай амонаўцам. Паводле спадара Мілінкевіча, перад спадарыняй Завадзкай усе павінны схіліць галовы. А як каманда Мілінкевіча паставіцца да генэралаў, пра якіх так клапоціцца спадар Лукашэнка? Сябра штабу Аляксандар Дабравольскі лічыць, што Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка не застануцца на сваіх пасадах.

(Дабравольскі: ) “Хаця б таму, што яны падазраюцца ў злачынствах. Але гэта ня значыць, што яны будуць пакараныя без суда. Але, калі будзе вінаваты, будзе адказваць. Прычым, я ведаю Мілінкевіча як вельмі справядлівага чалавека, які ня пройдзе, не заўважыўшы чужой бяды ці парушэньня закону. Яго гэта вельмі трывожыць і таму ён захавае такія свае прынцыпы, якія ён ужо шмат гадоў дэманстраваў”.

Паводле спадара Дабравольскага, людзі, якія ёсьць сьведкамі і маюць інфармацыю павінны быць дапытаны.

(Дабравольскі: ) “Поўнае высьвятленьне ўсіх абставінаў магчымае толькі ў Беларусі. Але зрабіць так, каб сьледзтва было справядлівым і каб суд быў незалежным”.

Меркаваньне Сяргея Гайдукевіча высьветліць не ўдалося. Ён не захацеў гаварыць на гэтую тэму, спаслаўся на стомленасьць.

Адзін са стваральнікаў ЛДП Алег Маркевіч кажа, што раней у кулюарах партыі і на вышэйшай радзе абмяркоўвалася пытаньне зьнікненьняў.

(Маркевіч: ) “Калі партыя зьяўлялася апазыцыйнай і ўваходзіла ў кансультатыўную раду, то ў той час Гайдукевіч размаўляў зусім іначай. Ён казаў, што ў канкрэтных людзей рукі па локаць у крыві і як бы не закапвалі праблему аб зьніклых, яна заўсёды будзе выходзіць на паверхню. У цяперашняй сытуацыі спадар Гайдукевіч натуральны флюгер: куды дзьме вецер улады, туды ён і паварочваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG