Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: "Мне падаравалі чаравікі, каб абысьці ўсю Беларусь"


Радыё Свабода Агляд недзярджаўнай прэсы 2 лютага

"Комсомольская правда" в Белоруссии" пабывала ў гасьцях у Аляксандра Мілінкевіча. Ён пачаставаў журналістаў "чэсным самагонам" на зёлках з Гарадзеншчыны і дранікамі зь мясам. Прызнаўся, што імідж прымушае яго стрыгчыся карацей. У адзеньні спадар Мілінкевіч аддае перавагу спартоваму стылю. Але ў цяперашнім ягоным статусе гэта несалідна, таму прыйшлося купіць чорнае паліто, строгія касьцюмы. А яшчэ адзінаму кандыдату падаравалі чаравікі, каб ён абышоў у іх усю Беларусь.

"Наша Ніва" ў чацьвер зьмяшчае гутарку з Валерыем Мазынскім, іміджмэйкерам новага лідэра апазыцыі пад назовам "Мілінкевіча будзем кідаць у народ". Сьвятлана Алексіевіч лічыць: "Мы на парозе цуду. …Зьявіўся годны, нармальны чалавечы твар. Ён адпавядае і часу, і драматычным падзеям, якія ў нас адбудуцца незалежна ад таго, зьменіцца гэтыя ўлада ці застанецца. У ягонай плястыцы для мяне ёсьць пэўная надзея".

"Бобруйский курьер" прыводзіць лічбы: за адзін толькі студзень у Бабруйскім раёне адбыўся 51 пажар, 13 чалавек загінала ў агні. Яшчэ журналісты "Бобруйского кур''ера" зьвярнуліся да сваіх землякоў з пытаньнем "Ці ведаеце вы тэкст нацыянальнага гімну Беларусі?" Пра вынікі апытаньня распавядае карэспандэнт газэты Віктар Качан.

(Качан: ) "Высьветлілася, што ніводзін з бабруйчанаў тэксту гімну ня ведае. Хтосьці кажа, напрыклад, што гэта палітыка, а я веруючы чалавек, у жыцьці дзяржавы ня удзельнічаю". Некалькі чалавек сказалі так: "Памятаю. "Мы, беларусы, з братняю Русьсю", вось...". Я думаю, апасьля гэтага артыкулу будуць прымушаць дзяцей дык дакладна вывучыць гімн".

Журналісты "Брестского курьера" правялі расьсьледаваньне - чаму ў вёсках Камароўка і Тамашоўка тэмпэратура ў кватэрах у маразы не ўздымалася вышэй за 12 градусаў. "На халодным пайку" называецца матэрыял. Старшыня Тамашоўскага сельсавету Пётар Македон сказаў, што праблема ў маразах. А начальнік Тамашоўскага аддзяленьня жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рудольф Меліксіцян наўпрост заявіў, што "кацельная не цягне".
XS
SM
MD
LG