Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяркуецца сустрэча Мілінкевіча з Ангелай Мэркэль


Радыё Свабода Сёньня Бэрлін на запрашэньне фундацыі імя Конрада Адэнаўэра наведаюць прадстаўнікі беларускай апазыцыі на чале з Аляксандрам Мілінкевічам.

Як вынікае з праграмы, у часе гэтага аднадзённага візыту адбудуцца сустрэчы на самым высокім узроўні. Усе кантакты носяць нефармальны характар, а таму дакладныя падрабязнасьці сустрэчаў арганізатары не афішуюць. Паводле інфармацыі зь нямецкіх журналісцкіх колаў, лідэр беларускай апазыцыі будзе прыняты міністрам замежных справаў ФРГ Франкам - Вальтэрам Штайнмаерам і бундэсканцлерам Ангелай Мэркель.

Як паведаміла Свабодзе супрацоўніца ўсходнеэўрапейскага аддзелу аднаго вядомага нямецкага выданьня, на сёньняшняе інтэрвію зь Мілінкевічам, негледзячы на цікавасьць да гэтай асобы вялікай колькасьці нямецкіх журналістаў, арганізатары запрасілі толькі аднаго Маркуса Венэра – супрацоўніка Frankfurter Allgemeine, колішняга карэспандэнта газэты ў Маскве. Спадар Венэр шмат піша пра Беларусь і мае рэпутацыю лепшага нямецкага журналіста з тых, хто асьвятляе пытаньні постсавецкіх краінаў. Паводле словаў Венэра, ягонае эксклюзіўнае інтэрвію зь Мілінкевічам зьявіцца ў друку ў гэтую нядзелю. Дарэчы, некалькі дзён таму Frankfurter Allgemeine ўжо надрукавала вялікі артыкул пра лідэра беларускай аб''яднанай апазыцыі.
XS
SM
MD
LG