Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Пуцін: галоўны здабытак эры Ельцына – свабода для расейцаў


Радыё Свабода Постаць першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына, які сёньня прымае віншаваньні з 75-цігодьдзем, дагэтуль выклікае спрэчкі. Паводле нядаўняга апытаньня Левада-Цэнтру 70% расейцаў сёньня лічаць, што ў часы Ельцына кепскага было больш, чым станоўчага.

Разам з тым ня толькі для кола ягоных прыхільнікаў, але і для шырокіх слаёў насельніцтва такія рэчы, як поўныя крамы, свабода прадпрымальніцкай дзейнасьці, свабодны выезд за мяжу, свабода чытаць, што хочаш сталі рэчамі звыклымі і нармальнымі.

Шмат хто забывае, што ўсім гэтым Расея ў значнай ступені абавязаная свайму першаму прэзыдэнту.

Ягоны пераемнік, які шмат у чым павёў Расею іншым шляхам, скасаваў тыя здабыткі, якія даў краіне ягоны папярэднік, на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі ў Крамлі казаў менавіта пра тое галоўнае, за што Расея павінна быць удзячная Ельцыну:

(Пуцін: ) "Можна як заўгодна характарызаваць той пэрыяд, і вы можаце як заўгодна ацэньваць дзейнасьць першага прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. Але безумоўным зьяўляецца адно – менавіта ў той час, калі Барыс Мікалаевіч Ельцын ўзначальваў Расею, народ нашай краіны, грамадзяне Расеі атрымалі галоўнае, дзеля чаго ўсе гэтыя пераўтварэньні рабіліся – свабоду. Гэта велізарная гістарычная заслуга Ельцына Барыса Мікалаевіча".

У гісторыі ня толькі расейскай, але і ўсясьветнай Барыс Ельцын застанецца, як постаць на танку у жніўні 1991 году, якая абвяшчае пра супраціў камуністычнаму путчу і перамогу новай свабоднай Расеі.

Празь некалькі дзён пасьля жнівеньскай перамогі ён казаў:

(Ельцын: ) "Ён, народ, вызваліўся ўжо ад страху, які меў некалькі гадоў таму.Заклікаю маіх суграмадзянаў у імя нацыянальнага адзінства распачаць стваральную працу, скіраванай на аднаўленьне і адраджэньне Расеі".

Потым было рознае – былі і сьмелыя эканамічныя рэформы, якія гаворачы словамі польскага рэфарматара Бальцаровіча “ператваралі рыбны суп у акварыюм”, было сьвята свабоднага слова, было адкрыцьцё самага вялікага бараку колішняга сацыялістычнага лягера сьвету. Як і шмат якія рэфарматары ў іншых краінах Барыс Ельцын спальваў, ахвяраваў сваёй неверагоднай папулярнасьцю канца 80-х гадоў, каб весьці сваю краіну шляхам да свабоды праз даліну сьлёз.

Але было і іншае – жахлівае маёмаснае расслаеньне, жорсткія палітычныя баталіі, якія ў 1993 годзе скончыліся крывей на вуліцах Масквы, канцэнтрацыя багацьця і ўлады ў рукох невялікай купкі нуварышаў. Было і тое, што сам першы прэзыдэнт Расеі назваў сваёй самай вялікай памылкай – вайна ў Чачэніі, рана, якая краваточыць дагэтуль.

Шматгадовую інтэграцыйную гульню з Лукашэнкам, падтрымку беларускага кіраўніка ў крытычны момант канстытуцыйнага крызысу 1996 года таксама ніяк не аднясеш да дэмакратычных зьдзяйсьненьняў Барыса Ельцына.

Аўтарытарныя, імпэрскія тэндэнцыі ў расейскай палітыцы відавочна нарасталі ў апошнія гады кіраваньня першага прэзыдэнта Расеі. У якой ступені быў вінават у гэтым былы партыйны сакратар, парваўшы са сваёй клясай, у якой ступені самае расейскае грамадзтва дыктавала такі адкат, у якой ступені працаваў закон рэвалюцыяў, якія спараджаюць этап рэстаўрацыі, але і замацаваньня рэвалюцыйных заваёваў – пра гэта спрачаюцца і яшчэ будуць спрачацца.

Ельцын стаў ці не адзіным кіраўніком Расеі, які сам сышоў са сваёй пасады. Палітык вялікага стылю – Барыс Ельцын і сысьці здолеў так, каб гэта запомнілася.

(Ельцын: ) "Сёньня я ў апошні раз зьвяртаюся да вас, як прэзыдэнт Расеі. Я прыняў рашэньне. Доўга і пакутліва над ім разважаў. Сёньня ў апошні дзень адыходзячага стагодзьдзя я сыходжу ў адстаўку".

Сышоў, нібыта паўтарыўшы формулу старажытных рымскіх консулаў, якая прамаўлялася пры здачы пасады пераемніку – Feci quod potui, faciant meliora potentes (Я зрабіў, усё, што змог. Хто зможа, хай зробіць болей).
XS
SM
MD
LG