Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выплаціць чвэрць мільёна эўра за катаваньні


Радыё Свабода Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека пастанавіў, каб расейская дзяржава выплаціла былому расейскаму міліцыянту чвэрць мільёна эўра кампэнсацыі за катаваньні за кратамі, у выніку якіх ён стаў інвалідам. Пра гэта піша сёньня “International Herald Tribune”.

“Такое не магло б адбыцца ў Расеі” – заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве 29-гадовы Аляксей Міхееў, які пасьля пералому храбта вымушаны перасоўвацца ў інвалідным вазку і жыць на пэнсію каля 100 даляраў.

Прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыі на радзіме, ён стаў шукаць справядлівасьці ў Эўрапейскім судзе ў пытаньнях правоў чалавека ў Страсбуры. І цяпер прызначаная судом кампэнсацыя пойдзе на мэдычную дапамогу інваліду.

Газэта “International Herald Tribune” адзначае, што расейская дзяржава будзе вымушаная заплаціць 250 тысячаў эўра ў адпаведнасьці з рашэньнем суду, паколькі Расея зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.

Колькасьць судовых справаў супраць Расеі ў Эўрапейскім судзе ў пытаньнях правоў чалавека штогод павялічваецца. Калі ў 2004 годзе такіх справаў было 14, то ўжо летась іх колькасьць сягнула да 83.

Справа Аляксея Міхеева спачатку разглядалася ў судзе Ніжняга Ноўгараду. У 1998 годзе яго арыштавалі па падазрэньні ў згвалтаваньні і забойстве зьніклай маладой жанчыны. У міліцыі Міхеева прымушалі прызнацца ў злачынстве і катавалі токам. Не вытрымаўшы болю, Міхееў выскачыў ў вакно і падаючы пашкодзіў храбет, у выніку яго паралізавала.

Зьніклая дзяўчына хутка знайшлася, і справу аб забойстве закрылі.

Пасьля няўдалых спробаў дамагчыся справядлівасьці на радзіме Міхееў у 2001 годзе зьвярнуўся ў Эўрапейскі суд ў пытаньнях правоў чалавека ў Страсбуры. У гэтым яму дапамагаў ніжнегародзкі Камітэт супраць катаваньняў, піша газэта. І як паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве старшыня камітэту Ігар Каляпін, цяпер яны працуюць з шэрагам падобных справаў, якія таксама разглядаюцца ў Страсбуры.

“International Herald Tribune” адзначае, што апошнія падзеі ў справе Міхеева супалі са скандалам з “брытанскімі шпіёнамі” ў Маскве. І Камітэт супраць катаваньняў быў названы сярод арганізацыяў, якія ФСБ абвінаваціў у атрыманьні грошай ад брытанскай выведкі.

Выданьне падае меркаваньне прадстаўніка Расеі ў Эўрапейскім судзе ў пытаньнях правоў чалавека Паўла Лапцева, які заявіў, што справа Аляксея Міхеева – вельмі сур''ёзная і павінна стаць урокам для ўсіх расейскіх міліцыянтаў, піша “International Herald Tribune”.

***

Беларускія грамадзяне адрозна ад расейцаў ня могуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека ў Страсбуры, паколькі пасьля рэфэрэндуму 1996 году Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Гаворыць старшыня Беларускага Хэльсынскага Камітэту Тацьцяна Процька:

(Процька: ) "На сёньняшні дзень Беларусь страціла ўсе статусы, які мела дагэтуль у Эўрапейскім Зьвязе. Нават статус спэцыяльна запрошанага для нас прыпынены. Таму для беларусаў закрытыя ўсе інстытуты, якія абараняюць правы чалавека".
XS
SM
MD
LG