Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адзначылі ўгодкі заснаваньня Віленскай беларускай гімназіі


Тацяна Поклад, Вільня 1 лютага ў Вільні традыцыйна адзначаецца Дзень гімназіі ў памяць адкрыцьця Віленскай беларускай гімназіі 87 гадоў таму, у 1919 годзе.

Традыцыя адзначаць гэты дзень была распачатая 1 лютага 1994 году ў Базыльянскіх мурах, у колішнім будынку беларускай гімназіі, з пачаткам аднаўленьня беларускага школьніцтва ў Вільні. Сьвяты ладзіць Віленская беларускамоўная школа імя Ф.Скарыны, цяпер у ёй 134 вучні і каля 30 настаўнікаў.

Дырэктарка і адна з заснавальніцаў школы Галіна Сівалава кажа, што яны лічаць сябе спадкаемцамі Віленскай беларускай гімназіі і гэта зьяўляецца асновай і асьветніцкай працы, і самаадчуваньня ўсіх далучаных да гэтай справы.

(Сівалава: ) “Вельмі цяжка зьвязаць тое, што было перарванае на паўстагодзьдзі. Мы спрабуем аднавіць традыцыі, вярнуць сьвяты, і галоўнае – любоў да беларускай мовы, – аднавіць навучаньне па-беларуску, якога ня было такі доўгі час ні ў Віленскім краі, ні ў самой Вільні. А найперш гэта зьмяняе нас саміх.”

Як звычайна, адбылася ўрачыстая акадэмія і канцэрт, самымі пачэснымі гасьцямі і прамоўцамі былі былыя гімназісты. Галіна Войцік, доктар філялёгіі, спэцыялістка па старанямецкай мове, вучылася ў гімназіі ад 1939 году да 1944, пакуль Гімназія ня была закрытая савецкімі ўладамі.

(Войцік: ) “Прыемна, што такая традыцыя склалася. Столькі гадоў ніхто нічога ня згадваў. Амаль 50 гадоў наагул нічога беларускага ў Вільні ня было. Нас, былых гімназістаў, штораз меней – на жаль. Я вучылася ў цяжкі час, але ў нас гэтага духу вайны, акупацыі не адчувалася, працавалі старыя выкладчыкі – ксёндз Адам Станкевіч, пані Алёна Сокалава-Лекант, і абсальвэнты нашай гімназіі, атмасфэра была вельмі добрая. Ведаеце, вось я вучням гэтай школы пажадала, каб яны захавалі такую памяць пра сваю школу, якую захавалі мы, вучні беларускай гімназіі.”

Яраслаў Станкевіч – таксама з апошніх вучняў Віленскай Беларускай гімназіі, ён вучыўся ў 1941 – 1944-гадох. Далейшую адукацыю ён атрымоўваў, як сам кажа, на ўсіх мясцовых мовах, ён настаўнік-мэтадыст па хіміі, пасьля адраджэньня ў Вільні беларускамоўнай адукацыі прыйшоў выкладаць у школу імя Ф.Скарыны.

(Станкевіч: ) “Жадаю беларускім вучням, каб добра вучыліся, гэта самае галоўнае: як казалі старажытныя рымляне – Non schola sed vita discimus – “не для школы – для жыцьця вучымся”. Для вучняў у Беларусі я жадаю, каб хутчэй надышоў час, каб кожны жадаючы, бязь ніякіх перашкодаў, мог вучыцца па-беларуску, каб скончылася русыфікацыя, каб прэзыдэнт Беларусі – магчыма новы, – гаварыў па-беларуску, каб зьявілася Акадэмія навук беларуская, вось тады мы ўсе маглі б жыць годна”.

Цяперашнія сьвяты Дню гімназіі маюць і новую традыцыю – штогадовую прэмію імя віленскага дзеяча беларускай культуры Юрыя Зімніцкага, заснавальніка і кіраўніка беларускага хору клюбу “Сябрына”. Грашовую прэмію паводле вуснага запавету Юрыя Зімніцкага ўсталявала і выплачвае з уласных сродкаў сям''я ягонай дачкі, Тацяны Скорай – у памяць бацькі, які “шанаваў усё беларускае”. Прэмія прызначаецца выпускнікам за посьпехі ў вучобе і беларускую грамадзкую дзейнасьць. Сёлета прэмію падзялі вучаніца 12 клясу Дар''я Ваўчок і экалягічнае згуртаваньне школы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG