Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выставу Караткевіча прыйшоў амбасадар ЗША, улады – праігнаравалі


Радыё Свабода У менскім Палацы мастацтваў адкрылася выстава “Зямля пад белымі крыламі”, прысьвечаная 75-годзьдзю з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча. Удзел у яе адкрыцьці прынялі вядомыя беларускія мастакі, літаратары й навукоўцы, а таксама амбасадар Злучаных штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джордж Крол. Прадстаўнікі афіцыйных уладаў краіны ўдзел у імпрэзе ня бралі.

Жывапісныя і графічныя бароты паводле твораў Уладзімера Караткевіча, мастацкія выявы малой радзімы пісьменьніка, ягоныя асабістыя партрэты – усяго каля 70 палотнаў зьмешчаныя на выставе.

Аднак усе задумы зрэалізаваць не ўдалося, у прыватнасьці, паказаць скульптуру, дэкаратыўнае мастацтва, паколькі імпрэза была арганізаваная намаганьнямі выключна Саюзу мастакоў без дапамогі дзяржавы – кажа адзін з арганізатараў, мастак Мікола Купава.

(Купава: ) “Ні падтрымкі, ні ініцыятывы не было. Ужо колькі гадоў не ствараюцца калекцыі, нічога не папаўняецца. Творы выдатныя, а дзяржаве яны не патрэбныя”.

Паводле спадара Купавы, запрашэньні на ўдзел у адкрыцьці выставы былі накіраваныя ў многія дыпляматычныя прадстаўніцтвы й уладныя структуры краны. Сярод нямногіх, хто адгукнуўся – амбасадар Злучаных штатаў Амэрыкі Джордж Крол, які таксама ўзяў прывітальнае слова.

(Крол: ) “Я, як дыплямат тут, у Беларусі, – гэта ня толькі мая праца й мая любоў – даведвацца пра Беларусь. Як можна разумець Беларусь – гэта толькі праз вочы й творы Караткевіча. І я спадзяюся, што ў Амэрыцы, амэрыканцы будуць больш ведаць пра Беларусь таксама праз Караткевіча”.

Джордж Крол выказаў таксама меркаваньне пра неабходнасьць перакладу твораў Уладзімера Караткевіча на ангельскую мову. На адкрыцьцё выставы прыйшлі таксама колішнія землякі Ўладзімера Караткевіча, людзі якія яго добра ведалі й сябравалі зь ім. Сярод іншых літаратар Алесь Петрашкевіч.

(Петрашкевіч: ) “Выстава гэтая глыбока кранае. Яе трэба моўчкі глядзець. Мяне вельмі ўсхвалявала, што я пабачыў нашую агульную з Караткевічасм радзіму, але гэта яшчэ й наша агульная радзіма Беларусь. Усё часьцей і часьцей мы кажам ёй: “Жыве Беларусь!” і “Жыве Караткевіч!”

Выстава праходзіць у Палацы мастацтваў у Менску й будзе доўжыцца да 12 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG