Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За тры гады ў нашай вёсцы памянялі чатырох дырэктараў саўгасу”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Прэзыдэнцкія выбары, да якіх застаецца паўтара месяца — галоўная тэма большасьці лістоў, якія прыходзяць на адрас Беларускай Свабоды. Наш даўні слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску свой новы ліст напісаў, пачуўшы 15 студзеня перадачу “Госьць на Свабодзе”, у якой на пытаньні слухачоў адказваў Сяргей Гайдукевіч — адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта. З нагоды пачутага Ільля Копыл, у прыватнасьці, піша:

“Мне вельмі не спадабалася, што Гайдукевіч у сваіх адказах на пытаньні шмат разоў спрабаваў прынізіць Мілінкевіча. Але, зь іншага боку, гэта можа азначаць, што рэйтынг Мілінкевіча значна вышэйшы, чым у яго. І гэта Гайдукевіч, відавочна, добра ўсьведамляе. Свой рэйтынг Гайдукевіч, мне здаецца, значна завышае. Напрыклад, ён кажа, што яго ведаюць мільёны людзей. Праўда, пры канцы размовы ў яго адзін раз выскачыла, што яго ведаюць сотні тысяч. Гэта ўжо больш падобна на праўду. Слухачы “Свабоды” сваімі пытаньнямі (часта непрыемнымі для Гайдукевіча, але прамымі і дакладнымі) далі належную ацэнку гэтаму палітыку, паказалі, чаго ён варты”.

Некаторыя нашы слухачы ў сваіх лістах і тэлефанаваньнях пасьля гэтай перадачы выказвалі нязгоду з тым, што Радыё Свабода дала магчымасьць выказацца Сяргею Гайдукевічу. Гэты палітык, нагадаю, вядомы сярод іншага сваім шматмільённым пазовам супраць газэты “Народная Воля”, у выніку якога яна ледзь не спыніла існаваньне. Мы ставім за мэту, шаноўныя слухачы, каб вы добра ведалі пазыцыі ўсіх чатырох палітыкаў, якія працягваюць удзел у выбарчай кампаніі. Толькі маючы аб’ектыўную і поўную інфармацыю, можна зрабіць асэнсаваны выбар. У сёньняшніх беларускіх умовах, калі дзяржаўныя мэдыі ўвогуле ня згадваюць імёнаў супернікаў Аляксандра Лукашэнкі, гэта асабліва актуальна.

Аўтар наступнага ліста — Марыя Локас зь Менску. Яна лічыць, што кіраўніцтва заходніх краін несправядліва ставіцца да палітыкі беларускага прэзыдэнта і беспадстаўна абвінавачвае яго. Цытата зь ліста:

“На сёньняшні дзень многія прэзыдэнты нахабна ўмешваюцца ў палітыку іншых краінаў. З кіраўніком нашай дзяржавы яны ня ўмеюць і ня хочуць весьці перамоваў, а карыстаюцца паслугамі розных нядобразычліўцаў, зайздросьнікаў, лайдакоў ды шпаны. Распускаюць плёткі ды ачарняюць свайго калегу. Падобнымі паводзінамі яны выклікаюць да сябе ня толькі недавер, нянавісьць, але і паказваюць сваё бескультур’е, фанабэрыю ды палітыку захопу. Даў ім народ уладу — дык няхай і працуюць у сваёй краіне. Наша Беларусь у іхную палітыку ня ўмешваецца — вось няхай і яны не замінаюць нам жыць. Болей будзе міру і згоды ў сьвеце. Няхай лепш прыедуць, паглядзяць ды павучацца ў нашага прэзыдэнта, як трэба працаваць”.

У сваім лісьце на “Свабоду” Марыя Локас зь Менску прапануе таксама наладжваць форумы прэзыдэнтаў усіх краінаў з абавязковай тэлетрансьляцыяй:

“Вось тады людзі ўбачылі б і пачулі б, што сабой уяўляе кожны прэзыдэнт. Гэта таксама пазбавіла б ад розных чутак і плётак пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі”.

Падобныя форумы кіраўнікоў эўрапейскіх краінаў, спадарыня Локас, наладжваюцца даволі часта. Адкрытыя дыскусіі наконт эўрапейскіх праблемаў (у тым ліку і на тэму правоў чалавека) шырока асьвятляюцца тэлеканаламі розных краінаў. Але беларускага лідэра на гэтыя сустрэчы не запрашаюць. Чаму? Адказ на гэтае пытаньне — ва ўсёй беларускай гісторыі апошніх дванаццаці гадоў. Коратка сфармуляваць яго складана, але паспрабую… Супольнасьць эўрапейскіх народаў выпрацавала шэраг правілаў, не выконваючы якія, нельга разьлічваць на далучэньне да гэтай супольнасьці. Правілы простыя і зразумелыя: у дзяржаве павінны быць гарантаваныя свабодныя і справядлівыя выбары; падзел уладаў; свабода сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскія правы. Чаму эўрапейскія лідэры дабіваюцца, каб Беларусь выконвала гэтыя правілы? Бо мы жывем на адным кантынэнце, і кожная краіна заклапочаная ўласнай бясьпекай і стабільнасьцю, якая ў многім залежыць ад таго, паводле якіх правілаў жывуць суседнія краіны. Аўтарытарныя рэжымы, дзе няма справядлівых выбараў і парушаюцца правы чалавека, аб’яднаная Эўропа ня лічыць дружалюбнымі і надзейнымі суседзямі.

Наш слухач Леанід Балдуеў зь вёскі Волеўкі Дубровенскага раёну ў сваім вялікім лісьце расказаў пра ўласную гісторыю барацьбы за справядлівасьць. Такую барацьбу спадар Балдуеў вядзе яшчэ з савецкага часу — у асноўным шляхам рознага кшталту скаргаў, якія рассылаў і рассылае па інстанцыях. Фрагмэнт зь ліста:

“Дзясяткі разоў пісаў я і Лукашэнку, і ў “Советскую Белоруссию”, і нават у “Народную Волю”… Дык “Народная Воля” ўвогуле не адказвала. Хоць у той жа час друкавала розных сумнеўных асобаў, якія далёкія ад рабочай клясы і сялянства. Дзяржаўныя газэты і ўстановы, так бы мовіць, “рэагавалі”. Але рэагавалі так, што ў выніку ў маёй маці і сястры ня стала ні кароўкі, ні авечкі, ні парасяці… Засталіся бязь сена, і агарод не было як узараць. Везьлі неяк зь сястрой кіляграмаў сто кінутай на полі саломы — дык і тую адабралі. Нават выганялі мяне зь вёскі ад маці і сястры за так званую “тэндэнцыйную пісаніну”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Леанід Балдуеў расказвае пра зьмены, якія адбыліся, як ён лічыць, дзякуючы ў тым ліку і ягоным намаганьням. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“За тры гады памянялі чатырох дырэктараў саўгасу. Абвінавачвалі іх у тым, што не было ні намалотаў, ні прывагаў. Хоць я паведамляў у інстанцыі пра больш сур’ёзныя парушэньні. Быдла на некаторых фэрмах утрымлівалі так, нібы гэта фашысцкія вязьні ў канцлягерах — скура ды косьці. Пры тым, што ўсе дырэктары былі дыплямаванымі спэцыялістамі, некаторыя нават з чырвонымі дыплёмамі. А скончылася ўсё тым, што людзі на сходзе абралі мясцовага чалавека зь сямю клясамі адукацыі. І саўгас у выніку крыху паправіўся, скрыпіць. Зарплата ў людзей хоць да 150 тысяч у месяц паднялася. А ў мінулыя гады ледзь да 30 тысяч дацягвала. Жывуць сяляне галоўным чынам за кошт уласнай гаспадаркі. У вёсцы, дзе 18—20 двароў, жывуць, можна сказаць, добра дзьве-тры сям’і. У асноўным гэта мэханізатары. Для іх саўгасны трактар ці конь — гэта амаль як прыватная ўласнасьць. Іншым даводзіцца куды больш складана”.

Думаю, спадар Балдуеў, такую ж ці падобную карціну можна назіраць ці не ў палове беларускіх калгасаў і саўгасаў. У вёсцы за апошнія два дзесяцігодзьдзі зьмянілася нямногае: захаваліся і тая ж татальная залежнасьць калгасьніка ад мясцовага начальства; і тыя ж усеагульныя дробныя крадзяжы з палёў і фэрмаў — з маўклівай згоды адміністрацыі, якая сама разумее, што інакш у вёсцы не пражывеш; і тыя ж жабрацкія заробкі; і ўцёкі моладзі ў горад…У якія б высокія інстанцыі і якую б колькасьць скаргаў вы, спадар Балдуеў, ні накіроўвалі, кардынальныя зьмены наўрад ці адбудуцца да таго часу, пакуль нязьменнай застаецца сама сыстэма, пакуль няма на зямлі гаспадара-ўласьніка, які б працаваў на сябе і сам распараджаўся плёнам уласнай працы.

На заканчэньне ліст ад Людмілы Кавалеўскай са Смаргоні. Слухачка піша:

“Дарагая “Свабода”, не магу я больш глядзець і слухаць дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё. Там не пачуеш беларускага слова. А колькі гэтыя “салаўі” выліваюць бруду на людзей, у якіх іншыя погляды на жыцьцё. А ўсё роўна нават тысячы ідэолягаў не прымусяць разумнага чалавека думаць так, як ім хочацца. Я пераканана, што нашым прэзыдэнтам павінен быць чалавек, які шчыра верыць у Бога. Такім я бачу Аляксандра Мілінкевіча. Гэта адукаваны, вялікай культуры чалавек, ведае сваю і некалькі замежных моваў. Разумны, ветлівы, паважае людзей любой нацыянальнасьці і веры. Я ўпэўнена: калі ён стане прэзыдэнтам, людзі ня будуць падзелены на сваіх і чужых. Мы ўсе —дзеці Божыя, і павінны любіць адзін аднаго незалежна ад поглядаў.

Мне 70 год, і я добра памятаю, як мы жылі, пакуль не было калгасаў. У вёсцы не было паліцыі, не было замкоў на дзьвярах, не было п’яніц і злодзеяў. Каноплі людзі сеялі, каб рабіць зь іх алей і віць вяроўкі, сеялі і мак — для булак ды пірагоў… А цяпер на кожным кроку міліцыя, а п’яніц, наркаманаў, злодзеяў і бандытаў — не зьлічыць”.

Напрыканцы свайго ліста Людміла Кавалеўская згадвае, што, калі атрымлівала адукацыю (а гэта было яшчэ пры Сталіну), то ўсе прадметы тады выкладаліся па-беларуску. “А цяпер, у якую б установу ні зайшла, — піша слухачка, — калі пачынаю гаварыць на сваёй мове, мяне перапыняюць зьдзеклівым “Говорите правильно”. Пішу вам гэты ліст, а сама вельмі хвалююся і плачу. І баюся, таму прашу не называць у эфіры маё сапраўднае прозьвішча і адрас”.

Упэўнены, спадарыня Людміла, што непазьбежна настане той час, калі вы бяз боязі будзеце падпісвацца ўласным імем пад сваімі сумленнымі і шчырымі лістамі, і размаўляць на дзяржаўнай беларускай мове у любым чыноўніцкім кабінэце.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG