Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночныя краіны гатовыя дапамагчы беларускім недзяржаўным арганізацыям


Аляксей Дзікавіцкі, Капэнгаген Сёньня ў Капэнгагене адбылася канфэрэнцыя экспэртаў з Даніі, Фінляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі і Ісляндыі – дзяржаваў, што ўваходзяць у Раду міністраў Паўночных краінаў – прысьвечаная сытуацыі ў Беларусі. На канфэрэнцыі абмяркоўваліся праблемы грамадзянскай супольнасьці Беларусі і шляхі падтрымкі беларускіх недзяржаўных арганізацый.

Рада міністраў Паўночных краінаў ужо мае досьвед у падтрымцы структураў грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Прыкладам, у канцы мінулага году гэтая арганізацыя выступіла зь ініцыятывай дапамагчы фінансава Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту, які вымушаны працаваць у выгнаньні. Летась у сьнежні адпаведнае рашэньне было падпісанае Генэральным сакратаром Рады міністраў Паўночных краінаў Пэрам Ункэлем. Сёньня спадар Ункэль заявіў нашаму радыё, што яго арганізацыя будзе шукаць шляхі пашырэньня супрацоўніцтва зь беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі.

(Ункэль: ) “Беларусь зусім недалёка ад нас – гэта ўсяго гадзіна-паўтары лёту. Можна сказаць, што гэта суседняя краіна: краіна, у дэмакратызацыю якой мы павінны зрабіць свой унёсак, таму супрацоўніцтва будзе працягвацца".

Паводле Пэра Ункэля, з усіх постсавецкіх эўрапейскіх краінаў зь Беларусьсю супрацоўнічаць найбольш цяжка. Прыкладам, у Расеі Рада міністраў Паўночных краінаў вядзе сталы дыялёг з уладамі, што ў выпадку Беларусі не атрымліваецца.

Прысутныя на канфэрэнцыі экспэрты адзначалі, што ўмовы для супрацоўніцтва зь беларускімі недзяржаўнымі арганізацыямі апошнім часам рэзка пагоршыліся – перадусім з-за палітыкі беларускіх уладаў, якія ўсяляк перашкаджаюць працы беларускага трэцяга сэктару. Некаторыя з экспэртаў, якія наведвалі Беларусь на запрашэньне недзяржаўных арганізацыяў, казалі, што іхныя партнэры скардзіліся пазьней на тое, што іх выклікалі ў КДБ і цікавіліся зьместам размоваў з замежнікамі.

Тым ня менш, Паўночныя краіны – і асабліва прадстаўнікі трэцяга сэктару гэтых краінаў – кажуць, што ня толькі ня спыняць, але і будуць намагацца пашырыць супрацоўніцтва зь беларускімі калегамі, бо без разьвіцьця структураў грамадзянскай супольнасьці ня можа быць пабудаваная ўстойлівая дэмакратыя. Экспэрты радзілі засяродзіцца перадусім на адукацыйных і сацыяльных праектах для жыхароў невялікіх гарадоў і мястэчак Беларусі.

Паводле вынікаў канфэрэнцыі будуць сфармуляваныя парады для Рады міністраў Паўночных краінаў, якая ўхваліць афіцыйны дакумэнт у гэтай справе.
XS
SM
MD
LG