Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: “Індэкс чалавечага разьвіцьця ў Беларусі зьнізіўся”


Радыё Свабода На пытаньні слухачоў “Свабоды” адказваюць Сяржук Семянюк, дарадца ПРААН Уладзімер Шчэрбаў, адказны сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

(Спадарыня: ) “Радыё Свабода! Чаму ніхто не задаў такога пытаньня: як можна сабраць два мільёны подпісаў шасьцю тысячамі зборшчыкаў? Гэта нерэальна! 1/5 насельніцтва Беларусі падпісалася толькі за Лукашэнку. Ніхто не праводзіў хранамэтражу: на кожнага падпісчыка патрэбна ня менш за дзесяць хвілін: трэба прыйсьці, пазваніць, дастаць пашпарт, нумар упісаць, адрас, падпісацца і г.д.”.

Адказвае Сяржук Семянюк, паводле кіраўніцтва ініцыятыўнай групы Мілінкевіча — адзін з самых эфэктыўных зборшчыкаў подпісаў:

(Семянюк: ) “Штодня мы стаялі 3—3,5 гадзіны, каля дзесяці дзён. Максымум за дзень зь пікету мы зьбіралі 120 подпісаў. Ставілі пікет побач з лукашэнкаўскім, каб людзі бачылі розьніцу — да іх зусім ніхто не падыходзіць, а да нас ідуць”.

Паводле спадарыні Ядвігі, якая зьбірала подпісы за Мілінкевіча па кватэрах, на адзін подпіс ішло каля пятнаццаці хвілінаў.

* * *

(Спадар: ) “Беларускае радыё, БТ пастаянна нам укладаюць думку, што эканоміка Беларусі наперадзе амаль усёй Эўропы, наагул, у нас — беларускі эканамічны цуд. Мы шмат надойваем малака, мяса ў нас пастаянна прыбаўленьне ў вазе, зерня шмат сабралі. Але атрымліваецца не зусім так. Пастаянна растуць кошты. І вось гэты дадатак пэнсіянэрам на 8% тут жа змазаўся ростам коштаў. Патлумачце, калі ласка, што гэта значыць”.

Супрацоўнікі прадстаўніцтва ААН у Беларусі тлумачаць: якасьць жыцьця вымяраецца праз гэтак званы індэкс чалавечага разьвіцьця (ІЧР). Адказвае дарадца прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў:

(Шчэрбаў: ) “ІЧР — індыкатар, які здольны адлюстраваць паляпшэньне дабрабыту людзей ня толькі праз даходы і грошы, але ў колькасным вымярэньні. Ён улічвае валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва, адукаванасьць насельніцтва і чаканую працягласьць жыцьця пры нараджэньні. У апошняй справаздачы ААН па ІЧР ранжыруецца 177 краінаў. Беларусь займае 67-е месца, раней яна была вышэй. Але гэта адносная велічыня”.

ААН паведамляе: у 2002 г. паводле ІЧР Беларусь займала 56-е месца ў сьпісе са 173 краінаў, саступаючы Прыбалтыцы і Польшчы і апярэджваючы Расею і Ўкраіну. Летась Расея апярэдзіла Беларусь. ІЧР улічвае і такія кампанэнты, як свабода жыцьцёвага выбару людзей, іх самарэалізацыя, узровень удзелу ў кіраваньні дзяржавай, узровень беднасьці і няроўнасьці, а таксама ступень маргіналізацыі асобных групаў насельніцтва.

* * *

(Спадар: ) “Калі Мілінкевіч выступіць на радыё? Дзе яго можна пачуць і ўбачыць?”

Адказвае адказны сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Пытаньне законнае. І калі Мілінкевіч будзе зарэгістраваны кандыдатам у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасьці з заканадаўствам Беларусі і пастановай ЦВК, яму прадастаўлена права выступіць па радыё, тэлебачаньні і прадставіць сваю перадвыбарчую праграму ў цэнтральных, рэспубліканскіх газэтах. Кандыдатаў у нас яшчэ няма. Кандыдаты зьявяцца пасьля таго, як будзе разгледжана пытаньне аб рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG