Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як беларускія дзяржаўныя мэдыі выкарысталі моцныя маразы дзеля палітычнага піяру?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 26 cтудзеня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: журналіст газэты “Наша Ніва” Зьміцер Дрыгайла і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Валер Карбалевіч: ) “Моцныя маразы, якія прыйшлі на ўвесь эўразійскі кантынэнт, беларускія ўлады выкарысталі як нагоду для прапаганды сваёй палітыкі. Беларуская тэлевізія ў рэпартажах зь Менску і рэгіёнаў настойліва даводзіла, як органы ўлады на чале з прэзыдэнтам рупяцца аб грамадзянах, робяць усе захады, каб эканоміка і людзі адчувалі сябе ў бясьпецы. Зь іншага боку, калі тэлеканалы апавядалі пра сытуацыю з маразамі ў іншых краінах, то найперш зьвярталі ўвагу на нэгатыўныя наступствы, расказвалі пра абмарожаных, пра эканамічныя страты, перабоі з пастаўкамі газу і іншае. Выходзіла, што толькі беларускія ўлады дбаюць пра народ, а ў іншых краінах поўны разлад і хаос. Які сэнс такога піяраўскага прыёму?”

(Зьміцер Дрыгайла: ) “У нас цяпер постсавецкае і квазісавецкае грамадзтва і ўлада. Апрацоўка сьвядомасьці людзей адбываецца згодна з тыповай савецкай схемай: два сьветы, два лады жыцьця. Гэта значыць, што калі ёсьць маразы і ёсьць абмарожаныя, то гэтыя абмарожаныя могуць быць толькі па-за межамі Беларусі. Ясна, што такая сытуацыя выгадная ўладам. Тым больш, што цяпер праходзіць выбарчая прэзыдэнцкая кампанія. І ўладзе выгадна паказаць, якая яна добрая, рупіцца пра сваіх грамадзянаў, як у нас у дзяржаве усё добра, а за межамі Беларусі ўсё выглядае дрэнна, кепска”.

(Уладзімер Падгол: ) “Мэта такой піяраўскай схемы адна: максымальна падняць рэйтынг Лукашэнкі, максымальна выціснуць станоўчае нават з маразоў”.

(Карбалевіч: ) “Беларуская афіцыйная прапаганда даўно стварае вобраз Беларусі як райскай выспы, асяродку стабільнасьці і спакою сярод мора хаосу, крызісаў, тэрарызму, канфліктаў і іншых узрушэньняў, якія пануюць у сьвеце. Трэба сказаць, што нічога новага тут ўлады не прыдумалі, а ўзялі цалкам савецкую прапагандысцкую мадэль, якая прасоўвала сацыяльны аптымізм, апавядала толькі пра дасягненьні й хавала недахопы. Шараговы грамадзянін з мэдыяў даведваўся, што савецкі народ ішоў у авангардзе ўсясьветнага прагрэсу ад перамогі да перамогі, а дзесьці там на “загніваючым Захадзе” падалі самалёты, адбываліся землятрусы, страйкі і іншае. Вядома, чым гэта закончылася.

Як успрымае беларускае грамадзтва гэтую пастарал, калядную казку пра сваё жыцьцё? Калі глядзець на рэйтынг даверу ўладам, Лукашэнку, то, мусіць, станоўча? Магчыма, гэта адпавядае нейкім мэнтальным якасьцям грамадзтва, ягоным чаканьням?”

(Дрыгайла: ) “Грамадзтва наша ўспрымае гэтую прапаганду па-рознаму. Гэта адбываецца з-за розных арэалаў жыцьця, з-за таго, што людзі могуць прымаюць розныя тэлеканалы і радыёканалы, чытаць незалежную ці дзяржаўную прэсу. То бок, людзі маюць розныя крыніцы інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне і за яе межамі.

Мне давялося хадзіць па кватэрах грамадзянаў у Менску з зборшчыкамі подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзыдэнты. Адны людзі кажуць, што ў нас усё вельмі добра, што правільна апавядаюць дзяржаўныя тэлеканалы пра наша жыцьцё, мы гэтаму верым — таму што ў нас расьце заробак, у хатах цёпла, ніхто не страляе, спакойна вакол. А ў іншых кватэрах людзі з больш высокім адукацыйным узроўнем цьвяроза аналізуюць працэсы, якія адбываюцца. Яны кажуць, што гэта тыповая піяр-кампанія, якая працягваецца ўжо дванаццаць гадоў і цяпер канчаткова выбудавана ў сваёй цэласнасьці.

То бок, усё залежыць ад людзей. Мне давялося езьдзіць па рэгіёнах з кандыдатам ад апазыцыі спадаром Мілінкевічам як карэспандэнту “Нашай Нівы”. Большасьць людзей па-за Менскам у невялікіх гарадах ня мае даверу да дзяржаўных крыніц інфармацыі. Бо гэта супярэчыць рэчаіснасьці, якую яны бачаць. Яны не адчуваюць таго эканамічнага росту, пра які кажуць мэдыі. Што казаць пра вялікія сацыяльныя стандарты, калі людзі вымушаныя стаяць у чэргах у выканкамах, каб атрымаць самую невялікую даведку?

Каля 30% выбаршчыкаў вераць афіцыйнай інфармацыі. Яны нічога і нікога ня хочуць ведаць. Іх задавальняе тое, што сёньня адбываецца. І яны спакойна, так бы мовіць, “чытаюць перад абедам савецкія газэты”. Яны жывуць, не зважаючы на палітыку, яны ёй не цікавяцца”.

(Карбалевіч: ) “З тэорыі палітычнай псыхалёгіі вядома, што людзі ўспрымаюць найлепш тую прапаганду, якая супадае зь іхнымі ўяўленьнямі”.

(Падгол: ) “Зьместам беларуская прапаганда дваістая і моцна адрозьніваецца ад мадэлі савецкай прапаганды. Савецкая прапаганда грунтавалася на тым, што СССР — найлепшая краіна ў сьвеце. Але тагачасны стан падаваўся як крокі да пабудовы камунізму. Людзі жылі з упэўненасьцю ў заўтрашнім дні, лепшым жыцьці, бачылі сьветлую пэрспэктыву. А цяперашняя беларуская прапаганда закладае міну пад існаваньне гэтага рэжыму. Беларусам кажуць, што вы самыя лепшыя, у вас самае лепшае жыцьцё. Але пры гэтым, ім не даецца сьветлай пэрспэктывы. На Ўсебеларускім народным сходзе каманда Лукашэнкі паспрабуе даць такую пэрспэктыву, але толькі на пяцігодку. Адсутнасьць далёкай пэрспэктывы спараджае сумненьне ў людзей: а што будзе далей?

Прывяду прыклады. У гэты панядзелак я прывёў свайго дзіцёнка ў садок. Тэмпэратура ў пакоі была 14 градусаў. Я жахнуўся, пабег дамоў, узяў электрапечку, прынёс, і ўрэшце празь некалькі гадзінаў дагналі да 19 градусаў. А ў астатніх групах было 14, дзяцей там адзявалі, хуталі. І вось уявіце сабе бацькоў, якія паглядзелі гэтую прапаганду ў нядзелю ўвечары, а ў панядзелак прывялі дзетак практычна ў лядоўню.

Толькі што прыехаў з Варшавы. Там я глядзеў польскую тэлевізію. Там паказвалі трубы, якія замерзьлі ў трыццаціградусны мароз, паказвалі замерзлых людзей. То бок, яны асьвятлялі аб’ектыўна гэтыя падзеі.

Простых прыхільнікаў Лукашэнкі сёньня пераканалі, што гэтыя, напрыклад, 14 градусаў у дзіцячым садку — часовая цяжкасьць, якая хутка будзе выпраўленая. А далей, праз год-два?

Маючы лецішча, я стала кантактую зь сялянамі, ведаю, як яны жывуць. Мясцовыя бабулькі стаяць у вялізарнай чарзе ў сельсавеце, каб ім прывезьлі напіленыя і пасечаныя дровы. За торфабрыкет увогуле ледзь ня войны разгортваюцца. Ягонае разьмеркаваньне — аснова для вялікай карупцыі там, бо торф — дэфіцыт. Гэтыя бабулі пакуль вераць Лукашэнку як добраму цару. Яны кажуць: “Мы будзем званіць Лукашэнку! Ён справядлівы, прывязе нам і дровы і торфабрыкет”.

Цяперашняя прапаганда накручвае рэйтынг Лукашэнкі. Яна спрацоўвае на кароткі тэрмін, месяц, другі да выбараў. Далей гэтая прапаганда лясьнецца і падарве ўвесь гэты рэжым. Бо добрай пэрспэктывы ня можа быць. Доўга ж так ня будзе”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, прапаганда беларускіх посьпехаў і чужых недахопаў у дзяржаўных мэдыях дае эфэкт толькі пры нейкіх пэўных умовах — напрыклад, пакуль улады маюць манаполію ў мэдыйнай прасторы Беларусі альбо пакуль прапанаваны прапагандысцкі малюнак ня надта моцна разыходзіцца з рэальнасьцю. Калі гэтыя ўмовы ня змогуць выконвацца, такая піяраўская канструкцыя можа даць адваротны эфэкт”.
XS
SM
MD
LG