Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маладафронтаўцаў затрымалі за палітычныя графіці


Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну Менску затрымалі актывістаў “Маладога фронту” Артура Фінькевіча і Аляксея Янушэўскага. Хлопцаў падазраюць у графіці палітычнага зьместу, зробленых ноччу з 31 студзеня на 1 лютага. Артура і Аляксея будуць трымаць пад вартай да 3 лютага без прад’яўленьня абвінавачаньня.

Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі далі тлумачэньні. Сьледчыя пакуль ня вызначыліся — распачынаць крымінальную справу супраць маладафронтаўцаў альбо скласьці на іх адміністрацыйны пратакол. Закон дазваляе трымаць хлопцаў пад вартай 72 гадзіны. За гэты час сьледчыя мусяць сабраць неабходныя матэрыялы, каб пракурор абраў меру стрыманьня для падазраваных альбо абвінавачаных у крымінальнай справе.

Намесьнік старшыні незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Дашкевіч лічыць, што сытуацыя са сродкамі масавай інфармацыі падштурхоўвае моладзь рабіць графіці, вывешваць расьцяжкі і наладжваць іншыя акцыі, каб выказаць грамадзкасьці свае погляды.

(Дашкевіч: ) “Ва ўмовах, калі зачынены амаль усе недзяржаўныя газэты, людзям няма дзе выказацца, хлопцы вымушаныя з дапамогай графіці даводзіць да людзей свае погляды. Трэба заўважыць, што надпісы на сьценах зьяўляюцца толькі ў недэмакратычных краінах, дзе адсутнічае свабода слова”.

Аляксея Янушэўскага днямі выключылі з пэдагагічнага ўнівэрсытэту. За яго заступаліся аднакурсьнікі, але безвынікова. Зьміцер Дашкевіч паведаміў:

(Дашкевіч: ) “Супрацоўнікі КДБ патрабавалі ад дэкана не дапускаць Аляксея да экзамэнаў. Нягледзячы на патрабаваньні некаторых выкладчыкаў факультэту, якія выкладалі ў Аляксея, не выключаць яго з унівэрсытэту, бо ён быў вельмі пасьпяховым студэнтам, Аляксея не дапусьцілі да сэсіі за нібыта пропускі заняткаў. Калі бацькі прыйшлі і запатрабавалі, каб дэкан паказаў тыя пропускі, то ён адмовіўся. Потым ён казаў ім, што Аляксей ня ў тыя справы ўвязаўся”.

Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі пакуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Раней, напрыканцы году, супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну Менску затрымалі двух актывістаў моладзевага руху “Зубр” Аляксандра Казакова і Зьмітра Зубра пасьля таго, як яны зрабілі надпісы палітычнага зьместу на будынку Цэнтральнага суду. Супраць хлопцаў ня сталі ўжываць палітычнага артыкулу, а абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам падчас затрыманьня.

У 1998 годзе Менскі абласны суд пакараў Аляксея Шыдлоўскага і Вадзіма Лабковіча за тое, што ў 1997 годзе яны разам зь некалькімі сваімі сябрамі зрабілі палітычныя графіці ў Стоўпцах. Суд расцаніў гэта як злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам. Хлопцаў пазбавілі волі. Пасьля гэтага за графіці судзілі больш як дзясятак актывістаў моладзевых рухаў. Усіх пакаралі штрафамі і папраўчымі работамі.
XS
SM
MD
LG