Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Самойла


Уладзімер Арлоў, Менск Пачатак жыцьцяпісу народжанага ў Менску 29 студзеня 1878 году Ўладзімера Самойлы – ня самы тыповы для беларускага дзеяча.

На пачатку XX стагодзьдзя ён, выпускнік Пецярбурскага ўнівэрсытэту, быў сябрам партыі кадэтаў і дэпутатам ад яе ў Менскай гарадзкой думе.

Праўда, дэпутатам Самойла таксама быў нетыповым: высока цаніў паэтычны талент Янкі Купалы і спрыяў ягонаму дэбюту ў газэце “Северо-Западный край”, а ў “Минским курьере” пісаў пра неабходнасьць беларускай школы. Часам ён (валодаючы, дарэчы, сямю замежнымі мовамі) загаворваў на паседжаньнях па-беларуску, што многія калегі-думцы, сярод якіх беларускамоўных было прыкладна столькі ж, колькі ў цяперашнім Менскім гарсавеце, успрымалі ў лепшым разе як дзівацтва.

Ад 1918 году лёс Уладзімера Самойлы зьвязаны зь Вільняй, дзе ён стаў тым, кім мы яго ведаем – глыбокім філёзафам, выбітным публіцыстам і літаратурным крытыкам.

Перачытайце ягонае бліскучае філязофскае эсэ “Гэтым пераможаш!..”, створанае ў 1920-я!

“Дэнацыяналізацыя замест жывога разьвіцьця народнае душы дае прышчэпленую на жывым карані народу, у якога зрэзана, як у дрэва, яго духовая карона – верхавіна, “плоскую і мёртвую гісторыю чужога разьвіцьця”, як выразіўся Фіхтэ”. Хіба гэта не актуальна для нас сёньняшніх?

Жыцьцёвы фінал Уладзімера Самойлы быў ужо тыповым – традыцыйна трагічным. Неўзабаве пасьля прыходу ў Вільню ў 1939-м савецкіх войскаў па яго прыехаў “варанок”. Ёсьць зьвесткі, што ў канцы чэрвеня 1941-га Самойлу разам зь іншымі палітвязьнямі Вілейскай турмы вывелі на расстрэл. У дакумэнтах НКВД гэта называлася “эвакуацыяй”.
XS
SM
MD
LG