Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навумаў ня ведае фактаў прымусовага збору подпісаў за Лукашэнку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле міністра ўнутраных справаў Беларусі, міліцыя не правярала зьвесткі пра прымусовы збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку — акрамя аднаго выпадку. Але міліцыі вядома пра парушэньні зборшчыкаў подпісаў за прэтэндэнтаў ад апазыцыі, заявіў Уладзімер Навумаў. На прэсавай канфэрэнцыі міністра ўнутраных справаў пабываў наш карэспандэнт.

Злачыннасьць у 2005 годзе павялічылася на 16%, больш выяўлена злачынцаў-міліцыянтаў. Каля трохсот міліцыянтаў летась прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, у асноўным па фактах хабарніцтва. Яшчэ 8 тысяч міліцыянтаў пакараныя ў службовым парадку, у тым ліку за грубасьць і няўвагу да скаргаў грамадзянаў.

Гэтымі зьвесткамі падзяліўся міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў на прэсавай канфэрэнцыі па выніках мінулага году. Спадар Навумаў асабліва падкрэсьліў, што міліцыя цяпер больш уважліва ставіцца да меркаваньняў грамадзянаў і апэратыўна рэагуе на іх скаргі. А ці распаўсюджваецца гэтае правіла на скаргі грамадзянаў на прымусовы збор подпісаў за Аляксандра Лукашэнку? Я запытаўся пра гэта ва Ўладзімера Навумава, спаслаўшыся на нядаўні зварот да яго прэтэндэнтаў у прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Нагадаю, прэтэндэнты заклікалі міністра пакараць парушальнікаў парадку збору подпісаў. Міністар адказаў, што да яго асабіста ніхто не зьвяртаўся.

(Навумаў: ) “Мяркую, што за дзейнага прэзыдэнта менш за іншых прымушалі падпісвацца. Дастаткова шмат было зьвестак, асабліва з рэгіёнаў, калі людзі прасілі паказаць, за каго падпісны ліст, бо ім называлі, што за Аляксандра Лукашэнку, але зборшчыкі адмаўляліся гэты ліст паказваць. Праўда, такіх скаргаў у нас не зарэгістравана, але ў апэратыўным пляне мы іх маем. А непасрэдна пра прымус падчас збору подпісаў ніхто са скаргамі не зьвяртаўся, і мы такіх праверак не рабілі, акрамя праверкі зьвестак з Інтэрнэту пра Белдзяржунівэрсытэт, што там такое адбываецца, але гэта не пацьвердзілася”.

Тэма прэзыдэнцкіх выбараў і надалей закраналася падчас прэсавай канфэрэнцыі міністра Навумава. Ён паведаміў, што міліцыя пакуль працуе ў звычайным рэжыме, а на ўзмоцнены рэжым пяройдзе толькі перад пачаткам датэрміновага галасаваньня. На пытаньне карэспандэнта “Народнай Волі” адносна затрыманьняў накладу газэты Ўладзімер Навумаў патлумачыў, што не аддаваў такога загаду сваім падначаленым. Нагадаю, наклад “Народнай Волі”, якая цяпер друкуецца ў Смаленску, падчас перавозу ў Беларусь затрымлівалі міліцыянты. Пры гэтым не ўдалося высьветліць, хто даў такі загад.

Міністра ўнутраных справаў спыталі і пра вынікі пошуку зьніклых апазыцыйных палітыкаў. Нагадаем, праз тры месяцы будзе сем гадоў, як зьнік Юры Захаранка, за ім зьніклі Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, журналіст Зьміцер Завадзкі. Спадар Навумаў заявіў, што пошукі гэтых людзей вядуцца, але яны не вылучаюцца сярод іншых зьніклых, якіх у Беларусі некалькі тысяч.
XS
SM
MD
LG