Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоля Лябедзьку не ўключылі ў склад участковай камісіі


Радыё Свабода Завяршаецца фармаваньне ўладамі ўчастковых выбарчых камісіяў. Штабы дэмакратычных прэтэндэнтаў рыхтуюцца да чарговага этапу перадвыбарчага маратону — агітацыйнай кампаніі. Разам з тым, сябры ініцыятыўных групаў шукаюць подпісы, якія згубіліся ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях.

Партыі дэмакратычнай кааліцыі, а таксама БСДП (Грамада) і Лібэральна-дэмакратычная партыя пакуль ня маюць зьвестак пра тое, каб некага зь іх сябраў уключылі ва ўчастковыя камісіі. У Менску ў выбаркамы ўключалі найперш прадстаўнікоў працоўных калектываў, адміністрацыяў, а таксама грамадзянаў, вылучаных праз збор подпісаў. Перавагу аддавалі тым, хто мае досьвед і раней працаваў у выбарчых камісіях. Прадстаўніца Цэнтральнай адміністрацыі Менску Тамара Харута сказала, што ў камісію не ўключылі нават былога дэпутата Вярхоўнага Савету, старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Спадар Лябедзька вылучаўся шляхам збору подпісаў. Прычыны такога рашэньня тлумачыць спадарыня Харута:

(Харута: ) “Таму што адпаведна з рашэньнем, ён позна падаў. У нас быў зацьверджаны колькасны склад участковых камісіяў, і адміністрацыя прыняла рашэньне не ўключаць”.

(Карэспандэнт: ) “А якога чысла ён падаў?”

(Харута: ) “27 студзеня”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж да 30 студзеня прымалі дакумэнты…”

(Харута: ) “У нас быў зацьверджаны колькасны склад участковых камісіяў. І адпаведна з раней прынятым рашэньнем, камісіі зацьвярджалі па колькасьці, што была зацьверджана раней. Прабачце, нічым больш не магу дапамагчы, мяне выклікае кіраўніцтва”.

Тым часам штаб Аляксандра Мілінкевіча працягвае змагацца за подпісы выбарнікаў, якія не былі ўлічаны Цэнтравыбаркамам. Нагадаем, пасьля агучваньня колькасьці подпісаў вынікі штабу і Цэнтральнай камісіі значна разышліся. Пасьля гэтага Цэнтравыбаркам удакладніў колькасьць здадзеных подпісаў і дадаў яшчэ каля двухсот. Аднак астатніх подпісаў камісіі яшчэ не знайшлі. Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандар Бухвостаў і старшыня менскага штабу Валянціна Палевікова працуюць у гэтым пытаньні з тэрытарыяльнымі камісіямі. Тлумачыць сябра штабу Віктар Карняенка:

(Карняенка: ) “Ня ўсюды нам адгукаюцца. Недзе гэта ёсьць абсалютна адкрытай інфармацыяй, а недзе прыхоўваюць. Само гэта выклікае нейкае непаразуменьне. А чаму нам не паказваюць таго, што фактычна адкрыта? Мы здалі подпісы. Чаму нам не паказаць? Мы лічым, што ці з-за памылкі, ці наўмысна больш як на 5 тысяч лічбу нам занізілі. Гэта прынцыпова для нас, і мы павінны знайсьці гэтыя 5 тысяч подпісаў”.

У штабе Аляксандра Казуліна сказалі, што камісіі згубілі каля 2 тысяч подпісаў, але іх потым знайшлі, і Цэнтравыбаркам гэта прызнаў. Але паводле кіраўніка штабу Мечыслава Грыба, засталося яшчэ каля 500 згубленых подпісаў. Штабы дэмакратычных прэтэндэнтаў ужо рыхтуюцца да агітацыйнай кампаніі. Да прыкладу, у штабе спадара Мілінкевіча пачалося навучаньне валянтэраў-агітатараў, якія будуць езьдзіць па краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG