Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мілінкевіч паўтарае памылкі Лябедзькі і Вячоркі...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 1 лютага. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Свабода”! Хлусьнёй не займайцеся!”

(Спадарыня: ) “Радыё Свабода! Чаму ніхто не задаў такое пытаньне: як можна сабраць два мільёны подпісаў шасьцю тысячамі зборшчыкаў? Гэта нерэальна! Ніхто не праводзіў хронамэтраж, дзе 1/5 насельніцтва Беларусі падпісалася толькі за Лукашэнку. Зноў пачалася фальсыфікацыя перад выбарамі. Я ўпэўнена, што столькі подпісаў ніхто не сабраў бы. Хіба толькі пад аўтаматам паставілі ўвесь дом і сказалі: “Нясіце пашпарты і падпісвайцеся!” Бо на кожнага падпісчыка патрэбна ня менш за 10 хвілін: трэба прыйсьці, трэба пазваніць, трэба дастаць пашпарт, трэба нумар упісаць, адрас, падпісацца і г.д. Гэта фальсыфікацыя перад выбарамі! І навошта Аляксандру Рыгоравічу 2 мільёны подпісаў? Яму б хапіла 200-300 тысячаў, калі ён усё роўна думае, што яго зноў выберуць прэзыдэнтам”.

(Спадар: ) “У мяне вось якое пытаньне. Наша радыё беларускае, тэлебачаньне БТ пастаянна нам укладвае думку такую, што эканоміка Беларусі наперадзе амаль што ўсёй Эўропы, усіх эўрапейскіх краін, наогул, у нас – беларускі эканамічны цуд. Мы шмат надойваем малака, мяса ў нас пастаянна прыбаўленьне ў вазе, зерня шмат сабралі. Мабыць, трэба радавацца гэтаму, гэта добра. Але на справе атрымоўваецца не зусім так. Пастаянна растуць розьнічныя кошты. І вось гэты дадатак пэнсіянэрам у 8 адсоткаў тут жа змазаўся ростам коштаў. І ў выніку народ нічога не атрымаў. Патлумачце, калі ласка, што гэта значыць”.

(Уладзімер: ) “Наконт вашага пытаньня, якім павінен быць прэзыдэнт Беларусі. Перш за ўсё, прэзыдэнт Беларусі павінен быць моцным загартаваным чалавекам, у першую чаргу маральна, і фізычна таксама. Па-другое, ён павінен падтрымліваць добрыя адносіны з усімі суседзямі, як з Расеяй так і з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй, а таксама добрыя адносіны з краінамі Заходняй Эўропы. Але галоўнае ён павінен прытрымлівацца палітыкі нэўтралітэту. То бок, пакуль што Беларусь ня можа ўваходзіць у ніякія зьвязы: ні ў зьвязы з Расеяй, ні ў Эўразьвяз, бо спачатку трэба адбыцца як нацыя, усталявацца, умацавацца, а потым трэба разважаць, куды трэба ўступаць. І, па-трэцяе, прэзыдэнт будучы павінен ведаць, што ёсьць такое сучасны беларускі народ альбо нацыя, ня кніжная нацыя, а тая, якая існуе ў рэальнасьці. Вось такі мінімальны набор патрабаваньняў да будучага прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “Слухач задаваў пытаньне: за якія грошы дэмакраты езьдзяць за мяжу. Калі ён аб’ектыўны чалавек, то павінен працягнуць пытаньне: дзе, зь якой кішэні Лукашэнка ўзяў грошы больш за паўмільярда, каб узнагародзіць рускую праваслаўную царкву, дакладней, сябра Філарэта. Гэта лукашэнкаўская паралельная ўлада ідэалягічнай вэртыкалі. Яшчэ не пачалася выбарчая агітацыя, а ён ужо ажыцьцявіў подкуп электарату”.

(Спадар: ) “Апошнія 15 год беларускую апазыцыю ўзначальвалі Лябедзька і Вячорка. За гэтыя 15 год яны сотні разоў пабывалі на Захадзе, дзе ім выказалі падтрымку як у Злучаных Штатах Амэрыкі, так і ва ўсіх краінах Заходняй Эўропы. Але калі стала пытаньне аб выбары адзінага кандыдата, выбралі нікому невядомага палітыка Мілінкевіча. Чаму так адбылося? Таму што людзей гэтыя іх замежныя паездкі дасталі! Таму што там яны акрамя жыраваньня нічога не рабілі! Працаваць трэба было сярод беларускага народу!

Тую саму памылку зараз паўтарае Мілінкевіч, які яшчэ нават ня стаў кандыдатам у прэзыдэнты, ужо дзесяткі краінаў аб’езьдзіў, быў прыняты ў самых высокіх інстанцыях у Заходняй Эўропе. Але ж беларусам патрэбны ня стаўленік Захаду, а патрэбны народны прэзыдэнт! І таму ў такіх умовах стаць прэзыдэнтам больш шанцаў мае і Лукашэнка, і той жа Казулін, які больш сьціпла сябе паводзіць на беларускім палітычным полі”.

(Спадар: ) “Па-першае, просьба. Калі Мілінкевіч выступіць на радыё? Дзе яго можна пачуць? Калі ласка, зрабіце гэта. Цікава будзе паслухаць.

Па-другое, наконт страшнай падзеі, якая адбылася з хлопчыкам-салдацікам. І вось Пуцін на прэс-канфэрэнцыі абгрунтавана выказаў, чаму гэта адбылося. Абагульняючы, ён сказаў: “Якое грамадзтва, такія і паводзіны”. Гэты ж хлопец, які мучыў гэтага салдата, ён жа не з Луны зваліўся, ён жа прыйшоў з грамадзтва, ён жыў у той вёсцы, дзе людзі так сябе паводзяць! Вось адсюль і плясаць трэба!”

(Мікалай Бельскі: ) “Якім чынам адкрываецца другое дыханьне?

Прыклад таго, што яно ёсьць.

Калі служыў у войску – пабіў рэкорд па падняцьцю гантэляў качка сяржанта Рысіна, які паднімаў гантэлі 300 разоў, кожная зь якіх па 6 альбо 8 кг. Будучы бульбашом, асьмеліўся пабіць гэты рэкорд. Калі набліжаўся да рэкорду, ня гледзячы на стомленасьць, вырашыў не спыняцца да таго часу, пакуль назіральнікі маглі б убачыць тое, што яшчэ магчыма было зрабіць для перамогі. І адбылося нечаканае: з кожным падняцьцем гантэляў адчуў нарастаючую сілу сваіх канечнасьцяў. 300, 400, 500, 600 – гантэлі страцілі рэальную вагу. Вырашыў – дастаткова. З тыдзень балелі мышцы. Павіншаваў зь перамогай адзін сяржант. Пытаньне задаў, калі ласка, адкажыце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG