Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш: ЗША павінны весьці сьвет да свабоды


Радыё Свабода Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш выступіў на сумесным паседжаньні Сэнату і Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з традыцыйным штогадовым зваротам да нацыі. У пяты раз за гады свайго знаходжаньня ў Белым доме ён раскрыў перад амэрыканскім народам сваё бачаньне галоўных задач як зьнешняй, гэтак і ўнутранай палітыкі.

52-хвілінная прамова прэзыдэнта практычна пасьля кожнай прамоўленай ім тэзы спынялася авацыямі, бальшыня дэпутатаў рабіла гэта стоячы.

Пачаў Джордж Буш сваю прамову з выкладаньня свайго бачаньня міжнародных праблемаў. І тут, як, дарэчы і ў іншых частках прамовы, выразна гучала слова “to lead” – быць наперадзе, весьці, ачольваць. “Амэрыка павінна весьці сьвет да свабоды”, – заявіў прэзыдэнт ЗША.

У цэнтры ягонай увагі былі барацьба з тэрарызмам, дапамога ва ўсталяваньні новых дэмакратыяў у Іраку і Аўганістане, іранская ядзерная праграма, мірны працэс на Блізкім усходзе. Адзначыўшы сваю павагу да Ірану і іранскага народу, Буш заявіў, што іранскі народ зьяўляецца закладнікам ісламісцкага рэжыму, і што сьвет не павінен дазволіць Тэгерану распрацоўваць ядзерную зброю. Прэзыдэнт падкрэсьліў, што ЗША працягваюць змаганьне з тэрарыстычнымі сеткамі і баевікамі ў Аўганістане і Іраку.

(Буш: ) “Мы працягваем змаганьне з тэрарыстычнымі сеткамі. Мы забілі ці захапілі многіх іхніх лідэраў і тых, хто яшчэ застаецца на свабодзе, чакае такі ж лёс. Мы застаёмся на сваіх пазыцыях у Аўганістане, дзе цудоўныя прэзыдэнт і нацыянальная асамблея змагаюцца з тэрорам, будуючы інстытуты новай дэмакратыі. Мы наступальныя ў Іраку і маем ясны плян адносна перамогі.”

Прэзыдэнт Буш зазначыў таксама, што важна дапамагчы новым дэмакратыям у Іраку і Аўганістане перамагчы карупцыю і адбудаваць эканоміку. Буш заклікаў рух “Хамас”, які перамог на парлямэнцкіх выбарах у Палестынскай аўтаноміі, прызнаць дзяржаву Ізраіль, раззброіцца і спыніць тэрарызм.

Джордж Буш падкрэсьліў, што адзіным спосабам абараніць свой народ, забясьпечыць мір і самастойна вызначаць свой лёс – гэта быць лідэрам.

Значная частка прамовы прэзыдэнта ЗША была прысьвечаная ўнутраным праблемам краіны. Найперш Джордж Буш вельмі высока ацаніў стан сучаснай амэрыканскай эканомікі, якая, як ён падкрэсьліў, апярэджвае іншых. Аднак, на ягоную думку, нельга заспакойвацца, бо ва ўмовах дынамічнай усясьветнай эканомікі ЗША сутыкаюцца з новымі канкурэнтамі, такімі, як Індыя і Кітай. У эканамічнай сфэры Амэрыка таксама павінна быць усясьветным лідэрам, – заявіў Джордж Буш. Шлях да гэтага ляжыць праз тэхналягічныя інавацыі.

Джордж Буш падкрэсьліў, што ЗША “захапляюцца” блізкаўсходняй нафтай і прапанаваў скараціць патрэбу ЗША ў блізкаўсходняй нафце болей як на 75 працэнтаў. Прэзыдэнт лічыць, што краіна павінна разьвіваць новыя энэргетычныя тэхналёгіі, каб спыніць сваю залежнасьць ад замежных пастаўшчыкоў з нестабільных частак сьвету. Шмат увагі ў прамове было нададзена таксама праблеме рэфармаваньня сацыяльнай сфэры, найперш, у сыстэмах аховы здароўя і адукацыі.

Завяршыў свой выступ Джордж Буш словамі “Мой Бог, блаславі Амэрыку!”
XS
SM
MD
LG