Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ута Цапф: "Сытуацыя ў Беларусі значна пагоршылася"


Радыё Свабода Кіраўніца рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі нямецкая сацыял-дэмакратка Ута Цапф, якая прыехала ў Менск “дзеля азнаямленьня зь беларускай сытуацыяй напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”, у сваім інтэрвію "Свабодзе" заявіла, што “гэтая сытуацыя значна пагоршылася”. Паводле яе словаў, “апошнім часам істотна ўзмацніўся ціск рэжыму на апазыцыю, няўрадавыя : арганізацыі, незалежныя СМІ”.

(Цапф: ) “Але гэта ня толькі мае ўражаньні. Падобныя ж меркаваньні выказваюць прадстаўнікі Бюро правоў чалавека АБСЭ (БДІПЧ АБСЭ), якія рабілі падрыхтоўку да назіраньня за выбарамі. Таксама прадстаўнікі эўрапейскіх амбасадаў у Беларусі. Паводле іхных сьведчаньняў, напярэдадні выбараў рэпрэсіі набіраюць моц, паколькі Лукашэнка хоча іх выйграць любым шляхам выйграць. Зь іншага боку, вельмі сумнеўнымі расцэньваюцца ў гэтай сытуацыі шанцы апазыцыі на перамогу. Мы не выключаем таго, што вынікі выбараў могуць адлюстроўваць сапраўдныя настроі ў грамадзтве – людзі абяруць таго, каго больш захочуць. Але зусім ня гэта трэба расцэньваць, як адпаведнасьць ці неадпаведнасьць крытэрам АБСЭ”.

Мы папрасілі парлямэнтарку АБСЭ Уту Цапф пракамэнтаваць апошнія рэзалюцыі па Беларусі такіх эўрапейскіх арганізацыяў, як Эўрапарлямэнт, Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы, Рада Эўразьвязу. У гэтых дакумэнтах беларускі рэжым адкрыта папярэджваецца адносна магчымага ўвядзеньня розных дыпляматычных санкцыяў у выпадку калі Менск праігнаруе стандарты АБСЭ і выбары ня будуць свабоднымі і празрыстымі.

(Цапф: ) “Вы ведаеце, я даволі стрымана стаўлюся да розных пагрозаў, санкцыяў і гэтак далей. Я па-ранейшаму веру ў моц дыялёгу. Эўропе і Беларусі па-ранейшаму трэба сур’ёзна думаць пра ягоны новы пачатак, пра тое, як і якім чынам вырашаць тыя ці іншыя праблемы.

Цяпер мы атрымалі пэўныя сыгналы з боку беларускага МЗС. Мы паразмаўлялі са спадаром Мартынавым, які прадэманстраваў сваю гатовасьць да дыялёгу.

Магчыма, гэта будзе новы тон дыялёгу – адкрыты і крытычны – аднак дыялёг будзе працягнуты. Зразумела, у часе цяперашняга візыту мы бачылі і поўную негатовасьць да дыялёгу. Я маю на ўвазе сёньняшняе наведаньне міністэрства юстыцыі. Калі мы гаварылі пра апошнія антыдэмакратычныя папраўкі да крымінальнага кодэксу, то суразмоўцы рабілі выгляд, што ўсё ў парадку, што ўсё дзеля абароны грамадзтва. Шчыра кажучы, мы не чакалі іншага. Але, падкрэсьлю, санкцыі, з майго гледзішча, пакуль яшчэ нічога добрага не прынесьлі і не прынясуць”.

Рабочая група АБСЭ па Беларусі мела шмат сустрэчаў з апазыцыяй, няўрадавымі арганізацыямі, незалежнымі СМІ. Ці маюць сапраўдную моц гэтыя сілы, дзейнасьць якіх з кожным днём становіцца ўсё больш абмежаванай? Меркаваньне Ўты Цапф:

(Цапф: ) “Як ні дзіўна, у апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці захавалася шмат сілы. Паколькі, мне падаецца, яны разумеюць, што гэта вельмі доўгі працэс – зьмяніць штосьці ўнутры гэтага грамадзтва. Яны фармулююць доўгатэрміновую палітыку і не разьлічваюць на хуткія вынікі цягам адных выбараў”.
XS
SM
MD
LG