Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дзяржаўная прэса асьвятляе візыты Мілінкевіча?


Радыё Свабода Сёньня Аляксандар Мілінкевіч выступіў на паседжаньні Камітэту міжнародных дачыненьняў Эўрапейскага парлямэнту. За апошні месяц прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Мілінкевіч меў шмат сустрэчаў на самым высокім узроўні ў краінах Эўразьвязу. Калі параўнаць з графікам міжнародных сустрэчаў і афіцыйных візытаў дзейнага кіраўніка дзяржавы, то істотная перавага будзе на баку кандыдата ад аб’яднанай апазацыі. А ці пішуць беларускія дзяржаўныя мэдыі пра міжнародныя кантакты Аляксандра Мілінкевіча?

Газэта адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” мае на сваім сайце адмысловы разьдзел, прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам, аднак там зьмешчаныя толькі дакумэнты Цэнтравыбаркаму пра выбарчую кампанію, і ніводнага слова пра патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта акрамя Аляксандра Лукашэнкі.

У сёньняшнім нумары ўрадавай газэты “Рэспубліка” пра Мілінкевіча ізноў жа ніводнага слова.

Згадвае пра Аляксандра Мілінкевіча газэта “Звязда”, якая са спасылкай на сакратара Цэнтравыбаркаму Мікалая Лазавіка, распавядае пра тое, што чатыры прэтэндэнты сабралі больш за сто тысячаў подпісаў.

У нядзельнай Панараме на БТ імя Аляксандра Мілінкевіча ізноў жа не называлася, пры тым, што праўдападобна, менавіта яму быў прысьвечаны сюжэт, у якім студэнткі скардзіліся на тое, што нібыта пад выглядам збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку, зборшчыкі ўзялі іхныя подпісы за іншага кандыдата, ізноў жа імя не называлася.

Такім чынам выглядае, што дзяржаўныя мэдыі абралі гэтак званую тактыку замоўчваньня.

Але ж вернемся да сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча на высокім узроўні. Гэты сьпіс амаль штодня папаўняецца. Учора ён сустракаўся з кіраўнікамі Эўразьвязу – з эўракамісарам у зьнешніх сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі Хавіерам Салянам. 1 лютага мае сустрэцца з кіраўніком Эўракамісіі (галоўнага выканаўчага органу Эўрапейскага Зьвязу).

25 студзеня Аляксандра Міліекевіча прымаў прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі. Раней ён сустракаўся з прэм’ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам. Дадам, што Аляксандар Мілінкевіч стаў першым грамадзянінам Беларусі, які выступіў з трыбуны парлямэнту Польшчы.

На мінулым тыдні Мілінкевіч прамаўляў на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. У сярэдзіне студзеня ў Парыжы ён сустракаўся з кіраўніком МЗС Францыі, у лістападзе з прэзыдэнтам Літвы, яшчэ раней з міністрам замежных справаў Украіны.

Выглядае, што пра ўсе гэтыя сустрэчы добра вядома дзейнаму кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнка, як падчас інтэрвію беларускім тэлеканалам зрабіў наступную рэмарку, гаворачы пра тое, дзе працуюць патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта. Лукашэнка сказаў:

(Лукашэнка: ) “У Брусэле, Парыжы, Варшаве, Вільне. Часткова ў Кіеве”.

Да гэтай рэмаркі Аляксандра Лукашэнкі дадам толькі, што пасьля Брусэля Аляксандар Мілінкевіч накіруецца ў Бэрлін, так што гэты сьпіс пашырыцца, куды яго запрасіла Ангела Мэркель.

***

Пакуль беларускія дзяржаўныя мэдыі захоўваюць маўчаньне, пра візыт беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Мілінкевічам у Брусэль пішуць многія эўрапейскія і сусьветныя сродкі масавай інфармацыі. Пра візыт Аляксандра Мілінкевіча штогадзіну паведамляе тэлеканал "Euronews". Сёньня прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах бярэ ўдзел ў дыскусійным клюбе радыёстанцыі “Нямецкая хваля”, а таксама дае інтэрвію брытанскай газэце "Файнэншл таймс".

Гл. таксама • А.Мілінкевіч запрасіў эўрапейскіх дэпутатаў у Менск • А.Мілінкевіч: Эўропа павінна ўдзельнічаць у дэмакратызацыі Беларусі • Эўразьвяз – за санкцыі супраць афіцыйнага Менску • А.Мілінкевіч правёў сустрэчы з кіраўнікамі Эўразьвязу • Эўропа ня хоча спрашчаць візавы рэжым для беларусаў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG