Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія палітыкі далей крытыкуюць прэм''ера за падтрымку Казуліна


Тацьцяна Поклад, Вільня Пасьля юбілейнай імпрэзы літоўскіх сацыял-дэмакратаў у мінулую суботу ў Вільні літоўскі прэм''ер, лідэр літоўскіх сацыял-дэмакратаў, заявіў, што падтрымлівае кандыдата на прэзыдэнта Беларусі кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксандра Казуліна. Гэта выклікала рэзкую крытыку з боку літоўскіх палітыкаў з партыі кансэрватараў, а таксама аўтарытэтных літоўскіх палітолягаў.

Сёньня найбуйнейшае балтыйскае інфармацыйнае агенцтва BNS распаўсюдзіла яшчэ адну крытычную заяву адносна пазыцыі прэм''ера Літвы ў беларускім пытаньні. Літоўскія палітолягі заявілі, што прэм''ер-міністру А.Бразаўскасу яго дачыненьні зь беларускімі сябрамі па парты важнейшыя за эўрапейскую тэндэнцыю ў змаганьні за беларускую дэмакратыю – падтрымку адзінага кандыдата ад апазыцыі.

Прэм''ер цьвердзіць, што ня бачыць нічога дрэннага ў тым, што дэкляраваў сваю падтрымку А.Казуліну, калегу сацыял-дэмакрату, хаця прэзыдэнт Літвы і Эўразьвяз выказвае падтрымку іншаму кандыдату – А. Мілінкевічу, абранаму Кангрэсам дэмакратычных сілаў.

Дырэктар Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага ўнівэрсытэту Раймундас Лапата адзначае, што “хаця і выглядае зразумелым жаданьне літоўскіх сацыял-дэмакратаў падтрымліваць сувязі зь беларускімі калегамі, аднак, з улікам спэцыфікі сытуацыі ў суседняй краіне, яны павінны былі разабрацца, хто ёсьць хто ў Беларусі. Пасьля заявы А.Бразаўскаса высьветлілася, што дэманструецца падтрымка рэжыму, а не альтэрнатыўнаму кандыдату”.

Іншы аўтарытэтны літоўскі палітоляг, дырэктар “Беларускага інстытуту” Лаўрас Белініс адзначыў з гэтай нагоды, што “сацыял-дэмакраты ня мелі і дасюль ня маюць яснай пазыцыі што да беларускага пытаньня.”

Тым часам літоўская парлямэнцкая апазыцыя, камэнтуючы прыезд А.Казуліна ў Вільню, скрытыкавала літоўскі ўрад за бюракратычныя затрымкі ў дзейнасьці Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Літве.

Парялмантар А. Кубілюс, лідэр партыі кансэрватараў, у часе сваёй прэсавай канфэрэнцыі сказаў: “А.Лукашэнка мае падзякаваць А.Бразаўскасу за гэта”, маючы на ўвазе сустрэчу літоўскага прэм''ера з А.Казуліным, і адзначыў, што “пасьля такой намэнклятурнай гульні ў замежнай палітыцы ня дзіўна, што заходнія палітычныя лідэры і экспэрты неафіцыйна выказваюць усё больш зьдзіўленьня адносна новых манэўраў літоўскай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі”.

Лідэр літоўскай парлямэнцкай апазыцыі скрытыкаваў і іншую, паводле яго словаў праяву “палітыкі сяброўства ўпотайкі з адміністрацыяй А.Лукашэнкі ” – тое, што тармазіцца справа юрыдычнага афармленьня статусу Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які пачаў дзейнічаць у Літве, але толькі ў якасьці грамадзкай установы і дасюль не акрэдытаваны як ВНУ.

А.Кубілюс сказаў: “Наколькі мне вядома, бюракраты Міністэрства асьветы вынаходзяць усё новыя аргумэнты, каб толькі не давесьці да ладу юрыдычны статус гэтага ўнівэрсытэту. Нашыя бюракраты ўпарта ажыцьцяўляць новую канцэпцыю дачыненьняў з рэжымам А.Лукашэнкі: калі Лукашэнку не падабаецца такі ўнівэрсытэт, так і нам ён не надаецца.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG