Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СТБ: “Фільм паводле Салжаніцына набыць не ўдалося”


Радыё Свабода Сёньня на пытаньні слухачоў Радыё Свабода адказваюць Рыта Шыманко, Мікалай Журавовіч, Мікалай Лазавік і службовыя асобы “Беларусбанку”.

Спадар, які не назваў свайго імя, пытаецца пра трансьляцыю на Беларусь фільму Глеба Панфілава паводле раману Аляксандра Салжаніцына “Ў коле першым”:

(Спадар: ) “Па канале РТР пачалі паказваць фільм паводле раману А.Салжаніцына пра сталінскія лягеры. Але тэлеканал “Россия” ў Беларусі не паказвае яго. Ці зьвязана гэта з тым, што ў нашай дзяржаве афіцыйна аднаўляецца культ асобы Сталіна і што ён падаецца нам як геніяльны палкаводзец і кіраўнік дзяржавы?”

СТБ з 2003 году мае права на трансьляцыю праграмаў каналу “Россия” па Беларусі. Вось што паведаміла адказны сакратар праграмнай дырэкцыі СТБ Рыта Шыманко:

(Шыманко: ) “Мы ўсё гэта выслухоўваем ужо трэці дзень — палітычныя матывы, маўляў. Уся справа ў грошах. Мы не набылі правоў. Гэта дарагі праект РТР. “Майстра і Маргарыту” мы яшчэ пацягнулі, а гэта ня здолелі. Ідуць перамовы. Яны сказалі, што прэм’ерны паказ будзе толькі ў іх, а потым, калі зьнізяць кошт, можа, мы фільм і купім”.

***

Наступны слухач цікавіцца лёсам страчаных укладаў — відавочна, савецкага і постсавецкага часу:

(Спадар: ) “Скажыце, калі ласка, дзе тыя грошы, які ўкладалі людзі ў банк на захаваньне? Да сёньняшняга дня яны замарожаныя і выніку не прыносяць. Хто ў гэтым вінаваты: Шушкевіч альбо Лукашэнка?”

Адказвае супрацоўніца інфармацыйна-даведкавай службы “Беларусбанку”:

(Супрацоўніца: ) “Усім людзям можна атрымаць кампэнсацыю па ўкладах, якія ляжалі ў банку ў тыя гады — савецкія і пазьней. Хай зьвяртаюцца ў тую ашчадкасу, дзе быў рахунак. Пачатак выплаты кампэнсацыяў прыпаў на 2000 год. І ўсе атрымалі адказ”.

Аднак кампэнсацыя будзе няпоўнай, папярэджвае прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Мікалай Журавовіч:

(Журавовіч: ) “Пытаньне патрабуе дадатковых сродкаў, якіх пакуль у дзяржавы няма. Калі будуць грошы, тады будуць кампэнсаваць. Пакуль жа кампэнсуецца пэўная частка празь “Беларусбанк”. У нас падрыхтаваная праграма. Каб кампэнсаваць страчаныя ўклады, патрэбна больш як мільярд даляраў ЗША”.

На пытаньне, хто вінаваты ў страце банкаўскіх укладаў, банкіры адказу не даюць.

***

(Спадар: ) “Наконт вашага паведамленьня аб тым, што нібыта сам спадар Кавалёў паведаміў, што грамадзяне Расеі гатовыя прыехаць у Беларусь і весьці агітацыю на карысьць Лукашэнку. Дык няўжо гэты самы галоўны заканадаўца ня ведае, што тым самым будзе парушаны артыкул 45 Выбарчага кодэксу, які такую агітацыю замежнікам забараняе!”

Слухач, хутчэй за ўсё, мае на ўвазе інфармацыю БелаПАН, якая прагучала ў эфіры “Свабоды” 30 студзеня: паводле Ўладзімера Канаплёва, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, некаторыя расейскія дэпутаты гатовыя прыехаць у Беларусь, каб агітаваць за Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта, маўляў, дасягнутыя дамоўленасьці, у прыватнасьці з Генадзем Зюганавым і Сяргеем Бабурыным. Пытаньне аб законнасьці такой агітацыі мы адрасавалі адказнаму сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку.

(Лазавік: ) “На самай справе, Выбарчы кодэкс забараняе ўдзел замежных грамадзянаў у агітацыйнай працы падчас выбараў. Напэўна, не зусім правільна прачытаная гэтая заява пра Канаплёва. Я сам учора даведаўся пра гэта з паведамленьня БелТА. Там сказана, што некаторыя расейскія дэпутаты выказалі гатоўнасьць прыехаць. Але гэта не азначае, што яны ўжо прыехалі”.
XS
SM
MD
LG