Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўжо створана большасьць участковых выбаркамаў


Радыё Свабода Большасьць раённых адміністрацыяў Менску сфармавала ўчастковыя выбарчыя камісіі. Паводле папярэдніх зьвестак, апазыцыя мае невялікія шанцы патрапіць у выбаркамы. Значная частка сябраў гэтых камісіяў вылучана працоўнымі калектывамі і праз збор подпісаў. Сярод грамадзкіх арганізацыяў, якія туды патрапілі, найчасьцей называюць праўладны БРСМ.

У адміністрацыях скардзяцца на апазыцыйныя палітычныя партыі — яны, маўляў, дрэнна паставіліся да вылучэньня сваіх прадстаўнікоў у склад выбаркамаў. Да прыкладу, прадстаўніца Ленінскай адміністрацыі Любоў Даманская наракала на Аб’яднаную грамадзянскую партыю:

(Даманская: ) “Паказваю: “Парадак дня: аб вылучэньні прадстаўнікоў АГП у склад участковых выбаркамаў па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў”. Гэты пратакол мы не маглі разглядаць, паколькі цяпер выбарчая кампанія прэзыдэнта Беларусі”.

Недахопы ў афармленьні заўважаны і ў ПКБ:

(Даманская: ) “Ну вось, тут замазана. Адрасы замазаны, перапісаны. Усюды тут напісана друкаваным тэкстам, а тут канкрэтна прозьвішча напісана рукой”.

Спадарыня Даманская наракала, што і БСДП (Грамада) падала дакумэнты вельмі позна, таму яе прадстаўнікоў у камісіі таксама не ўключылі. Але ж заява гэтай партыі зарэгістравана 24 студзеня, і парушэньняў тут няма.

(Даманская: ) “Да нас ужо пратаколы і заявы прынесьлі ўсе, і ў нас не было падставаў адмовіць іншым. І калі разглядалі, мы разглядалі і чарговасьць падачы, па тэрмінах”.

Прадстаўнік Першамайскай адміністрацыі Менску Мікалай Раманюк заявіў:

(Раманюк: ) “Тыя пратаколы, якія надрукавалі камуністы на нейкай машынцы падпольнай, якойсьці бабулі даручылі, яна чорт ведае што туды напісала. Ну, як можна так — зрабіць пратакол і не ўпісаць прозьвішча чалавека, якога вылучылі! Цырк дый годзе. Калі б вы пабачылі гэтыя дакумэнты, дык упалі б. Такога дрэннага падыходу не было ніколі”.

Наконт сьпісу Аб’яднанай грамадзянскай партыі таксама ёсьць заўвагі:

(Раманюк: ) “За 60 працэнтаў — тыя людзі, якія нідзе не працуюць. Гэта студэнты і пэнсіянэры. Што гэта за падыход?”

У Савецкім раёне створаны 73 выбаркамы. Паводле прадстаўніцы адміністрацыі Галіны Канапацкай, ніхто зь сябраў апазыцыйных партыяў ня ўключаны. Яна заўважыла адносна сьпісу Аб’яднанай грамадзянскай партыі:

(Канапацкая: ) “Па-першае, у іх людзі ня маюць магчымасьці працаваць у камісіі. Яны ўсе беспрацоўныя. Значыць, мы ня ведаем, хто і што гэта. Гэта ўжо насьцярожвае”.

Таксама спадарыня Канапацкая адзначыла, што ПКБ вылучыла людзей 1922—1923 гадоў нараджэньня, а ў камісіях, маўляў, трэба працаваць.

Прадстаўніца Партызанскай адміністрацыі Менску Людміла Старасьціна таксама сказала, што ніхто з апазыцыйных партыяў у выбаркамы ня трапіў, дый прэтэндэнты адмаўляліся працаваць у гэтых камісіях:

(Старасьціна: ) “Там памылак, як няведама чаго. І я правярала. Я тэлефанавала, выходзіла на людзей, пыталася: ці згодны вы працаваць у гэтай камісіі? Адказвалі: не, не, не, не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG