Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч запрасіў эўрапейскіх дэпутатаў у Менск (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч, які знаходзіцца з трохдзённым візытам у Брусэлі, выступіў на паседжаньні Камітэту міжнародных справаў Эўрапейскага парлямэнту. Ён папрасіў усіх дэпутатаў, якія прысутнічалі на паседжаньні, прыехаць у Менск падчас выбараў.

Аляксандар Мілінкевіч сказаў:

(Мілінкевіч: ) "Паважаныя дэпутаты! Было б добра, каб вы заплянавалі і на пры канцы сакавіка выехалі ў Беларусь у ролі міжнародных назіральнікаў. Для нас гэта выключна важна. Вам будуць перашкаджаць, не даваць магчымасьці выконваць місію назіральнікаў, але ваш прыезд у нашую краіну падчас выбараў будзе мець вялікае значэньне для дэмакратычна настроеных беларусаў, асабліва ў правінцыі. Яны павінны бачыць, што Эўропа не адварочваецца ад нас".

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Юстас Палецскіс у тэлефоннай размове з карэспандэнтам Радыё Свабода ацаніў выступ прадстаўніка дэмакратычных сілаў Беларусі як “надзвычай цікавы і надзвычай канструктыўны”.

На пытаньне, што яму найбольш запомнілася з прамовы Мілінкевіча, літоўскі парлямэнтар адзначыў настрой на перамогу ў сакавіку і ўпэўненасьць у тым, што Аляксандар Лукашэнка ня можа выйграць прэзыдэнцкіх выбараў, калі яны будуць праходзіць вольна і справядліва:

(Палецскіс: ) “Мілінкевіч намякнуў на тое, што Беларусь пойдзе ўкраінскім шляхам. Ён сказаў: “Загадзя вядома, што вынікі выбараў будуць сфальсыфікаваныя, але мы не здадзімся. І мы ўсё роўна пераможам. І мы спадзяемся, што Эўразьвяз ад нас не адвернецца”.

У прыватнасьці Мілінкевіч сказаў:

(Мілінкевіч: ) "Калі ўрад не паважае нашыя патрабаваньні, то ў такім выпадку, натуральна, ёсьць шмат людзей у маёй краіне, якая выйдуць на вуліцы, каб абараніць сваю годнасьць. Гэта вельмі важная рэч для людзей, якія жывуць у Беларусі. Гэта не змаганьне за матэрыяльныя каштоўнасьці, і для многіх людзей гэта менавіта так. І калі мы называем гэта рэвалюцыяй, то гэта будзе рэвалюцыя надзеі”.

Многія эўрапейскія дэпутаты задавалі Аляксандру Мілінкевічу пытаньне: чым Эўропа можа канкрэтна дапамагчы Беларусі ў гэтай сытуацыі? У сваіх адказах беларускі палітык перадусім казаў пра неабходнасьць праўдзівай інфармацыі: “Галоўны прынцып павінен быць: беларусы апавядаюць беларусам пра падзеі ў нашай краіне і поруч зь ёю. Такі прынцып будзе выклікаць давер”.

Спадар Мілінкевіч таксама падкрэсьліў, што неабходна эфэктыўна і апэратыўна дапамагаць “усім тым, каго ўлады не змаглі запалохаць і перасьледуюць пры дапамозе юрыдычных альбо эканамічных захадаў: садзяць у турмы, штрафуюць, выганяюць з працы і ўнівэрсытэтаў”.

Літоўскі парлямэнтар Палецскіс адзначыў, што перад Мілінкевічам у Камітэце слухалі міністра замежных справаў Украіны Барыса Тарасюка. Паводле яго назіраньня, на выступе Аляксандра Мілінкевіча было больш прысутных, задавалася больш пытаньняў:

(Палецскіс: ) “І аплядысмэнты былі цяплейшыя і больш працяглыя пасьля выступу спадара Мілінкевіча”.

Разам з патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта ў Брусэлі знаходзяцца Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін і Анатоль Лябедзька. Лідэр Партыі БНФ на мінулым тыдні таксама суправаджаў Аляксандра Мілінкевіча ў Страсбуры. Я папрасіў спадара Вячорку параўнаць гэтыя два візыты:

(Вячорка: ) “Адрознае тое, што ў Страсбуры мы былі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Гэта арганізацыя дастаткова разнародных парлямэнтаў. І там найбольш адметнай была адмоўная рэакцыя на даклад Аляксандра Мілінкевіча з боку расейскіх дэпутатаў. Эўразьвяз — структура аднародная, і менавіта таму тут мы сустракаем поўнае разуменьне. Цяпер мы сустракаемся з кіраўніцтвам фракцыяў Эўрапарлямэнту, і, безумоўна, яны будуць мець вынікам канкрэтныя захады Эўрапарлямэнту. Як праз Эўракамісію, так і чыста дэпутацкія захады — прыкладам, масавы прыезд назіраць 19 сакавіка за выбарамі”.

Гл. таксама • А.Мілінкевіч: Эўропа павінна ўдзельнічаць у дэмакратызацыі Беларусі • Эўразьвяз – за санкцыі супраць афіцыйнага Менску • А.Мілінкевіч правёў сустрэчы з кіраўнікамі Эўразьвязу • Эўропа ня хоча спрашчаць візавы рэжым для беларусаў •
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG