Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заяўляе, што падтрымвае не Лукашэнку, а беларускі народ


Юры Дракахруст, Прага “Мае сустрэчы з прэзыдэнтам Беларусі тлумачацца не падтрымкай рэжыму, а падтрымкай беларускага народу” – заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі.

Пытаньне пра Беларусь задала прэзыдэнту Расеі Дэльфіна Тувэно, карэспандэнтка агенцтва “Франс-прэс”:

(Тувэно: ) “Вы часта сустракаецеся з прэзыдэнтам Лукашэнкам і шчыра выказваеце Вашу падтрымку ягонага рэжыму. У той жа час Захад гаворыць аб дыктатуры. Як Вы можаце патлумачыць Вашую падтрымку Лукашэнкі і, па Вашаму, ці магчымыя свабодныя выбары прэзыдэнта Беларусі ў сакавіку?” – спыталася француская журналістка.

Прэзыдэнт Пуцін адказаў:

(Пуцін: ) “Свабодныя выбары заўсёды магчымыя. Што тычыцца маіх сустрэчаў з прэзыдэнтам Беларусі, то яны тлумачацца не падтрымкай, як вы выразіліся, рэжыму, а падтрымкай братэрскага нам беларускага народу.

Хачу зьвярнуць вашу увагу на тое, што зь Беларусьсю ў нас адбываюцца інтэграцыйныя працэсы. Працэсы няпростыя, складаныя. Яны часта выліваюцца ў вельмі вострую дыскусію, як гэта было два гады таму пры “аддзяленьні” цэнаў на энэрганосьбіты у Беларусі ад ўнутраных расейскіх цэнаў. Усе гэта павінны памятаць, таму казаць пра тое, што мы любой цаной падтрымліваем таго ці іншага палітычнага дзеяча, абсалютна няправільна.

Мы праводзім сваю ўзважаную палітыку, скіраваную на разьвіцьцё адносінаў зь дзяржавай, у дадзеным выпадку зь беларускай дзяржавай.

Паміж Расеяй і Беларусьсю стагодзьдзямі складваліся асаблівыя адносіны. Яны ня ідуць ні ў якае параўнаньне з адносінамі з Францыяй ці з іншай заходнеэўрапейскай краінай. Не забывайце аб гэтым, калі ласка. Мы пра гэта памятаем і будзем памятаць у будучыні”.

Варта прыгадаць, што ў мінулую пятніцу, падчас інтэрвію тром беларускім тэлеканалам Аляксандар Лукашэнка адказаў на пытаньне пра расейскую падтрымку наступным чынам:

(Лукашэнка: ) "Тое, што мяне Крэмль падтрымлівае – гэта поўны абсурд. Тое, што сапраўды прэзыдэнт Пуцін, як ён мне шчыра гэта гаворыць і, відаць, гэта бачна па ягоных паводзінах, хацеў бы, каб Лукашэнка застаўся прэзыдэнтам Беларусі – гэта факт. Ну а чаму ён ня можа гэтага жадаць?"

Магчыма, яшчэ адзін зь сёньняшніх адказаў Пуціна на пытаньні журналістаў ускосна тычыўся Беларусі. Ва ўжо цытаваным адказе ён прыгадаў газавы крызыс 2004 году, калі “Газпром” на адзін дзень 18 лютага адключыў падачу газу ў Беларусь. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі расейскі прэзыдэнт заявіў, што Масква не выкарыстоўвае энэрганосьбіты для вырашэньня палітычных мэтаў.

(Пуцін: ) “Мы ўжо даўно гаворым аб пераходзе на рынкавыя прынцыпы цэнаўтварэньня па газе. Гэта было ня раптам, не напрыканцы 2005 году”.

Ён падкрэсьліў, што з Украінай размовы пра гэта ішлі некалькі гадоў.

(Пуцін: ) “Ніякай нечаканасьці для нашых партнэраў не было. І зь іншымі нашымі партнэрамі мы таксама пра гэта гаворым. Сёньня гаворым”.

Нагадаем, што сёлета, як і летась “Газпром” прадае Беларусі газ па цане каля 47 даляраў за тысячу кубамэтраў, але паводле заяваў прадстаўнікоў “Газпрому” такая нізкая цана для Беларусі трымаецца апошні год.

Падчас інтэрвію беларускім тэлеканалам Лукашэнка таксама казаў пра тое, што цана на газ будзе непазьбежна расьці:

(Лукашэнка: ) “Я адкрыта і шчыра і часта пра гэта кажу, што прыродны газ ня можа мець такую цану. Ня можа, калі вакол 160, 230 даляраў. А Расея, зразумела, ня будзе нам прадаваць газ па такой цане. І Расея пра гэта заяўляла і заяўляе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG