Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыялёг паміж штабамі Мілінкевіча і Казуліна прадоўжыцца


Радыё Свабода Прадстаўнікі выбарчых штабоў кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і лідэра БСДП “Грамада” Аляксандра Казуліна выказваюць стрыманую задаволенасьць першымі вынікамі двухбаковых перамоваў і заяўляюць, што будуць супрацоўнічаць. Тым часам былы прэтэндэнт на прэзыдэнта Валеры Фралоў заявіў, што не падтрымае ні Мілінкевіча, ні Казуліна.

Мечыслаў Грыб, які ўзначальваў дэлегацыю перадвыбарчага штабу Казуліна на перамовах са штабам Мілінкевіча, станоўча ацаніў іх першыя вынікі:

(Грыб: ) “Дамовіліся карэктна паводзіць сябе ў адносінах адзін да аднаго, арганізоўваць сумеснае назіраньне за выбарамі. Гэта таксама нядрэнна, таму што ні яны, ні мы ня зможам гэта зрабіць самастойна”.

Паводле Мечыслава Грыба, з абодвух бакоў вызначаны канкрэтныя асобы, якія будуць адказваць за сталы кантакт паміж штабамі кандыдатаў. Будзе адпаведная каардынацыя дзеяньняў і ў рэгіёнах.

Намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Віктар Карняенка да вынікаў перамоў паставіўся з “асьцярожным аптымізмам”, бо няма згоды ў галоўным пытаньні: каманда Казуліна прапануе дамовіцца пра ўзаемную падтрымку, калі ўлады не зарэгіструюць кагосьці з дэмакратычных прэтэндэнтаў; а прадстаўнікі Мілінкевіча заклікаюць яшчэ да моманту рэгістрацыі вызначыцца, хто будзе супрацьстаяць Лукашэнку, каб не даваць уладам самім вызначыцца з больш зручным супернікам. На асэнсаваньне гэтай праблемы патрэбны час, перакананы Віктар Карняенка. Ён лічыць, што пасьля рэгістрацыі кандыдатаў да гэтай размовы вярнуцца будзе больш складана.

(Карняенка: ) “Дэмакратычнаму руху вылучэньне двух кандыдатаў і ўдзел у працэсе вылучэньня яшчэ двух, якія не сабралі неабходнай колькасьці галасоў, нанесла шкоду, якой, на мой погляд, паправіць нельга. Яе можна мінімізаваць, але б калі б ад пачатку быў адзін прэтэндэнт ад дэмакратычных сілаў, было б значна больш шанцаў на посьпех”.

Спадар Карняенка паведаміў, што пасьля абмеркаваньня вынікаў першага раўнду перамоў на бліжэйшым паседжаньні Палітычнай рады аб’яднанай апазыцыі кансультацыі прадоўжацца.

Тым часам былы ўдзельнік выбарчай гонкі, які не сабраў 100 тысяч подпісаў, Валеры Фралоў заявіў, што пакуль не зьбіраецца станавіцца на бок кагосьці з дэмакратычных прэтэндэнтаў:

(Фралоў: ) “Я ня думаю, што буду кагосьці падтрымліваць. Можа быць, буду супраць тых, хто, як я лічу, незаслужана займае пасаду і ўдзельнічае, а піярыць кагосьці — гэта бессэнсоўна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG