Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачаўся суд наконт Дому літаратара


Радыё Свабода Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта праз Гаспадарчы суд спрабуе спагнаць з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў 55 мільёнаў рублёў, а таксама выселіць кіраўніцтва арганізацыі з Дому літаратара. 31 студзеня адбылося папярэдняе судовае пасяджэньне ў Гаспадарчым судзе Менску.

Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ў судзе прадстаўляе Алена Малая:

(Малая: ) “Усе справы будуць вырашацца ў судовым парадку. Камэнтаваць якія-кольвек пытаньні я ня маю права”.

Алена Малая ўзначальвае Упраўленьне будынкаў рэспубліканскай маёмасьці. Папярэдне яна наступным чынам акрэсьліла сытуацыю:

(Малая: ) “Паводле дамоваў, гэтая арганізацыя павінна нам вызначаную суму грашовых сродкаў. У зьвязку з сыстэматычнай нявыплатай мы выставілі яе праз Гаспадарчы суд”.

31 студзеня ў судзе разглядаліся дакумэнты, якія ўдзельнікі працэсу падалі перад слуханьнямі.

Сёлета Дому літаратара спаўняецца 30 гадоў. Фармальна ён перастаў быць пісьменьніцкім ад 1997 году, калі будынак перайшоў да Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Летась са сьцяны пры ўваходзе прыбралі шыльду з Пагоняй і словамі “Дом літаратараў”. Тым ня менш, кіраўніцтву Саюзу пісьменьнікаў дазволілі займаць два пакоі й бібліятэку. Паводле старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча, сума 55 мільёнаў у вэрсіі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ўзьнікла зь неаплачанай арэнды памяшканьняў. Спадар Пашкевіч падкрэсьлівае, што кіраўніцтва Саюзу не заключала адпаведнай дамовы на арэнду, а таму немагчыма патрабаваць аплату арэнды.

31 студзеня ў гаспадарчым судзе Менску СБП прадстаўляў кіраўнік справаў Саюзу Анатоль Івашчанка:

(Івашчанка: ) “Натуральна, што ўся пісьменьніцкая сям’я, і гэта было заяўлена на Радзе Саюзу пісьменьнікаў, ня згодная з той сытуацыяй, якая ёсьць. Якім чынам гэта будзе далей вырашацца — пакажа час і суд. Ёсьць пэўныя дакумэнты, пра якія будзе згадана на далейшых паседжаньнях”.

Наступнае судовае паседжаньне прызначанае на 15 лютага, калі пачнуцца спрэчкі бакоў.
XS
SM
MD
LG