Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народнае галасаваньне – здрада Беларусі, яе незалежнасьці і яе народу ўвогуле..."


Радыё Свабода Водгукі слухачоў 31 студзеня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Па вашаму радыё вы ўвесь час кажаце, што калі выбары ў Беларусі пройдуць не па стандартах нейкіх заходніх, то тады яны ня будуць прызнаныя сапраўднымі. Тое што адбылося ва Ўкраіне, вы лічыце па стандартах заходніх прайшло? Патлумачце, калі ласка. Там бандыцкі захоп быў! У Кіргізіі таксама па заходніх стандартах? Які стандарт? Патлумачце, калі ласка, што вы маеце на ўвазе?”

(Анатоль Мікалаевіч, Нямеччына: ) “У дзяцінстве жыў у Беларусі. Цяпер жыву ў Германіі, я пэнсіянэр. Калі можаце, дапамажыце, паведаміце мне тэлефон вядомага беларускага вучонага, матэматыка, цяпер таксама пэнсіянэра Шушкевіча Станіслава Станіслававіча. Я хачу пагаварыць зь ім, падтрымаць. Мой тэлефон…”

(Спадар: ) “Вы ўявіце – Мілінкевіч ужо ў Брусэлі! Ён езьдзіць і ганьбіць нашу рэспубліку! Яму ж трэба казаць, як тут пакутуюць, што мы ўсе за кратамі сядзім, што тут ціснуць на нас. На што ён спадзяецца? Я нават зразумець не магу. Толькі ад гэтага мае рукі да зброі цягнуцца! Што яму там рабіць за мяжой? Да нас ідзі і кажы! Мы ж за альтэрнатыўныя выбары, а ён толькі ганьбіць нас!”

(Спадар: ) “Дзякуй за рэагаваньне на маё пытаньне аб руху “Воля народу”, хаця я так і не зразумеў: ці то людзі не цікавіліся ці проста пасаромеліся запытаць?

Цяпер наконт вашага паведамленьня аб тым, што нібыта сам спадар Канаплёў паведаміў, што грамадзяне Расеі гатовыя прыехаць у Беларусь і весьці агітацыю на карысьць Лукашэнкі. Дык няўжо гэты самы галоўны заканадаўца ня ведае, што тым самым будзе парушаны артыкул №45 Выбарчага кодэксу, які такую агітацыю замежнікамі забараняе! Вельмі прашу вас, ці то ўдакладніць гэтую інфармацыю, ці то пракамэнтаваць. Буду вельмі ўдзячны.

Яшчэ пытаньне, якое тычыцца спадара Анатоля Іванавіча Стрэлянава. Адзінае, што я ведаю – быццам ён украінец. І вось нядаўна, слухаючы Радыё Свабода на расейскай мове, пачуў, што ён зноў зьявіўся ў перадачы, адказвае на лісты.

Перадайце, калі ласка, расейскай рэдакцыі Радыё Свабода маё такое зьдзіўленьне, што яны як быццам ня ведаюць, што іх можна слухаць ня толькі ў Расеі. У іх ёсьць такая “завядзёнка”, калі яны кажуць: “Слухайце нас па ўсёй тэрыторыі Расеі!” У Беларусі гэта ўспрымаецца, як быццам нам нельга іх слухаць. Хацелася б, каб вы гэтае пытаньне скарэктавалі”.

(Шаўчэнка, Наваполацак: ) “Нягледзячы на шматлікія скаргі ад дэмакратычных прэтэндэнтаў і іх ініцыятыўных групаў, здаецца, ніводная зь іх не была задаволеная. Выбарчыя камісіі не цікавіла тое, што кіраўнікі ўсіх узроўняў фактычна працавалі на аднаго прэтэндэнта, агітавалі, а то і прымушалі ставіць подпісы менавіта за яго. У той жа час паўсюдна ставіліся варожа, чынілі перашкоды збору подпісаў на карысьць іншых прэтэндэнтаў. Напрыклад, было забаронена фактычна зьбіраць подпісы ў войску, у дзяржаўных і рэжымных установах, у інтэрнатах і г.д. Маю скаргу, напрыклад, у адмове зьбіраць подпісы ў інтэрнаце пракуратура Полацку накіравала ў тэрытарыяльную выбарчую камісію, а тая параіла шукаць праўды зноў-такі ў пракуратуры. Лічу зьдзекам, што суд пракуратуры і выбарчай камісіі мяне і шмат іншых пакінулі па-за законам.

Сакратар ЦВК Лазавік заяўляе, што ад грамадзян скаргаў не паступала, тым самым ЦВК парушае закон аб зваротах грамадзян, ня лічыць зборшчыкаў подпісаў, працуючых у штабах апанэнтаў Лукашэнкі, грамадзянамі Беларусі.

Прапаную стварыць адзіны архіў неразгледжаных скаргаў па выбарчаму заканадаўству, каб потым парушальнікаў прыцягнуць да адказнасьці. Вядома ж, па гэтым парушэньням няма тэрміну даўніны”.

(Сяргей, Менск: ) “У суботу 28 студзеня Лукашэнка падпісаў указ №58. Ён “запрещает отчуждения, находящиеся в частной собственности земельного участка до возведения на нём капитального строения…”. Вельмі хацелася б, каб вы зрабілі перадачу наконт гэтага ўказу, наконт участкаў, наконт усяго, што з гэтым зьвязана, якія тут будуць зьмены”.

(Маісеенка Генадзь: ) “У мяне да мажлівых удзельнікаў выбарчых участкаў і мажлівых назіральнікаў за выбарамі ад апазыцыі ды і да кіраўніцтва апазыцыі ёсьць такое, на першы погляд, правакацыйнае меркаваньне. Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць за невялікі кошт грошаў зрабіць гэтыя выбары, і асабліва падлік галасоў, даволі празрыстымі. І калі адбудуцца масавыя фальсыфікацыі, дастаткова будзе прад’явіць відэа і гукавыя матэрыялы, якія і будуць мець такі розгалас, дзякуючы якому мы змусім зрабіць шмат добрага для Беларусі. Тым болей, што выкарыстаньне навейшых тэхналёгіяў па-сапраўднаму не забаронена ніякім заканадаўствам: ні нашым, ні асабліва сусьветным, якое іх лічыць дастатковым доказам. Таму апошняе слова за вамі, спадары апазыцыянэры, ці жадаеце вы зрабіць насамрэч пераможную справу ці, як у мінулы рэфэрэндум, застацца з запэцканым носам і крыўдай як на сябе, так і на ўвесь сусьвет увогуле.

На мінулым тыдні ды і ўчора я пачуў, што сам спадар Зянон Пазьняк ды яго прыхільнікі ня толькі не адмовіліся ад сваёй ідэі народнага галасаваньня, але і зьбіраюцца пашырыць яе дзеяньне і ўплыў на большасьць Беларусі і няўстойлівых чальцоў іншых апазыцыйных арганізацыяў. Таму хачу зьвярнуцца асабіста да спадара Зянона.

Паважаны Зянон! Ваша ідэя наконт народнага галасаваньня ўдала спрацаваная і вытрыманыя, ня кажучы аб яе моцы і існасьці, але толькі не для сучаснай Беларусі і яе сучасных умоваў. Гэта добра было б зрабіць на выбарах 2001 году ці ў час рэфэрэндуму. Зараз гэта, дзякуючы ўсім новаўвядзеньням Лукашэнкі, робіцца ня толькі непажаданым і, прабачце, клаўнадаю, але ставіць такія палкі ў колы дэмакратычных кандыдатаў, што гуляе ня толькі на карысьць Лукашэнку, але і дазваляе лічыць гэта народнае галасаваньне здрадаю Беларусі, яе незалежнасьці і яе народу ўвогуле.

З павагай і надзеяй, што калі некалі я яшчэ пабачу вас на Беларусі і мажліва наступным пасьля другога, але нашага дэмакратычнага насамрэч прэзыдэнта”.

(Спадар: ) “У нас набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. У сувязі з гэтым я б хацеў, каб як і кандыдаты ў прэзыдэнты, так і іншыя людзі ўспомнілі і перачыталі маю публікацыю ў газэце “Літаратура і Мастацтва” за 23 красавіка 2004 году “Колькі каштуе беларускае слова”. Думаю, гэта было б вельмі карысна ведаць усім людзям”.

(Спадар: ) “Вы вось раскажыце, адмарозкі, як пасьля выбараў будзеце ўцякаць! І чаму гэтыя кандыдаты ў прэзыдэнты нідзе ня робяць, адно езьдзяць? За што яны пражываюць у гэтай рэспубліцы? Чаму яны дарэмна топчуць тут зямлю? Чаму не ідуць са сваім народам? Чаму зьвязаліся? Перадайце гэта, я вас прашу па-харошаму. А то няма чаго слухаць па вашаму радыё! Выбары, выбары, Лукашэнка, Лукашэнка! Чаму вы гаўкаеце, гадасьць гэтая, а? Чаму акуратна не пагаворыце? А? Я вас чакаю на радыё, каб пагаварылі акуратна зь людзьмі! Якая ж у вас Радыё Свабода? Нанятыя сабакі!

Вам, мусіць, няма чаго расказаць, дык вы пра нейкія кнігі, назоўнікі расказваеце. Вы раскажыце, колькі крыві Буш у Іраку папіў. Нафты яму ўсё мала! Чаму вы пра гэта не раскажаце? Чаму вы не ідзеце са сваім родным народам?”

(Людміла Белахвостава: ) “2006 год – гэта год юбілею Максіма Багдановіча. 19 сакавіка мы выйдзем усе з нашымі нацыянальнымі сымбалямі, гербам “Пагоня” і бел-чырвона-белымі сьцягамі”.

(Спадар: ) “Скажыце, калі ласка, дзе тыя грошы, які ўкладалі людзі ў банк на захаваньне? Па сёньняшні дзень яны іх як замарозілі, і ніякага рэзультату не даюць. Хто ў гэтым вінаваты: Шушкевіч альбо Лукашэнка? Калі ласка, адкажыце на гэтае пытаньне.”

(Спадар: ) “Я чую, людзі пытаньні задаюць “Навошта Мілінкевіч зноў паехаў у Эўропу?” А я хачу сказаць: чаму расейскі цар Пётр І езьдзіў у Эўропу? Канечне, фанатыкам, якія заяўляюць, што будуць скручваць галаву людзям, няма чаго туды ехаць!”

(Спадар: ) “Вось ужо па каналу РТР пачалі паказваць фільм па раману А.Салжаніцына пра сталінскія лягеры. Але тэлеканал Расея ў Беларусі не паказвае яго. Ці зьвязана гэта з тым, што ў нашай дзяржаве афіцыйна аднаўляецца культ асобы Сталіна, і што ён падаецца нам як геніяльны палкаводзец і кіраўнік дзяржавы? Хаця мы ўсе ведам, што ён зьнішчыў народу ня менш чым Адольф Гітлер, хоць Адольф Гітлер і быў іншаземным захопнікам, а Сталін зьнішчаў свой народ.

Ёсьць яшчэ пытаньне. Калі ж Радыё Свабода агучыць у эфір так званыя рахункі прэзыдэнта? Калі яны ёсьць, дык трэба расказаць людзям. А калі няма іх, і нічога ў прэзыдэнта няма, дык навошта дарэмна ўводзіць людзей у зман? Тым больш што цяпер прэтэндэнты ў прэзыдэнты павінны агучыць свае даходы і пазначыць усю сваю маёмасьць, якую яны маюць і маюць члены іх сям’і. Вось такія ў мяне пытаньні, прашу адказаць на іх”.

Некаторыя SMS-паведамленьні 31 студзеня

У любы час вы можаце даслаць СМС-паведамленьне на нумар мабільнага тэлефону ў Беларусі 391-22-24. Нумар для СМС-паведамленьняў у Чэхіі (8-10-420) 724 231 968.

“Адказ на званок слухача. Пазьняк – вялікі патрыёт сваёй радзімы, ён лідэр беларусаў, ён адзіны палітык, які заўсёды заставаўся і застаецца адданым Беларусі, свайму народу. А вось вы і ёсьць здраднікі. Гэта такія, як вы, прадалі Беларусь у рабства крамлёўскаму рэжыму і зьнішчаеце ўсё беларускае. Саскевіч

“Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў ў Смаргоні адключылі трансьляцыю канала “Эўраньюз” па кабэльнаму ТВ, дзе можна было пачуць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў сьвеце і Беларусі”.

“Калі запрацуе аўдыё-архіў на ftp://realaudio.rferl.org? Ці будзе падкастінг (podcasting), як у расейскай службы? Дзякуй. Віктар. viksia@gmail.com”
XS
SM
MD
LG