Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаргонь: “З-за гэтага падману, што з намі робіць Лукашэнка, я за яго галасаваць ня буду”


Віталь Сямашка, Смаргонь, Гарадзенская вобласьць (эфір 30 студзеня)

Я вандраваў па Смаргоні гэтымі днямі. Зорка тэлеэфіру, народная артыстка Беларусі ды колішняя кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спадарыня Зінаіда Бандарэнка пачынала тут сваю перадвыбарчую кампанію пазалетась, акурат на 500-ты юбілей гораду. Але ейныя тагачасныя назіраньні, як і мае сёньняшнія сьвежыя ўражаньні, падобныя: ніякага другога нараджэньня Смаргоні ды смаргонцаў, пра што пасьля добраўпарадкаваньня цэнтральных вуліцаў урачыста абвясьціла вэртыкальная раёнка “Сьветлы шлях”, не назіралася. Сьведчыць спадарыня Зінаіда:



(Бандарэнка: ) “Так людзі баяцца! Выходзілі і сустракалі ў часе выбараў: “Мы галасавалі за вас” — і паціхеньку праходзілі, каб не спыняцца! Нават едзем у далёкую вёску. Прымушаюць людзей ісьці на датэрміновае галасаваньне, там вісіць улётачка пад назвай “Галасуйце за Лукашэнку!”. Падказваюць: бабулька, “птушачкай” памечана, за каго галасаваць”.

На пустэльных пры моцным марозе вуліцах — кароткія размовы пра стаўленьне да будучых прэзыдэнцкіх выбараў з рэдкімі мінакамі. Былы юрыст, 71-гадовы Вячаслаў Сямёнавіч Вайніцкі апавядае:

(Вайніцкі: ) “Я мазгую так, што ў нас няма нармальнай свабоды. І Мілінкевіч ня пройдзе”.

(Карэспандэнт: ) “Дык што — склаўшы рукі сядзець?”

(Вайніцкі: ) “Не, але мала маюць значэньня нашы рукі. Наш народ абалванены марксізмам-ленінізмам, скалечаны бальшавізмам, нічога не вырашае і нічога ня хоча вырашаць. Асабісты спадзеў такі — хочацца жыць так, як людзі, але мы да людзей не дарасьлі”.

(Карэспандэнт: ) “Ведаеце каго-небудзь з прэтэндэнтаў у прэзыдэнты?”

(Спадарства: ) “Чуў — Мілінкевіч ды іншыя… Ведаю Мілінкевіча. Ведаю Лукашэнку!”

Між іншым, Лукашэнка неаднаразова абмінае Смаргонь: тут кажуць, што ён ня любіць “заходнікаў”. Мясцовая ж апазыцыя падзялілася з-за асабістых узаемадачыненьняў: суполка Аб’яднанай грамадзянскай партыі зьбірала подпісы за Казуліна, БНФ — за Мілінкевіча. Апошні, як вы чулі, яўна больш вядомы. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Алесь Дзергачоў ужо ня першы месяц выдае пад рознымі назвамі тры палітычныя бюлетэні накладам 299 асобнікаў кожны, і бясплатна распаўсюджвае сярод гараджанаў. Спадара Алеся колькі дзён таму выклікалі ў пракуратуру. Нагоду юрыст Дзергачоў называе “сьмешнай”.



(Дзергачоў: ) “Вечарам кажа пракурор гораду Маліноўскі: “Зайдзіце да мяне”. Кажу, калі ўжо вам далі заданьне ад старшыні выканкаму мяне пакараць, складайце пратакол. У яго папярэджаньне мне ляжала падрыхтаванае — што Дзергачоў указвае ў выданьнях на месцы, дзе сябры ініцыятыўнай групы зьбіраюць подпісы. Кажу: вы ж кажаце, у гэтым парушэньняў няма. А ён: ну, якая, па-вашаму, фармулёўка сюды падыдзе? Дамовіліся, што выдаю гэтыя бюлетэні, у чым “ня ўтрымліваецца парушэньняў заканадаўства”. Было сьмешна: чаго выклікалі? Гэта, як дзеля папярэджаньня, што калі ўкрадзеш, дык мы цябе пасадзім!”

У бюлетэні, напрыклад, расказваецца такая гісторыя. 19-гадовы маладзён з-пад Смаргоні Ўладзімер Франк, што паўгоду праслужыў тут жа, на Гарадзеншчыне, у часе збору подпісаў публічна адмовіўся паставіць свой подпіс за Лукашэнку, паведамляе Алесь Дзергачоў.

(Дзергачоў: ) “Вельмі шмат шуму было, але хлопец малайцом, усё ж выстаяў у гэтай сытуацыі — ён сябе быдлам не лічыў”.

Тым ня менш, найбольш тыповымі сярод будучых выбарцаў зьяўляюцца, хутчэй, такія меркаваньні:

(Спадарыня: ) “Ня вызначылася ў сваіх сымпатыях. Работа ёсьць у мяне, маладых трэба апытваць”.

Апошнія словы кабеты падаліся мне паказальнымі, што і пацьвердзілася ў размове з настаўніцай Любоўю Банадыкавай. Спадарыня Людміла катэгарычна ня згодная з афіцыйнай статыстыкай беспрацоўя — 1,5—2%. Моладзь, лічыць яна, яшчэ ў школе адчувае нястачу ўвагі бацькоў і адсутнасьць пэрспэктываў. Як доказ гартае перада мной клясны журнал:

(Банадыкава: ) “Бацькі беспрацоўныя ў 21% вучняў, яшчэ ў 6% працуюць за межамі Беларусі — гэта Сібір, Масква ці Санкт-Пецярбург. Фактычна трэцяя частка бацькоў не працуе — гэта ў вучняў 14—15-гадовага ўзросту. Валацужнічаюць, таму што за імі няма каму глядзець. Ёсьць такія, што і бацька, і маці не працуюць, ці працуюць за межамі”.

Аднак, іншага выйсьця няма, наракаў мне на ганку Смаргонскага цэнтру занятасьці 43-гадовы цясьляр ды гастарбайтэр Юры:

(Юры: ) “Мо дзе я і ўладкаваўся б на працу, але я майстар — і нават калі знайду ў Смаргоні працу на 300 тысяч, гэта аддаваць за бесцань свае рукі, ведаючы, што ў Расеі мне за дзень плацяць 20 даляраў. Сам не пайду тут працаваць!”

Тут жа знаёмлюся з 22-гадовай выпускніцай бібліятэчнага тэхнікуму Настай. Кажа, што пайшоў другі год, як стала на ўлік як беспрацоўная.

(Наста: ) “Спачатку я езьдзіла ў калгасы на збор ураджаю — 20—30 тысяч плацяць за месяц. Потым прапанавалі ў краму, глядзець за таварамі, пасьля даяркай, а цяпер прапануюць на курсы кулінарыі. А працаваць па спэцыяльнасьці няма і надзеі. Калі ня толькі пра сябе казаць, то палова моладзі сьпіваецца, вучыцца няма куды пайсьці, а закончыш — няма дзе ўладкавацца. Запісваюць у калгасы за гэтыя капейкі, на якія нічога не купіць, — і таму лічаць, што няма беспрацоўных. З-за гэтага падману, што з намі робіць Лукашэнка, я за яго галасаваць ня буду”.

Пра свае назіраньні за прыхільнасьцямі выбаршчыкаў расказвалі мне і зборшчыкі подпісаў — капітан запасу Павал Міронаў ды цяпер беспрацоўны Юры Кутузаў.

(Кутузаў: ) “Такі цікавы выпадак адбыўся. Мы стаялі ў пікеце, падышла бабуля: “Навошта вы тут патрэбны, у нас ёсьць прэзыдэнт!” Тут да нас падыходзяць два маладыя хлопцы. Аднаму тыдзень таму споўнілася 18 гадоў. Кажуць, мы хочам падпісацца за Мілінкевіча. Зноў зьяўляецца гэтая бабуля і на гэтага хлопца крычыць: аказваецца, гэта яе ўнук. Карацей, хлопец яе паслаў і паставіў подпіс. На другі дзень бабуля прыходзіла зноў, але ўжо ня лаялася”.

(Міронаў: ) “У адной хаце сабралася брыгада гастарбайтэраў, шасьцёра чалавек. Дружна падпісаліся, кажуць: што рабіць у гэтым горадзе?! Будучыні пры гэтым рэжыме ў іх няма, каб знайшлі работу, жылі сем’ямі побач”.

(Кутузаў: ) “Перакананых лукашыстаў — 20—25 %. Людзей, якія кажуць “мы падтрымліваем”, але баяцца падпісваць — адсоткаў 50. Але ёсьць і пралетарыі, якія кажуць “мы за Лукашэнку”, акрамя БТ нічога не глядзяць і ня слухаюць: “усё ў нас добра, лепей ня трэба, чым ёсьць”. Людзі проста замбаваныя афіцыйнай прапагандай”.

* * * Яшчэ ў Менску пастанавіў сустрэцца з Рамуальдам Уланам, смаргонскім выдаўцом ды былым рэдактарам “Новай газеты Смаргоні”. Гэта адно з найстарэйшых рэгіянальных выданьняў у краіне, выходзіла дзесяць гадоў накладам ад 8 да 10 тысяч асобнікаў, што было ў чатыры разы больш за наклад афіцыйнай раёнкі. “НГС” чытаў кожны шосты смаргонец. Але і ахвярай перасьледу ўладаў газэта стала нават раней за ўсебеларускую “Белорусскую деловую газету”, кажа Рамуальд Улан.



(Улан: ) “Дзесьці з 2000 году стала нас пракуратура папярэджваць, пад люпай чытаць газэту. У 2002-м прыйшлі падатковая, пажарная ды інспэкцыя працы. Усе склалі нязначныя зьместам пратаколы, і ў канцы году выканкам падаў на мяне ў суд як на выдаўца. Нас выкінулі з падпіскі, шапікаў “Саюздруку”. А цяпер тое, што адбываецца зь незалежнымі газэтамі — я ня ведаю, якімі словамі апісаць!”

(Карэспандэнт: ) “Чаго яны найбольш збаяліся ў газэце?”

(Улан: ) “Мне здаецца, крытыкі на мясцовым узроўні. Калі гаварыць пра правы чалавека, свабоды ў рэспубліцы, дык для мясцовага чытача гэта абстрактна. А калі там зачынілася прадпрыемства, там звольнілі — гэта балюча для многіх людзей. Калі мы пісалі нават пра яму ў асфальце — то местачковыя “князькі”, яны ўспрымалі гэта як асабістую абразу”.

Прапаную спадару Ўлану зрабіць вусны выпуск “Новай газеты Смаргоні” на “Свабодзе” пра тое, чаго ня ведаюць смаргонскія чытачы з-за закрыцьця выданьня.

(Улан: ) “У нас былі буйныя заводы ў савецкі час. Завод аптычнага станкабудаваньня быў на 6 тысяч, цяпер тысяча працаўнікоў. Агрэгатны завод (філія трактарнага) друкуе, што “патрабуюцца”, але ісьці за 200 тысяч мужчыну — я ня ведаю… Напрыклад, Сольскі сушыльна-агароднінны завод стаў банкрутам, мэблевая фабрыка наша паўбанкрут, і дырэктары таксама мяняюцца. Сацыяльна неўладкаваны мікрараён Карані — палова мужчынаў у Маскве працуюць будаўнікамі. Жонкі сядзяць адны — жудасная карціна! Прадпрымальніцтва, па сабе адчуваю, непрыбытковы бізнэс. Падатковы ўціск ускладняецца — трымаю бугальтара толькі каб рыхтаваць паперы для падатковай інспэкцыі”.

Дарэчы, і самаго Ўлана ўлады прымусілі ўсё ж “прыбраць” з былога памяшканьня газэты зарэгістраваныя там раней офісы пяці партыяў і грамадзка-палітычных арганізацыяў.

І ўсё-такі ў Смаргоні я сустрэў ня толькі прыніжаных ды зьняважаных. Напярэдадні да вядомага вам праваабаронцы Алеся Дзергачова зьвярнуліся навучэнцы тутэйшай школы-інтэрнату для дзяцей-сіротаў ды тых, што засталіся без апекі бацькоў. Два з паловай гады таму тут адчынілі кадэцкія клясы і выхавацелямі запрасілі афіцэраў запасу. 50-гадовага Ўладзімера Семяненку звольніла дырэктарка Тацяна Ўласенка, разарваўшы кантракт. Былы ўзорны афіцэр ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня пайшоў першы раз у жыцьці на адкрыты канфлікт з начальствам, напісаўшы ліст у абласное ўпраўленьне адукацыі. Вось кароткія вытрымкі зь яго: “Уласенка… зьбірае кампрамат на тых, хто мае адрознае ад яе меркаваньне, матэрыяльную дапамогу разьмяркоўвае з улікам набліжанасьці, адмяніла 40-адсоткавую надбаўку за працу зь цяжкімі падлеткамі”. Дырэктарка ў часе праверкі атрымала вымову. І — пачалося! Распавядае сам спадар Уладзімер:

(Семяненка: ) “У гэты ж дзень выклікала, як толькі камісія зьехала: “Вы ў мяне кандыдат на звальненьне!” Я атрымаў першую вымову, калі адпусьціў выхаванца Наскова — спазьніўся з дому ў школу на паўгадзіны: цягнік прыйшоў у 22.00, мы сыходзім на палову дзясятай. Прымушаюць падпісваць работнікаў школы, што я перашкаджаю працаваць: “будоражу коллектив”. Я напісаў у кнігу скаргаў, што прашу не ахопліваць гэтай справай дзяцей. Як вынік, яна вынесла гэта на сход, і першае пытаньне: хто дазволіў вам пісаць у кнігу скаргаў?!”

Гэты канфлікт, мабыць, як і мноства падобных, патануў бы ва ўзаемных абвінавачаньнях, каб ня вучні. Наступным ранкам пасьля звальненьня Семяненкі два дзясяткі маладых кадэтаў забарыкадавалі свае пакоі ды адмовіліся выконваць загады дырэктаркі. Напісалі зварот да кіраўніка вэртыкалі спадара Гоя, які ў хуткім часе прыехаў разьбірацца. Пра тое, што адбылося, мне на нэўтральнай тэрыторыі распавялі 15-гадовыя Рома ды Артур:

(Рома: ) “Мы з раніцы зачыніліся, ключы пакінулі ў дзьвярах, падпёрлі ложкамі ды крэсламі. Выклікалі нашых камандзіраў, абклалі, што “адстой” ды “адкіды грамадзтва”. Камандзіры сабралі пагоны, аднесьлі ды кінулі. Два хлопцы нават плакалі пасьля гэтага… Мы да Гоя занесьлі пытаньні: куды падзелася “гуманітарка” зь Нямеччыны — адзеньне, шампуні, шакаляд. Самі разгружалі. Пытаньне пра спартзалю, таму што там штовечар граюць староньнія з гораду. І самае першае пытаньне было пра звальненьне Ўладзімера Аляксандравіча — зь якой прычыны?!”

(Артур: ) “Мы называлі яго “бацем”.

Сытуацыя дагэтуль няпэўная: хлопцы гатовы, як яны кажуць, да “страйку”, які фармулююць, як “поўнае непадпарадкаваньне загадам кіраўніцтва”. У інтэрнаце па скаргах кадэтаў ужо працуе мясцовая пракуратура, вэртыкальшчыкі абяцаюць разабрацца цягам дзесяці дзён, да канца студзеня. У спадара Семяненкі ды мясцовай настаўніцы спадарыню Банадыкавай, абазнанай у сутнасьці канфлікту, я спытаўся пры канцы:

(Карэспандэнт: ) “Справа палітычная атрымліваецца?”

(Семяненка: ) “Можна сказаць, што і так”.

(Банадыкава: ) “Кантракт — страшэнны бізун, які можа ўдарыць па кожным, бо зьвяртаюць увагу на тое, як ходзіш, пра што гаворыш. Чалавек зацугляны мусіць трымацца поглядаў начальніка — гэта інкубатар самадурства!”

Увечары таго ж дня на сустрэчу з выбаршчыкамі зьявіўся ў Смаргоні прэтэндэнт у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч, які таксама ўжо быў знаёмы з сытуацыяй. Вось як ён пракамэнтаваў яе:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, тое, што адбылося ў Смаргонскім інтэрнаце для дзяцей-сіротаў, — чарговае сьведчаньне таго, што кантрактная сыстэма, якая, па сутнасьці, робіць чалавека рабом, не дазваляе бараніць сябе, мусіць быць адменена, і, безумоўна, будзе адменена новай уладай. Надзвычай важна, што дзеці адчуваюць несправядлівасьць і спрабуюць бараніць любімага настаўніка. Гэта значыць, што маладое пакаленьне, калі мы кажам, што ні такое, ні сякое, на самай справе можа быць больш маральным, чым часьцяком дарослыя”.

Пра палітычныя працэсы на Смаргоншчыне ў часе вандроўкі ня раз гутарыў з кіраўніком тутэйшай суполкі БНФ Алесем Дзергачовым.



(Дзергачоў: ) “Усё ж надзеі больш. Чым больш ходзім, яны бачаць, што і мы аптымізм выказваем, і яны з выбарам вызначаюцца. І калі вольную прэсу чытаюць!.. Але пакуль у галаве ёсьць падпарадкаваньне “цару”... У іх праходзіць этап ломкі такі — гэта нармальна, так і павінна быць”.

(Карэспандэнт: ) “Алесь, а чым, на твой погляд, завершыцца смаргонская ломка?”

(Дзергачоў: ) “Я спадзяюся, людзі стануць падтрымліваць дэмакратычную Беларусь, за дэмакратычную Беларусь будуць і галасаваць”.
XS
SM
MD
LG