Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы абяцае падтрымку палякам у Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскі Сэнат аднагалосна прыняў рэзалюцыю ў справе сытуацыі палякаў у Беларусі (“Uchwała w sprawie sytuacji Polaków na Białorusi”), у якой гаворыцца, што сэнатары падтрымліваюць усе захады польскага ўраду і недзяржаўных арганізацыяў, скіраваныя на тое, “каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай”.

У дакумэнце гаворыцца, што сытуацыя палякаў у Беларусі выклікае занепакоенасьць Сэнату, які “імкнецца, каб правы польскай меншасьці ў гэтай краіне шанаваліся”. Таму сэнатары заклікалі ўрад выпрацаваць праграму доўгатэрміновай і больш шырокай падтрымкі польскіх арганізацыяў у Беларусі, а сам Сэнат мае намер больш актыўна на міжнароднай арэне паказваць, у якой сытуацыі знаходзяцца палякі ў Беларусі “ў кантэксьце сталага абмежаваньня грамадзянскіх свабодаў у гэтай краіне”.

“Незалежная і дэмакратычная Польшча паўстала, абапіраючыся на неабходнасьць шанаваць правы чалавека, а ў часе камуністычнай няволі мы самі карысталіся падтрымкай заходніх дэмакратычных дзяржаваў, і таму цяпер абавязаныя дапамагчы тым, хто гэтай дапамогі чакае і яе патрабуе”, – гаворыцца ў рэзалюцыі.

Аўтар дакумэнту, сэнатар Стэфан Несялоўскі заявіў нашаму радыё:

(Несялоўскі: ) “Гэта відавочныя і натуральныя для нас рэчы – доступ да вольных мэдыяў, удзел у справядлівых выбарах, вынікі якіх ня будуць сфальсыфікаваныя. Для многіх палякаў гэта ўжо стала нормай – як зьесьці абед ці апрануць паліто. Мы павінны разумець, што грамадзяне Беларусі за гэта мусяць змагацца”.

Між тым сьпікер вышэйшай палаты польскага парлямэнту Богдан Барусэвіч запэўніў, што палякі ў Беларусі “атрымаюць ад Сэнату адпаведную падтрымку”.

Дапамога польскай дыяспары – канстытуцыйны абавязак Сэнату. Хаця падобныя рэзалюцыі маюць для ўраду рэкамэндацыйны характар, але пазыцыя сэнатараў мае значны ўплыў на рашэньні кіраўніцтва краіны ў справах дыяспары, у тым ліку і на разьмеркаваньне сродкаў на падтрымку палякаў за мяжой. Апошні раз Сэнат заняў актыўную пазыцыю ў часе спрэчак вакол Саюзу палякаў Беларусі. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы травеньскай заяве сэнатараў, Варшава не прызнала новае кіраўніцтва СПБ.

Пазнаёміцца з тэкстам ухвалы Сэнату можна ў інтэрнэце па адрасе: • Тэкст рэзалюцыі на польскай мове
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG