Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька: “Эўрапейскія палітыкі адкрываюць для сябе новую Беларусь...”


Гутарыла Вольга Караткевіч Каманда Аляксандра Мілінкевіча мае сустрэчы на самым высокім узроўні ў структурах Эўразьвязу ў Брусэлі. Папярэднія вынікі падводзіць старшыня Нацыянальнага камітэту Беларусі, лідэр Аб''яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) "Такое ўражаньне, што многія эўрапейскія палітыкі выступаюць у ролі Калумба – яны адкрываюць для сябе новую Беларусь. І гэта вельмі прыемна – гэта тое новае, чаго не было раней: той зацікаўленасьці, якую дэманструюць сёньня на самых розных узроўнях, у тым ліку і на тым, дзе рыхтуюцца рашэньні. Хачу адзначыць, што разглядаецца шматварыянтнасьць разьвіцьця падзеяў, розныя сцэнары – гэта таксама пазытыў.

У Брусэля няма ні юрыдычных, ні палітычных падстаў, каб разглядаць выбары як легітымную палітычную кампанію. Ёсьць заключэньне Венецыянскай камісіі, юрыстаў, экспэртаў, якія вынесьлі вэрдыкт, што сам Лукашэнка ня можа прымаць удзел у гэтай кампаніі – ён сам яе дэлегітымізуе тым, што спрабуе зарэгістравацца як кандыдат у прэзыдэнты. Эўрапейскія палітыкі ня могуць не заўважаць беларускай праблемы ў самым цэнтры Эўропы – яны гатовыя разглядаць з грамадзянскай супольнасьцю: што адбываецца сёньня зь Беларусьсю, і што можа быць заўтра".

(Карэспандэнтка: ) "На мінулым тыдні Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы прыняла рашэньне аб ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі. Радыё Свабода правяло апытаньне ў Менску, і многія апытаныя адказалі, што не адчуваюць сябе ў ізаляцыі...”

(Лябедзька: ) "Вельмі важна дамовіцца аб тэрміналёгіі: найбольш адэкватным будзе тэрмін "самаізаляцыя". Самаізаляцыя – гэта частка зьнешнепалітычнай дзейнасьці беларускіх уладаў, і адказнасьць за гэта, натуральна, нясуць Лукашэнка і яго атачэньне. Не апанэнты рэжыму, а Лукашэнка прымаў рашэньні, якія значна скарацілі колькасьць праграм па аздараўленьні беларускіх дзяцей. Менавіта рэжым, а не апазыцыя прымалі рашэньні, якія фактычна забараняюць маладым людзям, студэнтам выяжджаць за мяжу. У нас іншы падыход: нам трэба адыйсьці ад палітыкі самаізаляцыі і адкрыць Беларусь. Калі Лукашэнка фактычна ўзводзіць Бэрлінскую сьцяну па беларускай мяжы, то мы – за тое, каб гэта быў мост, які злучае людзей, цывілізацыі і розныя краіны.

Што да пазыцыі апытаных, то нямногія, відаць, ведаюць, што нас можа чакаць пры цяперашнім рэжыме. А пэрспэктыва такая: далучэньне той жа Польшчы, Літвы да Шэнгенскага пагадненьня прывядзе да таго, што грамадзяне будуць мусіць плаціць 60 эўра за адну паездку за межы Беларусі, і вырашыць гэтае пытаньне, зрабіць выезд больш вольным цяперашнія ўлады ня здольныя – гэтая адказнасьць кладзецца на нас: на Мілінкевіча і яго каманду. І мы вядзем тут у Брусэлі перамовы пра рэчы, якія датычаць звычайных людзей. Кажам, што мы павінны імкнуцца да таго, каб маладыя людзі, навукоўцы – як мага большая колькасьць людзей – мелі магчымасьць свабоднага выезду. І гэта адзін з пунктаў праграмы Мілінкевіча".

(Карэспандэнтка: ) "Якімі будуць дзеяньні каманды Мілінкевіча пасьля 19 сакавіка? Аглядальнікі прагназуюць перамогу Лукашэнкі."

(Лябедзька: ) "Наўрад ці можна выкарыстоўваць слова "перамога" ў адносінах да таго, што будзе 19-га. Калі будуць выбары – перамога можа быць, але толькі не ў Аляксандра Лукашэнкі. Мы гаварылі ў Брусэлі пра тое, як могуць разгортвацца падзеі ў Беларусі: мы казалі, што ня ведаем, колькі людзей будзе на вуліцы – людзей, якія ўстануць з кален і скажуць: мы ня быдла, нам патрэбная новая, вольная Беларусь! Але мы сказалі, што абавязкова будзем там у першых шэрагах. Мілінкевіч, Лябедзька, Калякін – мы будзем там, мы ня будзем хавацца, мы верым, што калі 60 % людзей выступаюць за перамены – яны ня могуць прайграць. Так што перамога будзе не ў Лукашэнкі: ён можа толькі перапісаць лічбы, але ён ня можа выйграць свабодныя выбары ў Беларусі".
XS
SM
MD
LG