Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Кароль: "Дзяржаўныя мэдыі прапагандуюць адну асобу"


Радыё Свабода Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька мяркуе, што Цэнтаравыбаркам павінен забясьпечыць усім прэтэндэнтам у кандыдаты аднолькавыя з Аляксандрам Лукашэнкам магчымасьці для выступленьня на агульнанацыянальных тэлеканалах. Адпаведныя звароты ён накіраваў у пракуратуру і Цэнтральную камісію. Як агульнанацыянальныя мэдыі асьвятляюць перадвыбарчую кампанію?

Спадар Лябедзька зьвярнуўся да дзяржаўных структураў пасьля нядаўняга паўтарыгадзіннага інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі, якое перадалі тры беларускія тэлеканалы. Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту, ЦВК павінен адмовіць у рэгістрацыі спадара Лукашэнкі альбо забясьпечыць іншым прэтэндэнтам магчымасьць такога ж выступу на тэлебачаньні. У звароце да пракуратуры спадар Лябедзька прапануе прыцягнуць да адказнасьці Аляксандра Лукашэнку за распаўсюд ілжывых зьвестак адносна апазыцыі.

Нагадаем, раней ініцыятыўныя групы апазыцыйных прэтэндэнтаў зьвярнуліся таксама да кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня. Пасьля выступу ў адной з тэлепраграмаў кіраўніка ініцыятыўнай групы спадара Лукашэнкі Віктара Шэймана, яны патрабавалі тэлеэфіру і для іншых. Паводле кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Аляксандра Бухвостава, які таксама падпісаў гэты зварот, ніякага адказу з тэлебачаньня так і не паступіла.

(Бухвостаў: ) “Мы казалі пра тое, што выступ Шэймана па тэлебачаньні – гэта парушэньне заканадаўства. І калі далі выступ спадару Шэйману, то вы павінны даць выступіць сябрам іншых ініцыятыўных груп. Яны нам не далі адказу на наш зварот”.

Да прыкладу, газэта “Советская Белоруссия” надрукавала рэпартаж з грамадзкай прыёмнай перадвыбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі. Пакуль падобных рэпартажаў з іншых штабоў не было. Чаму ж астатнія прэтэндэнты ў кандыдаты ня маюць роўнага доступу да дзяржаўных мэдыяў? Галоўны рэдактар бюлетэня прэзыдэнцкай адміністрацыі Эдуард Скобелеў.

(Скобелеў: ) “Вы проста ня ведаеце працэдуру. Вы можаце Ярмошынай патэлефанаваць, запытацца, калі гэта будзе. Вось будзе этап, пройдуць яны цяпер праверку, установяць, што яны трапілі ў кандыдаты ў прэзыдэнты, выдадуць ім адпаведныя дакумэнты, - і будуць выступаць”.

Паводле сябра БСДП (Грамада) Аляксея Караля дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць перадвыбарчую кампанію ў той традыцыі, якая была напрацавана на папярэдніх этапах.

(Кароль: ) “Гэта толькі на прапаганду аднаго пункту погляду, адной устаноўкі і адной асобы. Адзінае адрозьненьне – гэта ўзмацненьне вось гэтага зьместу пры адначасовым камуфляжы, як бы ў цалкам прафэсійныя адзеньні. Каб гэта ўспрымалася, як больш-менш аб’ектыўная інфармацыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG